Шрифт:
XXXV
Аднавілася, ажыла зямля.
Многагалосы, разнастайны паток жыцця залівае кожны шматок яе, поўніць лясы, поле, балоты і несціханым звонам калыша чуллівае празрыстае паветра. Адзеліся дрэвы ў новую зялёную вопратку, і такую паважную, поўную свайго мудрага сэнсу гутарку вядзе дрэва з дрэвам, лісток з лістком, а пад дрэвамі — былінка з былінкаю, а ў гэтых дрэвах, лістах і былінках пераклікаюцца птушкі, кузуркі, і іх галасы зліваюцца ў адну сімфонію дзівоснай музыкі жыцця.
Невысокі хударлявы чалавек прыслухоўваецца да многагалосага звону, спеву, музыкі, што ідуць разам з ім дарогаю ўскрай лесу, ідуць усюды, дзе ні ступае нага яго. Уся гэта сімфонія, калі ўслухацца ў яе глыбей і бліжэй прыгледзецца да ўсёй гэтай сугучнасці жыцця, ёсць водгулле прыхованага, а часамі і непрыкрытага зацятага змагання за жыццё. Невысокі хударлявы чалавек, сейбіт буры і змагання, упэўнен у гэтым, бо перад яго вачыма раскрыта праўда жыцця і яго завуаляваныя спружыны. Вось чаму ён так упэўнена і смела ходзіць патаемнымі дарогамі па зямлі акупаванага Палесся і поўнаю жменяю сее насенне буры і нянавісці да класавых ворагаў, глыбока ўзорваючы глебу свядомасці прыгнечаных, загнаных у закуткі жыцця. У яго глыбокая вера ў праўду гэтай сяўбы. Ён бачыць багатыя ўсходы свайго севу, і ад таго яму так весела, і настрой яго ўзняты.
Жыццё яго поўна небяспекі. Кожны дзень, кожная гадзіна тояць у сабе прыхаванае падступства і здраду. I шмат было ў таварыша Нявіднага напружаных момантаў, такіх, калі воля і само жыццё яго віселі на танюсенькай павуцінцы. Ён расказаў бы шмат цікавых здарэнняў з практыкі свайго патаемнага вандроўніцтва і нелегальнага жыцця ў драпежнай пастцы жорсткіх акупантаў. На яго расстаўляюць сеці дасціпныя аматары польскай паліцыі, хітрыя і прабеглыя шпіёны заходнееўрапейскага складу. Але яму дапамагае арганічнае зрастанне з масамі загнанай у закуткі жыцця беднаты. Яна яго любіць, верыць яму, як свайму чалавеку. Яна жі бароніць яго, папярэджвае, хавае, вырывае з рук добраахвотных сышчыкаў накшталт Бусыгі, бачыўшых пагібель сваю ў прапагандзе і падпольнай рабоце Нявіднага. Нявідны ведае, што чакае яго, калі зловіць яго панская агентура. Але ён ведае і верыць у праўду новага ладу жыцця, таго ладу, за ідэалы якога змагаецца партыя камуністаў. I гэта дае яму паўнату жыцця, сэнс і апраўданне таго, што ён робіць, ходзячы здрадліваю, вузенькаю тропкаю па краю цёмнага прадоння, рызыкуючы зваліцца туды ў кожную часіну. Усё гэта змушае яго трымаць вухаі вока на варце, хадзіць з аглядкаю. Цікава ж, нарэшце, пабачыць, як пойдзе ў рост далей той засеў змагання і класавай нянавісці, дзе нямала ёсць зярнятак, кінутых яго рукою. Цікава наогул жыць і біцца за вовы лад жыцця і ведаць, як і калі скончыцца гэта змаганне і як будзе будавацца гэта новае, светам не бачанае. Ён прыпамінае партызанскі мітынг на бязлюдным полі каля лесу, дзе ён выпадкам сустрэўся з дзедам Талашом. У яго вачах устаюць каларытныя фігуры старога партызанскага атамана і яго памочніка Мартына Рыля з карабінам і дзервяною трубою. Усё гэта такія з'явы, якія шмат аб чым гавораць і перш за ўсё аб тым, якія глыбокія карэнні пусціла ў працоўных масах партыя камуністаў. Усё гэта цешыць і радуе таварыша Нявіднага і жывіць яго непахісную веру ў перамогу. Ён думае аб пажарах панскіх маёнткаў як аб водгуллі партызанскай вайны. Гэтыя пажары ў канчатковым падрахунку будуць спрыяць пашырэнню і паглыбленню партызанскага руху. Яго ўпэўненасці ў перамозе новага ладу жыцця не парушае факт адыходу Чырвонай Арміі пад напорам польскіх легіёнаў, узброеных на кошт Антанты: гісторыя грамадзянскай вайны, гісторыя шмат якіх інтэрвенцый супраць Краіны Саветаў даводзіць яму, што перамога будзе на баку бальшавікоў і на гэты раз.
Ідзе Нявідны, разам з ім, побач яго і над ім шуміць многагалосы паток жыцця, гарманічны, сугучны з першага погляду, супярэчлівы і прасякнуты духам змагання, калі прыгледзецца да яго ўважней і глыбей. Нявідны сам сабе пасміхаецца, ён ведае, хто з'яўляецца прапаведнікам гэтай гарманічнасці жыцця не толькі ў прыродзе, але і ў людскім грамадстве, каму і для чаго патрэбна яна. Нявідны не прызнае такой пропаведзі — ён сейбіт буры і класавай нянавісці ў імя новага чалавека і новага сацыяльнага ладу, бо толькі праз буру змагання будзе звергнуты стары свет і прыйдзе новая эпоха. Думкі заводзяць Нявіднага далёка за межы сённяшняга дня і закалыхваюць яго спасцярожлівую пільнасць. Ён забывае, што ходзіць над краем бяздоння, што ворагі ўсюды сочаць за ім. Ён цьмяна, як у сне, бачыць на момант чалавечую постаць, але яна зараз жа знікае з поля яго зроку і з яго свядомасці.
Дарога сціскаецца лесам і спускаецца ў лагчыну, потым ізноў падымаецца на горку. Нявідны ідзе далей. Перед ім раскрываецца круглая паляна, а на паляне відаць сядзіба — хутар ці сярэдняй рукі фальварак. Нявідны хоча звярнуць з дарогі ўбок, каб не быць заметным з боку сядзібы. Аж зірк — на спатканне яму высоўваюцца нейк адразу трое мужчын. Па вопратцы тутэйшыя сяляне. Нявідны крыху сумеўся: у іх абліччы і поглядзе, кінутым на яго занадта ўважна, яму паказалася штось не зусім ладнае. Але зварочваць у лес цяпер ужо было па часе. Нявідны ідзе насустрач ім, стараючыся нічым не выказваць свайго непакою.
— Панічок, ці няма ў вас агню? — украдліва-пачціва пытае яго адзін з пабітым воспаю тварам. I для большай натуральнасці такога запытання паказвае скручаную з газетнай паперы цыгарку. Усе трое спыняюцца, прычым двое другіх становяцца па баках Нявіднага.
"Шпікі", — маланкаю мільгае ў галаве Нявіднага.
— Агонь павінен быць, — бестурботна-спакойна адказвае ён і абмацвае кішэні, затрымаўшы правую руку на рукаятцы браўнінга. Стаяўшыя па баках пераглянуліся, вачыма далі знаць адзін аднаму.
— Беж его!
I раптам кінуліся на Нявіднага. У момант вока Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў, не цэлячыся, у таго, што быў злева. Сышчык упаў на зямлю. Але гэта была толькі яго хітрасць: куля праляцела міма, прабіўшы яму адзежу і чуць крануўшы скуру на баку. Другі ў той жа момант схапіў Нявіднага за руку ніжэй локця і крэпка сціснуў яе. Аспаваты кінуўся наўцёкі. Упаўшы сышчык маланкай падняўся на ногі і схапіў руку Нявіднага з браўнінгам і так сціснуў яе, што пальцы разагнуліся, рэвальвер выпаў на зямлю. Між імі пачалася страшная барацьба.
Нявідны вырываўся з усіх сіл, каб вызваліць рукі. Але сышчык трымаў яго моцна і стараўся паваліць.
— А, пшэклёнты бальшавік! Ніц не паможэ! — хрыпеў ён. Другі, што падняўся з зямлі, рвануў Нявіднага за ногі, і ён упаў. Цяпер падбег і аспаваты. З лесу выбеглі яшчэ двое ў форме вайскоўцаў. Нявіднага тапталі нагамі і білі, але з такім разлікам, каб пакінуць жывым. Збіты і акрываўлены, Нявідны ляжаў нерухліва. Яго перасталі біць, ператрэслі кішэні і тады надзелі яму наручнікі. З сядзібы пад'ехала фурманка. Нявіднага кінулі ў павозку і павезлі пад канвоем трох польскіх агентаў.