Вход/Регистрация
Мёртвым не баліць
вернуться

Быкаў Васіль

Шрифт:

— Юрка! Юрачка, куды цябе?.. Што табе?.. — недарэчна лямантую я, абмацваючы ягонае цела, і толькі цяпер адчуваю на руках кроў. Так, кроў на шынялі і на снезе пад ім.

— Жвік-жвік-жвік! — праносіцца блізкая чарга. I зараз жа:

— Тр-р-рах!

Нас зноў накрывае выбухам. Ля локця, зашыпеўшы, дзёўбаецца ў снег гарачы асколак. Рудое воблака сцелецца па гародзе. Гэта ўдарылі ў мазанку, ад якой я адбегся сюды. У свядомасці мільгае водбліск кароценькай радасці — абмінула! Але толькі мяне, а не яго. Яго не абмінула, і ў гэтым маё няшчасце і, здаецца, мая пагібель. Я адчуваю, што немцы набліжаюцца. Бой з ускраіны падступае сюды. Яны зашчамілі нас у вогненныя абцугі, якія сціскаюць усё цясней. Наўкола ўжо нікога не відно, і я не ведаю, як ратаваць Юрку. Але вунь на ранейшым месцы хаціна, з якой мы гэтак нядаўна выскачылі. Ой, не ў час выскачылі, спазнела шкадую я.

Я закідваю за спіну свой карабін, хапаю Юрку пад пахі і амаль тут жа падаю з ім разам у снег. Несці яго я не здолею. Тады я чапляюся за яго партупею і, нізка схіліўшыся, волакам цягну яго да паваленага плятня, назад у хату.

— Жвік-жвік-жвік-жвік! Фіць-фіць!

Гэта чэргі. Яны скрозь шкуматаюць саламяныя стрэхі, дзіравяць гліняныя сцены мазанак. У паўзах між громам выбухаў я лаўлю слыхам блізкае лязганне гусеніц — танкі ўжо на вуліцы.

Задыхаючыся, увесь у сцюдзёным поце, я падвалакваю цежаленнае Юркава цела да парога хаціны. Там моўчкі курчацца на падлозе некалькі параненых. З кутка на мяне няўцямна азіраецца Каця.

— Э, памажыце! — крычу я, бо ўжо не ў стане перацягнуць Юрку цераз парог. Да таго ж я вельмі баюся, што ўжо будзе позна. Я злы і чакаю, што яны кінуцца да мяне. Але кідацца тут няма каму — людзей стала зусім небагата. Так, параненыя, відаць, не чакаючы горшага, паразбрыліся, хто куды мог. Я бачу толькі Кацю, якая завіхаецца ля абгарэлага лётчыка, і некалькі цел у парозе. Ды во яшчэ немец! Сапраўды, нейкі дзівак фрыц, ён не ўцёк і, убачыўшы Юрку, жахаецца:

— О, майн гот! Юнгофіцір!

— Майн гот табе! — ад злосці крычу я і клічу Кацю: — Сястра! Хутчэй! Хутчэй!

Толькі Кацю, здаецца, падганяць не трэба. Яна ўжо тут і хуценька расшпільвае на Юрку партупею і рэмень. Я задыхаюся ад знямогі і падаю на дол.

— Танкі… Танкі ўжо там!..

Каця кідае на мяне жорсткі, бязлітасны позірк.

— Дзе сяржант? Дзе той свалата? Ты не бачыў? — Я адмоўна кручу галавой. Каця выпальвае з лютасцю: — Уцёк, зараза! Балбатун, трапло праклятае! Страляць такіх гадаў! Падлюга! Цяпер прападаць!

Да гэтага недалёка. Сапраўды, справы нашы кепскія. Страляць няма каму і няма чым, ды і наўрад ці паможаш гэтым бядзе. I ўсё ж дарма я аддаў таму аўтамат. Чым цяпер будзем адбівацца? Хіба што адным карабінам. Ну і ну!

Некалькі куль з вуліцы б’юць па сценах. Адна праз акно адбівае кавалак ад печы. Нас абсыпае глінай. Каця схіляецца над Юркам, пакрыквае на немца — цяпер той памагае. Я хапаю Юрку за галаву — на скронях у яго моцна торгаюцца жылы — яшчэ жывы.

— I на халеру я звязалася з вамі! Ужо ў Аджамцы была б! — незадаволена бурчыць Каця.

— Хутчэй! Хутчэй, Каця! Ён жа задыхаецца… — раздражнёна прашу я.

— Чакай ты!.. Ось яно што! — кажа Каця. Яна поркаецца пад загорнутай Юркавай вопраткай. Там усё акрываўлена.

Я ўжо нямала бачыў акрываўленых — жывых і мёртвых, а тут не магу глядзець: гэта ж Юрка…

— Та-а-ак… — засяроджана кажа Каця і, таропка захінуўшы сарочку, абматвае бінтом паверх гімнасцёркі.

— Ён выжыве, га? Выжыве, Каця? — пытаюся я.

— А я што — Бог? — з незразумелаю злосцю крычыць у адказ Каця. — Я не Бог табе!

Пасля яна запіхвае ў сумку бінты і кідаецца да акна.

— Дзе падводы? Дзе падводы? Дзе тая свалата балбатлівая?

Але ні сяржанта, ні падвод няма. Наогул, нідзе амаль ужо нікога няма. У гэтым канцы сяла мы засталіся адны.

Хату скаланае выбух. У акно патыхае пылам і трацілавым смуродам. Каця падае, мы ўсе прынікаем долу. А калі ўзнімаем галовы, бачым у дзвярах вялізную постаць у незашпіленай цёмна-шэрай куртцы з пухнатым каўняром, накінутай проста на белую споднюю сарочку. У яе разрэзе відаць валасатыя грудзі.

— Бінта трэба! У каго ёсць бінт?

Чалавек адной рукой заціскае рану на шыі, з якой між пальцаў у рукаў, на куртку струменямі ліецца кроў. У другой руцэ ў яго ППС. I тут я здзіўляюся — гэта ж мой ППС! Вунь і знаёмая почапка з меднай драцінкай замест трэнчыка.

Але перш чым я спраўляюся што-небудзь сказаць, да чалавека падскоквае Каця.

— Дзе ўзяў? Дзе ўзяў гэта? — яна рэзка тузае яго за палу курткі.

На твары дзяўчыны лютасць. Чалавек спярша не разумее, лыпае вачыма то на Кацю, то на сваю куртку. I тады я раптам здагадваюся, што і аўтамат, і куртка былі ў нашага сяржанта, якога мы чакаем цяпер.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 31
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: