Шрифт:
— Таварышы! Рыхтавацца ў паход, — перадавалі адзін аднаму чырвонаармейцы і партызаны.
Раненька, надосвіці, выслалі разведку ў вёску Ганусы. Да Ганусаў ад Глухога вострава было кіламетраў пяць на ўсход — у бок пазіцыі Чырвонай Арміі. Дзед Талаш меў падставу не браць удзелу ў гэтым паходзе: пад яго апекаю быў Панас. Але ён даручыў Панаса Нупрэю і Кандрату Кругламу з Высокай Рудні. Панас адчуваў сябе добра і казаў, што ён ужо можа хадзіць, і яму дужа хацелася астацца пры войску.
— Адпачынь, брат: няхай загоіцца нага, а паваяваць ты яшчэ паспееш, — сказаў Букрэй.
Нупрэй і Круглы з Панасам накіраваліся на Высокую Рудню. У Гударовым лагу яны павінны былі чакаць букрэеўцаў і дзеда Талаша. Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным.
Паход на вёску Ганусы ставіў пытанне аб назначэнні асобнага начальніка для партызан: іх было ўжо каля двух дзесяткаў. Фактычна дзед Талаш лічыўся іх правадыром, толькі юрыдычна не было гэта аформлена. У сувязі з гэтым стаяла і другое пытанне: як назваць начальніка партызан?
— Ну, хлопцы, вам трэба абраць атамана! — зварачаючыся так да партызан, Букрэй прадрашыў пытанне аб назве начальніка.
— Атамана, атамана абраць! — падхапілі партызаны.
— З свайго боку, таварышы, я параіў бы вам абраць нашага бацьку, дзеда Талаша, ён чалавек змыслы, хітры, асцярожны, але рашучы і смелы і чалавек паважаны. Я прыглядаўся да яго і кажу: начальнік ён будзе кругом на сто дваццаць.
— Абярыце каго маладзейшага і болей спрактыкаваяага ў ваеннай справе, — заявіў дзед Талаш.
— Дзед Талаш!
— Дзеда Талаша! — дружна як адзін падалі голас партызаны.
— Няхай дзед Талаш будзе атаман наш! — сказаў хтось нават у рыфму.
Дзед Талаш расчуліўся. Зняў шапку. Жаўтавата-белая лысіна яго бліснула, як сонца. Куртаты, шыракаваты на канцы і трохі задзёрысты нос яго падняўся ўгору і апусціўся ўніз.
— Дзякую вам, голубы мае. Яшчэ раз скажу: абярыце каго-небудзь болей вартага, чым я.
— Талаш, Талаш атаман! — яшчэ грамчэй крыкнулі партызаны.
Дзед яшчэ раз зняў шапку. Другі раз пакланіўся.
— Я буду, таварышы, старацца за вас, за кожную кроплю вашай крыві буду дрыжаць. Будзем стаяць адзін за аднаго. Справа ж наша — біць гвалтаўнікоў. Ніякай літасці да паноў. Але ж паслушэнства павінна стаць нашым законам. Я буду слухаць ваш голас, а вы павінны слухаць мяне, бо іначай не будзе ладу.
— Праўда, — пацвердзілі партызаны.
— Дысцыпліна — першая справа, — заўважыў Букрэй.
— А сваім памочнікам дазвольце абраць мне Мартына Рыля, — звярнуўся дзед да партызан.
— Дазваляем.
Вось як дзед Талаш стаўся партызанскім атаманам.
Раніцаю, як толькі-толькі пачынала займацца на свет, усё войска рушыла ў паход. Сувязь паміж разведчыкамі ігалоўнаю калонаю падтрымлівалі партызаны. Першае данясенне разведкі прыйшло гадзіны праз дзве. Разведка данесла: у вёску Ганусы прыехала дваццаць чатыры коннікі і дзве фурманкі з кулямётамі. У букрэеўцаў кулямётаў не было. Чырвонаармейцы былі пры вінтоўках і з ручнымі гранатамі.
Ціха, бясшумна прасоўваўся Букрэй і партызаны, трымаючы кірунак на дарогу ў Ганусы. Настрой быў узняты, асабліва сярод партызан, якім упершыню прыходзілася стыкнуцца з польскім войскам са зброяй у руках.
Шльнасць чырвонаармейцаў і партызан стала яшчэ болыпаю, калі падышлі яны да краю лесу, дзе пачыналася ўжо ганусанскае поле, і сама вёска вырысоўвалася шэрымі плямамі сваіх уросшых у зямлю будынкаў на белым снежным фоне. За вёскаю выступаў хмыз журботнымі постацямі аголеных кустоў, а за хмызам сінела сцяна высокага лесу.
Букрэй аддаў загад расставіць ланцуг дазораў для нагляду за вёскаю. Палякі, як данеслі разведчыкі, таксама паставілі варту на ўсход ад вёскі: адтуль спадзяваліся яны небяспекі — у тым баку былі пазіцыі Чырвонай Арміі. Яны ніяк не чакалі, што гэта небяспека іх можа налучыць з тылу, з заходняй часткі вёскі, дзе і спыніліся чырвонаармейцы і нартызаны.
Букрэй, дзед Талаш і Мартын Рыль уважна агледзелі мясцовасць і выбралі пазіцыю. Пазіцыя знаходзілася на ўскрайку лесу, там, дзе дарога сціснута з двух бакоў цёмнаю кучмаю хвой і ялін. На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку. Каб яшчэ болын сцясніць пазіцыю і не даць палякам разгарнуцца для бою, Букрэй загадаў заваліць дарогу за грэбляю, каб конніца не магла праскочыць. Чырвонаармейцы і партызаны так замаскаваліся, што іх нельга было згледзець з дарогі, як ні ўглядайся па баках.