Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Лёнька! Ты жывы, Лёнька!

— Ды вось жыву. А ты? — недарэчна пытаюся я.

Э, вядома, браце, колькі мы перажылі паасобку, адзін без аднаго, — перажылі, наадчуваліся, перапакутавалі. Былі мы зялёныя, толькі і дбалі, што пра свой знешні выгляд ды свежаспечаны воінскі гонар. 3 адной зорачкай на плячах. А цяпер?

Ледзьве ўтаймоўваючы хваляванне, я гляджу ў заценены прыцемкам такі знаёмы, дужа далікатны, як у дзяўчыны, твар сябра. I я прыкмячаю на ім штось новае, невядомае мне, мусіць, нейкія сляды нялёгкага, пакутна-сталага ўжо, што прыйшло да яго за час пасля нашай ростані. У астатнім жа гэты твар ранейшы — тонкія юначыя рысы, далікатная круглявасць падбародка, якога яшчэ не краналася брытва. Зрэшты, цяпер ён ззяе радасцю нечаканай сустрэчы. Юрка азірае мяне і смяецца.

— Ой, які ты абвязаны, не пазнаць!

— Ерунда! Бінтоў накруцілі. А ў цябе што — рука? — пытаюся я ў сябра.

— Ды, разумееш, падляцеў ненарокам.

— Лёгка?

— Драпіна. Вось толькі страляць замінае. А так… Ну, але ведаеш, мы адыграліся! — Юрка раптам радасна ажыўляецца, вочы яго блішчаць. — Ось ужо адыграліся, каб ты толькі ведаў! Зрабілі пабоішча не горш за Лядовае…

— Ты сядай! Во, на салому.

Юрка адразу апускаецца пад сцяну са мной побач. Хлопцы адусюль пазіраюць на яго — такога заснежанага, гаманліва-ажыўленага. А ён, здаецца, безуважны да ўсяго тут, поўніцца чымсьці сваім — вялікім і радасным.

— Ты разумееш! Ты разумееш — я ж толькі са стэпу! Во гадзіну назад! От жа мы іх ушчушылі! Ды так спрытна, без стрэлу, без гуку падпусцілі на пяцьдзесят метраў… Камбат у гэты раз ну проста маладчага!..

— Пастой, пастой!.. Ты дзе? Я нават не ведаю, у якой ты дывізіі служыш. У Церахава, ага?

— У якога табе Церахава! — гатовы раззлавацца Юрка за такое маё меркаванне. — У палкоўніка Калюжнага. Гвардыя!

— Так, так…

— Ты разумееш! За дзесяць хвілін мы зрабілі з іх мясакамбінат. Ураз як ударылі з усяе зброі!.. Дзевяць станочкаў, дзве саракапяткі. Ты б паглядзеў, што там рабілася!..

Я і так рады, што там здарылася. Яшчэ не ведаючы, што і як, але гатовы зайздросціць Юркавай ратнай удачы. Ды я ўжо і зайздрошчу. Што і казаць, пяхоце не часта выпадаюць на фронце хвіліны, накшталт толькі што перажытых Юркам, калі грудзі распіраюцца ад хмельнага шчасця ўдачы. Нам болей прывычны шэрыя будні вайны — сцюжа, мокрыя ногі, крывавыя бінты на нямытым целе, знішчальны нямецкі агонь і, як узнагарода, — кароткі трывожны сон дзе-небудзь на засланай саломай падлозе. У яго ж здарылася нешта зусім іншае, нешта агромніста-ўдалае, і я рады. Я слухаю і на ўсе вочы пільна гляджу на нядаўняга свайго сябрука-курсанта. Шынялёк на Юрку салдацкі, алс акуратна прыгнаны па росту (на гэта ён быў мастак і ў вучылішчы, бо трошкі фарсун і акураціст). На каўняры роўненька прышытыя пятліцы, наўкось цераз грудзі — партупея, вядома не ў ОВС [3] атрыманая, а, пэўна ж, сумленна здабытая на полі бою. Юрка, я вельмі, вельмі рады, што ты жывы, што ты ўрэшце сустрэўся мне, ды яшчэ такі ўзнёсла ўзрадаваны!

3

Абозна-рэчывае забеспячэнне.

— Панімаеш, цэлую калону, чалавек трыста з артылерыяй! Ты разумееш ці не? — тармосіць ён мяне за рукаў.

— Разумею, разумею, Юрка. Але давай спярша падмацуемся. Эй, ты! — крычу я на немца. — Ану, падай кацялочак! На двох!

Немец ахвотна падае нам плоскі кацялок, поўны бульбяное таптухі. Пасля на пагнутае вечка Каця кладзе кавалачак трусяціны.

— Вот вам і ножка, таварышы камандзіры, — кажа санітар, перадаючы вечка цераз галовы іншых.

Юрка чуйнымі ноздрамі прагна нюхае паветра і дзівіцца:

— Што? Мяса? Ось гэта да! Ну, раз так, то… Трымай!

Ён рашуча адшпільвае ад рамяня нямецкую фляжку і працягвае яе санітару. Той, не разумеючы, круціць яе ў руках. Але тут над яго плячом мільгае ўхопістая рука сяржанта, і фляжка апынаецца на ложку.

— Ану, ану…

У хаце лёгкая збянтэжанасць, усе паварочваюцца да парога. Сяржант жа, надаўшы страшэнна глыбакадумны выраз свайму хітраму твару, даследуе фляжку. Для гэтага ён спярша боўтае яе і прыслухоўваецца.

— Шнапс?

— Нешта ў гэтым родзе! — жыва адказвае Юрка. — Трафеі нашых войск.

Сяржант важна адкручвае пробку, грымаснічаючы, нюхае рыльца і выразна хакае ад асалоды. Нехта з кута крычыць:

— Хопіць камедыяннічаць! Разлівай!

Сяржант акругляе вочы.

— А калі атручана? Трэба пробу.

– Ідзі ты! Якая яшчэ проба!

Ну, вядома ж, пробу ён бярэ сам. Задзірае галаву і гучна глытае, зрэшты, па-боску — адзін толькі раз. Усе, не адрываючыся, сочаць за яго тварам, а сяржант на хвіліну знерухомлівае, як дэгустатар, вызначаючы смак гарэлкі. Пасля рашуча аб’яўляе:

— Люкс! Ану, давай тару! Младшой, ад імя службы табе благадарнасць!

— Служу савецкаму народу, старшыне і памкамузводу! — смяецца Юрка і зараз жа да мяне: — Ты разумееш, я сам спаражніў шэсць стужак. Шэсць стужак — ты разумееш! «Максім», як самавар, распаліўся. Пятнаццаць хвілін, і на снезе тры сотні трупаў!..

Нечаканае трывожнае меркаванне прымушае мяне схамянуцца.

— Стой! Гэта дзе? Ці не каля Аляксееўкі?

— Ага. Непадалёк. Відаць, прарываліся на захад, да сваіх.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: