Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Мама, ну хопіць!

— Ну, што ты? Людзі глядзяць. Канчай!

— Ай, няхай глядзяць! — закідае голаў жанчына. На яе счырванелым, залітым слязьмі твары — нестрываная роспач няшчасця. — Няхай глядзяць на маё горачка! Родненькі ты мой Колечка, навошта ж я цябе спазнала! — лямантуе яна ўжо зусім па-бабску і зноў прыпадае да грудзей збянтэжанага чалавека.

Незвычайнае і дзіўнае нейкае развітанне… Нібы ў сорак першым. Я недаўменна паціху сходжу па прыступках. У вестыбюлі з’яўляецца дзяжурны па вакзалу.

— Граждане пасажыры! Прашу разысціся! Прашу разысціся, не нарушаць правіл. Граждане пасажыры!..

Але пасажыры яго не слухаюць — усіх захапіў гэты балючы крык чалавечай душы. Толькі ніхто яшчэ нічога не ведае, і кожны імкнецца зазірнуць у сярэдзіну натоўпу.

Аднак праз хвіліну плач прыціхае, і жанчына з сівагаловым чалавекам кіруюцца да выхаду. За імі, несучы адзін чамадан, ідуць двое хлопцаў. Натоўп неахвотна расступаецца. Жанчына горнецца да чалавека і ўсё яшчэ хліпае.

З натоўпу вылазіць цётка з кошыкам, ставіць кошык на падлогу і пачынае перавязваць на галаве квяцістую хустку. Яе абступае вакзальны люд. Усім карціць дазнацца пра сэнс незвычайнай сустрэчы.

— Ай, бабачкі, гэтую ж кабеціну ейны муж адшукаў! З вайны пагублялі адно аднаго. Цяперака гэта ён прыехаў. Але ж з ім новая жонка. Вунь, у зялёнай кофце, — сцішыўшы голас, гаворыць яна, азіраючыся на выхад.

Яшчэ мала што разумеючы, усе ўраз паварочваюць твары на сярэдзіну. Сапраўды, прысланіўшыся плячом да мармуровай калоны, стаіць, сцяўшы бровы, жанчына. Ні на каго не зважаючы, яна, нібы ў трансе, глядзіць на падлогу. Пасля, нібы раптам штось зразумеўшы, павяртаецца і рашуча выходзіць у другія дзверы. На перон.

— Ой, бабачкі! Як жа гэта? — пытаецца нейкая кабета, мабыць, першая адчуўшы ўвесь драматызм гэтай недарэчнай сітуацыі.

Аднак усё зразумела. Я болей не хачу на гэта глядзець. Гэта дзіка і страшна. Гэта б’е ў самае сэрца. Ці не хопіць, праклятая вар’ятка вайна! Ці не мала табе таго, што ты нарабіла на зямлі дваццаць гадоў назад? Навошта ты яшчэ і цяпер джаліш людзей сваім зазубленым джалам?

Але я ведаю: яе шальмоўскім звычкам няма межаў. Пакутуюць маці, што пагублялі дзяцей. Гадамі баляць у калек адарваныя ногі. Тояцца ў зямлі, чакаюць сваіх ахвяр міны. Спознена адкрываюцца людзям нечуваныя злачынствы вылюдкаў. На рахунку гісторыі ўсё большае бязвінных неадпомшчаных ахвяр. Дзе віноўнікі?

Вядома, адны ў зямлі. Другіх судзілі і прах развеялі ветрам. Трэція мараць пачаць усё спачатку. Але ёсць і чацвёртыя, якія вельмі здзівяцца, калі іх абвінавацяць у некаторых, даўніх ужо, справах.

Трымаючыся за падрапаныя парэнчы, я паднімаюся на другі паверх. Здаецца, у дадатак да ўсяго, з кожным годам горшае сэрца. Задышка прымушае спыняцца і хапаць ротам паветра. Вось табе і малады чалавек! Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан!.. Дранае ашмоцце, а не здароўе!

Я раздражнёны і злы. Бываюць такія хвіліны. Ля буфета ў зале транзітных пасажыраў — чарга. Доўгі шэраг людзей уздоўж прылаўка аж да самых дзвярэй. Хацелася б выпіць кавы. I што-колечы з’есці. Толькі прыйдзецца доўга стаяць. Але куды мне спяшацца!

— Хто апошні?

— Я.

Кароткі, нібы бляск, позірк. Прыгожанькі юны тварык пад бронзавым стажком валасоў. Імгненна ўспыхвае і згасае цікаўнасць у шырокіх вачах. Вядома, чым тут цікавіцца? Худы, з залысінамі на лбе дзядзька. Да таго ж — кульгавы… Але, чорт вазьмі, я хацеў бы нечым ёй спадабацца. Ну, хоць трошачкі. Толькі навошта? Ды я і разумею, што гэта немагчыма. I дзіўлюся з свайго жадання.

Не, мусіць, трэба забыцца. Маё адышло. Адгрымела. Побач, выглядваючы кагосыді ў чарзе, ходзяць дваццацігадовыя хлопчыкі. Нічога не скажаш — ладныя, прыгожыя хлопчыкі. Спартыўная пастава. Свежыя каўнерыкі адпрасаваных белых кашуль. Якія дурні некалі наламалі столькі дроў з-за вузкіх штаноў! Гэта ж прыгожа. А для моладзі, мусіць, гэта галоўнае. Прынамсі, у дваццаць год. У нас, праўда, усё было інакш. Мы насілі няўклюдныя шаравары хабэ. I кірзачы. Яны не спрыялі каханню. Праўда, і не ў стане былі яго супыніць. Памятаю, калі мы з ёй дзе садзіліся побач, ногі ў нас былі аднолькавыя, не адрозніць. Хіба што яе боты — меншыя памерам. I такія ж аднолькавыя шынялькі. Жорсткія, цяжкія ў макрэдзь ды цяпло і сцюдзёныя ў сцюжу. I тварык яе быў зусім мала дагледжаны. Аднойчы мы ляжалі пад абстрэлам у разоры, і выбухам яе ўсю заляпіла гразёй. Трапіла ў твар і ў вочы. Яна абмывалася слязьмі і нічога не бачыла. I трэба было бегчы. Тады я ўхапіў яе за руку. Байцы ў ланцугу дзівіліся: чаго яны бягуць, пабраўшыся за рукі? Нібы на гулянцы.

Тая пагулянка пад міннымі выбухамі зрабіла сваю справу. Да і без таго немалых турбот прыбавілася новая. Я пільнаваў яе, дзе толькі мог. Пры кожным выпадку мерыўся збегаць у батальённы тыл. Меў некалькі непрыемнасцей з ротным. Я збіраўся ёй нешта сказаць. Самае важнае і самае першае маё слова. Толькі я прыпазніўся. Кастлявая мяне апярэдзіла. У вялікім прыдняпроўскім сяле над Паплавамі застаўся жвіровы курганок, які адабраў яе ў жывых. Усё астатняе, што здаралася ў мяне потым, было не тое і не такое. Ды і сам я стаў не такі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: