Быкаў Васіль
Шрифт:
— Стой! Хусаінаў, стой!
Старшына кідаецца наўздагон. Падвода, завярнуўшыся ледзьве не ўпоперак вуліцы, спыняецца. Да яе ўжо бягуць Каця з немцам — ім бліжэй. Я з усіх сіл валаку пад пахі Юрку. Ён усё ў непрытомнасці і страшэнна цяжкі. Ногі мае вязнуць у мяккім, як пясок, перацёртым коламі снезе — хоць бы паспець! Ззаду нас закрывае паваротак, дзе мы ўначы наскочылі на прыдзірлівага капітана. З таго канца вуліцы яшчэ не відно. Танкі яшчэ нас не бачаць.
— Тр-р-рах! Тр-рах! Ціў-у… Бах!
Гэта ўсё яшчэ там, за павароткам, адкуль, на нашае шчасце, выскачыла гэтая фурманка. Але што гэта — здаецца, мы ўсе ў яе не ўлезем: столькі грузу! Добра, што хоць там нейкі старшыновы знаёмы. Можа, паложым Юрку… Старшына падбягае да фурманкі і хапаецца за вяроўку, якой звязаны груз.
— Скідай шмуццё! Згружай усё! Хутка!.. — задыхана крычыць ён таму, на самым версе воза.
Але той, відаць, не спяшаецца разгружацца. ён яшчэ ніжэй угінаецца на сваім грузе і штурхае ездавога:
— Пашол! Нелзя скідай! Не разрешал!
— Ты што, ачмурэў? Параненыя! — крычыць старшына і зрывае з воза вяроўку.
Два цюкі цяжка звальваюцца на дарогу, некалькі іх кідае ўбок старшына. Баец на возе ўскоквае на шырока расстаўленыя ногі.
— Нелзя! Я отвечал! Я распіска давал! Ён зверху нагой штурхае ў плячо старшыну. Той, аднак, хапае яго за валёнак і з сілай тузае ўніз.
— Дурань! Прэч адсюль!
Хусаінаў, нязграбна выгнуўшыся, падае з воза задам у снег. Старшына ў адно імгненне ўскоквае на падводу і пачынае шалёна скідваць усё на дол.
— К чортавай матары! Людзі гінуць! — крычыць ён на возе і паварочваецца да ездавога, які спалохана трымае коней. — Ану, скідай хутчэй!
Я з усяе сілы валаку Юрку і прагна спадзяюся на ўдачу: авось паспеем? Паспеем! Ля падводы ўжо Каця з немцам, яны падвалакваюць туды лётчыка і, пасадзіўшы яго на снег, таксама пачынаюць скідаць з фурманкі цяжкія цюкі. Цяпер мне відаць, гэта — ватоўкі, пэўна, з нейкага склада ОВС. Хусаінаў тым часам пругка ўскоквае з долу. Нешта дзіка закрычаўшы, хапаецца за карабін, які тырчыць у яго за спіной. Ён здзірае яго цераз голаў і адскоквае на крок. У той жа момант гахае стрэл. Схапіўшыся за руку ніжэй локця, старшына на возе няўцямна выпростваецца. З пальцаў на цюкі капае кроў.
— Ах ты, гад! — пасля секунднае збянтэжанасці вызвяраецца ён на Хусаінава. — Ты так? Так, свалата?!
— Стойце! Пастойце! Што вы робіце! — крычу я.
Да Хусаінава прама на яго вінтоўку кідаецца Каця. Але ён ухіляецца.
— Стралал вас буду! Убівал буду. Я распіска давал. Прыказ бірал! — У раз’юшаным гневе крычыць Хусаінаў, зноў лязгаючы затворам.
Старшына, аднак, хутчэй за яго тузае рукаятку аўтамата і проста з грудзей б’е кароценькаю, у тры кулі, чаргой. Паўз галовы. Хусаінаў спалохана ўзмахвае рукой, нібы спрабуючы засланіцца.
— Дурань! Ідыёт! Гад! — крычыць на возе старшына.
Я апускаю Юрку на снег — бог ты мой, што гэта робіцца! Што творыцца! Навошта так? Але маё недаўменне тут жа знікае, зусім блізка рвецца снарад. — Тр-рах! — Пыльныя кавалкі гліны градам абсыпаюць усю дарогу. Ззаду адным канцом асядае ў снег мазанка, што стаяла на паваротку. Але гэта не міна — гэта ўжо танкі. Відаць, падыходзяць. Хутка ўлупяць і нам.
Выбух нас ацвярожвае. Я падхопліваю Юрку. Ад воза да мяне кідаюцца Каця з немцам — дзякуй ім абодвум. На твары ў Каці адчай і рашучасць. Валасы выбіліся з-пад шапкі, паўшубак расшпілены. Немец рухава-напружаны і маўклівы, ён, здаецца, увесь у слыху. Быццам ягоная ўвага не тут, а недзе далёка, можа, там, дзе бой. Прыслухоўваецца да сваіх, Ці што? Толькі цяпер чорт з ім, цяпер бы хутчэй!
— Хутчэй! — крычыць з падводы старшына.
У ёй амаль ужо пуста, у дне корчыцца лётчык. Мы ўскладваем туды Юрку, следам увальваюся я. Каця скача ўжо на хаду. Ездавы бязлітасна лупіць коней. Фурманка ўздрыгвае, я ледзьве ўтрымліваюся ззаду, азіраюся — з-за паваротка пакуль нікога.
Няўжо вырвемся?
I раптам наперадзе трэск, агонь і грымоцце. Хмара зямлі са снегам ускідваецца да неба, і мы з лёту ўскокваем у гэта змрочнае пекла дыму, зямлі і снегу. Коні кідаюцца ўбок, фурманка жахліва хіліцца. Каб не вылецець, я аберуч чапляюся за яе борт. Побач роспачна лаецца Каця:
— Вярні! Вярні ўбок!.. Разявон!..
Ездавы, ледзьве не ўскочыўшы з коньмі ў глыбачэзную варонку, як-колечы мінае яе. Здаецца, пранесла! Мы вырываемся з выбуху, фурманка выроўніваецца, коні кідаюцца галопам. Але тут жа пад коламі трэск — нешта ламаецца. Гэта мы наскокваем на разбітую выбухам пустую павозку. У аглоблях распластаўся на снезе конь. Пад брухам ручаіна крыві. Непадалёк пад плятнём нерухомая салдацкая постаць у скамечаным задраным шынялі.
Я хапаюся за Юрку, аглядваю нашых. Здаецца, абышлося — усе цэлыя. Толькі старшына чамусьці не ў возе, а бяжыць за фурманкаю. Разам з немцам яны хапаюцца за перакладзіну ззаду і разгоніста сігаюць за возам. З старшыновых пальцаў на палу майго шыняля цячэ кроў.