Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

Дзяўчына з ездавым уладкоўваюць мяне ў самым задку фурманкі. Затым яна спрытна і туга перавязвае бінтамі маю прастрэленую ступню. Але тут выяўляецца новая бяда — бот на перавязаную нагу ўжо не лезе, ды і боль такі, што няма сілы стрываць гэтае пакутнае абуванне. Марна папакутаваўшы з хвіліну, я кідаю бот у салому. На снезе ля дарогі застаецца скрываўленая ануча.

— Павязло, — кажа дзяўчына. — Яшчэ б міліметр і — косць напалам.

«Косць, косць! — мяне раздражняе гэтае яе непатрэбнае цяпер спачуванне і марудлівасць. — Сам ведаю — напалам… Косць — не жалеза…»

— Давай жа хутчэй! — ледзьве не енчу я. — I немца пасадзі!

— Няма куды! Хай бяжыць. Пратрасецца.

— Пратросся ўжо. Апошні. Другога ўхлопалі. I Кротава! — Раптам успамінаю я, і міжвольна роспач нахлынае ў сэрца. — Эх, Кротаў, Кротаў…

У каторы ўжо раз я не магу пагадзіцца, што так нечакана і недарэчна гіне чалавек. Проста гэтага немагчыма да канца зразумець. Толькі ж што быў з табой побач, сварыўся, еў, ішоў. I вось яго ўжо няма… I ніколі ўжо не будзе. Дзяўчына, месцячыся на сваім месцы побач з ездавым, здзіўлена азіраецца.

— Кротаў? А што — Кротаў?

— Забілі. Што?..

— Кротава? Камандзіра роты?

— Ну.

— А ты не брэшаш, младшой?

Яна ўпершыню насцярожваецца, здаецца, пранікшыся маёй бядой і маёй трывогай.

— Толькі мне і не хапала брахаць з вамі. Гані ў полк! Танкі вунь за кіламетр! — крычу я. — Ты разумееш ці не?

— А ты не крычы! Камандзір мне знайшоўся! — злуецца дзяўчына.

Я ўмольна гляджу на яе і думаю: «Ну, не буду, не буду крычаць. Толькі давай жа хутчэй! Родненькая, міленькая, ці як там цябе назваць». Дзяўчына моўчкі, з асцярогай пазірае ў начны стэп, нібы ўслухоўваючыся, пасля штурхае боязна прыціхлага ездавога:

— Ану, паганяй!

I ездавы добра гоніць пару рухавых конікаў, ад якіх курыць парам, і ўсё азіраецца па баках. Фурманка то дрыжыць, рыпіць і падскоквае на гузаках няўезджанай дарогі, то сціхае, шархотка загрузаючы коламі ў сыпкім снезе. Сядзець мне страшэнна нязручна, дранцвее нага. У ране пячэ і торгае. Але і пасунуцца нельга ні на сантыметр: я і так сяджу ледзьве не на самых нагах параненага, які енчыць, лаецца і з азвярэлаю ласкай просіць дзяўчыну:

— Кацярынка! Каця! Цішай! Шкурадзёр ты, а не сястра… Цішай! Ух!.. Ох, Кацюшанька!..

Каця схіляецца з перадка, адною рукой прытрымлівае яго галаву і просіць з той нязвыклай на фронце пяшчотай, якая заўжды прымушае азірнуцца:

— Міленькі, харошы мой! Ну, пацярпі! Зараз ужо. Зараз…

I тут жа, павярнуўшы твар да немца, які зморана хакае за фурманкай, крычыць:

— Хутчэй, немчура праклятая! Хутчэй!

Я маўчу, нічым не выказваючы сваіх адносін да гэтых яе выкрыкаў. I, мусіць, таму яна вытлумачвае:

— Была б мая ўласць, я б яго — бягом прагнала да Берліна і назад. На Калыму б яго, сабаку! За нашыя мукі! Хай бы памёрз, папакутаваў, колькі рускі народ пакутуе.

Потым з цвёрдасцю чалавека, які прывык, каб яго слухаліся, ціха кідае ездавому:

— Паганяй!

I тут жа нахіляецца да параненага.

— Пацярпі ўжо. Пацярпі, міленькі!

Я і сам ледзьве трываю, нага, мала што баліць, яшчэ і дужа мерзне пад палой шыняля. Толькі як-небудзь трэба датрываць да сяла. Там штабы, камандзіры, яны што-небудзь прыдумаюць.

8

Сяло паказваецца нечакана. На месячнай белізне пад гарою — доўгі раскіданы рад белых мазанак. Ля іх загарадкі з плятнёў, шэрае голле вішанніку на ўзмежках, сям-там мірны пробліск акенцаў, гуркатанне машын і галасы. У вёсцы свае. Праўда, мяне крыху здзіўляе такая мірная ідылія пад носам у немцаў. Але ж гэта тылы. Палкі, відаць, наступаюць няблага, наперадзе танкі, артылерыя: чаго тут баяцца?

Дарога коціцца ўніз, тарахціць, грукоча фурманка, у бога хрыста і маць лаецца небарака паранены. Нават другі, спакайнейшы, і той прыўзнімаецца на локці з-пад шыняля, і на яго белым, ненатуральна зашчаціненым твары адбіваецца грымаса пакут. Каця на перадку заікастым ад дрыготкі голасам супакойвае:

— Счас, счас, родненькія… Счас…

Мы спускаемся па адхоне і, крыху цішэй праехаўшы кароценькую, абсаджаную вербамі грэблю, зварочваем у вуліцу. Аднак па вуліцы не праедзеш: наперадзе, даўжэзным кузавам перагарадзіўшы дарогу, гурчыць здаравенны «студэбекер». Шафёр, прыадчыніўшы дзверцы, напалову высоўваецца з кабіны і памалу здае назад. Ля плота спіной да нас завіхаецца нехта ў паўшубку і асіплым, знерваваным голасам камандуе:

— Лева руля! Лева! Яшчэ лева! Давай, давай!..

«Студэбекер» сунецца ў занадта вузкія для яго вароты, цяжкімі скатамі ўмінае снег, і раптам абмазаны глінай пляцень з хрустам кладзецца долу. Чалавек у паўкажушку ўскідвае кулакі.

— Куды даеш?! Куды даеш, сабачы сын! Дзе ў цябе вочы? Дзе вочы ў цябе, пытаюся?

Ён ад злосці падскоквае да кабіны, здаецца, вось-вось накінецца на шафёра. Але не кідаецца, і шафёр, надзіва спакойна для такой сітуацыі, басам адказвае:

— У лбе вочы, таварыш капітан.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 9
  • 10
  • 11
  • 12
  • 13
  • 14
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: