Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Дзеда Талаша і сапраўды не было тут.

Дзед Талаш трымае ў памяці свае словы. Сёння вечарам сходзіць тэрмін — ён павінен быць каля Доўгага Броду, як было дамоўлена з Мартынам Рылем. Цгліер дзед Талаш — вольны казак. Ён пазбыў свой цяжкі клопат, і яго бацькава гора абярнулася ў радасць: ён знайшоў свайго сына і даручыў яго надзейным людзям.

З ведама Букрэя ладзіцца дзед Талаш у свой паход к Доўгаму Броду. Людзі яму непатрэбны сёння, і ён мяркуе пайсці туды адзін, каб не турбаваць людзей. Але з ім самі выклікаюцца Купрыянчык і Аскерыч, яго верныя ваякі. Тлумачаць гэта тым, што аднаму чалавеку не выпадае цягацца ўночы. Апроч таго, ім хочацца пабачыць Мартына Рыля і яго карабін, хоць пра гэта яны не гавораць.

Ужо ноч густа спусціла свае шаты на лясы і балоты зацятага ў сваёй знямеласці Палесся, калі дзед Талаш і яго спадарожнікі прыйшлі к Доўгаму Броду. У дзеда Талаша была раней думка захапіць з сабою воўчую скуру: дужа было б цікава падаць умоўлены знак іменна ў воўчай скуры. Дзед Талаш любіў эфектныя сцэны. Але на воўчай скуры ляжаў у насілках Панас, і дзед не хацеў трывожыць сына дзеля эфектнасці моманту, тым болей што Мартын Рыль мог і не быць.

— Ну, стойце ж, мае сокалы, тут, а я адыдуся ды клікну маіх ваўкоў, — сказаў дзед Талаш і пайшоў далей.

Адышоўся дзед крокаў на пяцьдзесят, спыніўся, ссунуў з ілба шапку, паставіў кулак на кулак, зрабіўшы з іх трубу, кашлянуў, прыгнуўся і завыў у кулакі, завыў наўперад ціха, тоўста, а потым выццё яго мацнела і павышалася ў сваім тоне, а разам з гэтым паволі разгінаўся дзед Талаш, падымаў кулакі і галаву ўсё вышэй і вышэй і, нарэшце, усю гэту музыку скончыў страшным жудасным завываннем.

Трудна было паверыць, што гэта быў дзед Талаш, а не воўк.

— Ну і аматар, — дзівіўся Купрыянчык.

— Тфу, проста вусцішна! — азваўся Аскерыч.

Трошачкі счакаўшы, выццё, яшчэ болей жудаснае, паўтарылася зноў, а хвіліны праз дзве завыў дзед і ў трэці раз, ды так ужо завыў, што Купрыянчык з Аскерычам толькі ахнулі.

Як толькі скончыў дзед Талаш свой трэці воўчы вой, раптам непадалёку збоку грымнуў дружны магутны залп, перапалохаўшы сваёю неспадзяванасцю дзеда Талаша і яго ваяк: Мартын Рыль таксама любіў эфектныя сцэны. А праз хвіліну з мроку выплыла яго высокая постаць, а за ім цэлая чарада абаружаных людзей.

XVIII

Партызаны-разведчыкі сабралі дужа шмат важных вестак аб размяшчэнні часцей польскага войска, аб яго канцэнтрацыі. Усе гэтыя весткі Букрэй акуратна запісваў. На падставе іх можна лёгка разгадаць, на якія пункты накіроўвае польскі штаб свой галоўны ваенны ўдар.

Букрэеўская разведка таксама ўстанавіла, які настрой пануе сярод сялян акупаваных палякамі вёсак. Яркі малюнак гаспадарання польскай ваеншчыны падаў Мартын Рыль і яго дружына — шэсць чалавек, якія ахвотна паўсталі на абарону інтарэсаў беднаты. Ён расказаў аб наездзе палякаў на Вепры, дзе ён сам быў сведкаю, як на яго вачах забілі Кандрата Буса, за якога ён папомсціўся, забіўшы аднаго польскага салдата і раніўшы другога. Ён расказаў аб спаленых будынках сялянскай беднаты, аб здзеках, што чынілі польскія капралы над старымі людзьмі, над жанчынамі і дзецьмі, чые бацькі выступалі супраць паноў. Беднаце няма куды дзецца. Яна змушана бегчы ў лес. Што ёй астаецца рабіць? Скарыцца перад панскаю ўладаю і налажыць зноў ярмо на свой карак? Не, лепей са зброяй у руках ваяваць за сваё права быць вольнымі, біцца за інтарэсы гарапашнікаў. Лепей загінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю.

— Добра гаворыш, голубе! Праўду гаворыш! — падтрымаў свайго паплечніка дзед Талаш, — не будзем пакарацца панам. Не туды ідуць нашы дарогі, не ў тыя лясы глядзяць нашы вочы. Давайце, сябры, крэпка трымацца адзін за аднаго. Няхай кожны з нас збярэ каля сябе дружыну адважных людзей. Нечакана, раптоўна будзем біць гвалтаўнікоў. Порахам, кулямі будзем частаваць няпрошаных гасцей.

Пасля дзеда Талаша выступаў чалавек з сякераю за поясам, немалады, сутулаваты, з даўно не брытым тварам. Цёмна-сінія вочы яго глыбока запалі ў лоб. На тонкіх сціснутых губах прабягала часамі горкая ўсмешка. Чалавек гэты зазнаў у жыцці многа крыўды і гора. Гэта Цімох Будзік з вёскі Карначы. Яшчэ пры цару яго засудзілі на два гады арыштанцкіх рот за падпал панскай стадолы. А з панам у яго выходзілі нелады на грунце сервітутных спраў. За розныя дробныя праступкі ў парушэнні маёмасных адносін яго судзілі і штрафавалі. Цімох не мог знайсці нічога лепшага, як падпаліць панскую стадолу. Адбываючы арыштанцкія роты, ён каяўся, чаму падпаліў стадолу, а не панскі дом або клуню. Цяпер усе яго грахі прыпомніліся яму, і яго зноў сталі цягаць і калаціць. Цімох і цяпер прытрымліваецца старых спосабаў помсты і змагання, ёіг жыве думкамі аб падпале панскіх маёнткаў, і ён носіць у сваёй галаве шырокія планы падпалаў. Сустрэўшыся ў лесе з партызанамі дзеда Талаша, ён заявіў аб сваім жаданні далучыцца да партызанскага руху і шырока разгарнуць работу па часці падпалаў.

— Казалі — бальшавікі робяць непадобныя справы, забіраюць набытак, дабро, — так пачаў Цімох Будзік. — Мы ведаем, як бралі і як бяруць бальшавікі. Яны бралі панскае дабро, дабро заможнікаў. Ды ці гэта іхнімі рукамі прыдбана яно? Мы здабывалі яго сваімі гарбамі. I бальшавікі аддавалі яго таму, хто век працаваў ды не меў нічога. А цяпер што робіцца? Вярнуліся паны са сваёю чэляддзю, пачалі заводзіць свае парадкі, ды яшчэ горш за царскія. Войтаў, солтысаў пазаводзілі. А там, дзе раней быў адзін ураднік, цяпер дзесяць жандараў паставілі на нашу галаву. Навалілася на мужыцкія гарапашніцкія плечы ненаедная саранча, выбіваюць духі, апошні скарб вытрасаюць. Вы паглядзіце, грамада, што робіцца па вёсках. Узброеныя польскія шайкі наязджаюць з кулямётамі, выбіваюць мужыцкі скарб і ўсякую жыўнасць. Мы тут гаворым, а па дарогах з вёсак снег пад палазамі рыпіць, стогне і плача сялянскім плачам. Сваё ж дабро самі сяляне вязуць, паганяюць коні, а саміх іх падганяе панскі бізун. Хіба ж можна далей цярпець? Няма ў іх літасці да нашага брата. Дык няхай жа, браткі, і ў нас не будзе літасці да іх. Біць, знішчаць, паліць іх трэба пякучым агнём пажараў!

Будзік дужа маляўніча распісваў учынкі палякаў у часе іх наездаў на вёскі, што вельмі часта практыкаваліся імі для пабораў, выбівання гвалтам рознай даніны з сялян. Ён яшчэ болей разагрэў дух помсты і змагання супраць палякаў і польскай улады. Вось чаму і чырвонаармейцы, і партызаны дружна прынялі Букрэеў загад зрабіць напад на палякаў, што, як сведчылі сабраныя весткі, завітаюць у вёску Ганусы для чарговага збору сялянскага скарбу.

Букрэй, начальнікі аддзяленняў, дзед Талаш, Мартын Рыль, Купрыянчык і Будзік устроілі цэлую нараду, каб падрабязна абмеркаваць план нападу. Прыняўшы пад увагу невялікую колькасць людзей і факт знаходжання на тэрыторыі, занятай палякамі, на нарадзе пастанавілі не ўвязвацца ў адкрыты бой, а зрабіць напад нечакана ў дарозе, калі палякі ўжо будуць варочацца з награбленым дабром.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: