Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

Наўперад Саўка высачыў месца, дзе пераважна збіраліся партызаны. Гэта складала частку яго задуманага плана. Калі ён дайшоў гэтага, то зараз жа прыступіў да ажыццяўлення ўсёй камбінацыі ў цэлым. Для гэтага яму прыйшлося папрацаваць болыпую палавіну ночы.

Без шуму, як цень, увайшоў Саўка ў двор Кандрата Біркі. Наставіў адно вуха, потым другое, паслухаў — ціха, вёска спіць глыбокім сном. Біркаў сабака, загадзя ўлагоджаны Саўкам, прыязна памахваў яму хвастом, а з хлява

даносілася пырханне заводскага жарабца, красы, гордасці і гаспадарскай уцехі. Але вароты ў хляве былі дзябёлыя і крэпкія, замкнёныя моцным унутраным замком. Саўка зайшоў з другога боку хлява. У яго ўжо быў на прымеце камень пад падрубаю. Саўка прылёг, адгарнуў ад каменя зямлі і памаленьку выкаціў яго з-пад падрубы, а дзірку пракапаў, расшырыў і нырнуў у яе. Праз хвіліну ён быў у хляве і гладзіў жарабца. А потым падышоў да варот і ціхенька адсунуў засоў. Без шуму і скрыпу расчыніў вароты і вывеў жарабца на двор, дваром — у загуменне, адтуль — у лес. Але Саўкава работа была яшчэ не ўся. У войта і Бруя было па пары ладных валоў, адкормленых і з вялікімі рагамі. I трудна сказаць, чые валы лепшыя, войтавы ці Бруевы, тым болей трудна, што і самі іхнія гаспадары не сходзіліся поглядам у іхняй ацэнцы.

З валамі справа была шмат лягчэйшая. Саўка пачаў па парадку. Выгнаў наўперад Бруевых валоў. Потым задворкамі зайшоў у двор Васіля Бусыгі. Яго якраз і дома не было. Яшчэ звечара паехаў ён да пана Крулеўскага па войтаўскіх справах. А дзед Купрыян ляжаў на палатках і падводзіў падрахункі пражытаму жыццю. Войтавы валы былі болей упартыя і не хацелі сярод ночы выходзіць з хлява. Але ім паказаў дарогу і паддаў ахвоты бычок-пярэзімак. Утрох яны пайшлі весялей, а калі Саўка далучыў да іх і Бруевых рагалёў, то ўсе яны зусім дружна рушылі ў паход разам з Саўкам.

Яшчэ да ўсходу сонца дзве пары валоў, бычок-пярэзімак і заводскі жарабец былі на месцы. Саўка пусціў іх на добрую пашу, жарабца навязаў, а сам пайшоў хадзіць па лесе. Яго зараз жа затрымаў вартавы партызан і адвёў у партызанскі штаб. А Саўку гэтага якраз і трэба было.

Здзівіліся дзед Талаш, Будзік і Рыль, убачыўшы Саўку.

— З чым жа ты прыйшоў цяпер? — запытаў яго дзед Талаш.

— Не гневайцеся, дзядзька, і вы, браткі: я прывёў вам жарабца вашага і майго цяпер ворага Кандрата Біркі, прыгнаў пару войтавых валоў і з імі бычка-пярэзімка ды пару валоў Сымона Бруя. Я хачу чалавекам стаць, і не думайце пра мяне, што я вораг ваш.

Дзед Талаш, Мартын Рыль і Цімох Будзік пераглянуліся. У іх вачах заіскрыліся ўсмешкі.

— Саўка застаўся Саўкам, — смяяліся яны потым.

А Саўка, выходзячы з лесу ад іх, вышэй трымаў галаву, адчуваючы, што ён зрабіў вялікі крок наперад для таго, каб "стаць чалавекам".

XXXIII

Раз адвячоркам ішла Аўгіня з лесу. Яна несла за плячамі даволі ёмкі мех першай маладой травы. У Аўгінінай маткі, дзе жыла яна цяпер з дзецьмі, была цялушачка. Для яе і несла Аўгіня траву. Ішла яна побач дарогі так, каб не кідацца людзям у вочы і асабліва польскім салдатам, якіх нядаўна прыгналі ў Вепры і якіх яна баялася: ад іх можна ўсяго спадзявацца. Ішла Аўгіня, а разам з ёю ішлі і яе думкі.

З таго часу як пакінула яна дом свайго мужа, яна з ім і не бачылася. Хоць у маткі і жылося ёй нялёгка, але варочацца да Васіля яна не думала. Ды і як ёй, так ганебна, з такой зняславаю выгнанай, было варочацца, кланяцца яму, раняць перад ім свой жаночы гонар? Калі б так была яна патрэбна яму, то ці не знайшоў бы ён да яе дарогі? Аўгіня спадзявалася, што Васіль прыйдзе, калі не па яе, дык да хлапчукоў. З аднаго боку, яна не хацела ні ісці да Васіля, ні аддаваць яму меншых дзяцей. З другога ж боку, яна адчувала прыкрасць, што Васіль не паказваецца і не просіць яе вярнуцца. Разумеецца, яна і не вярнулася б, яна нагаварыла б кучу непрыемных для яго слоў, абразіла б і зняславіла б яго яшчэ горай, як абразіў і зняславіў ён яе тады. Потайкам, калі Васіля не было дома, яна забягала яшчэ раз да дзеда Купрыяна, каб разжыцца чым-небудзь з харчоў. Хіба не павінен быў Васіль плаціць ёй на ўтрыманне дзяцей? Але Васіль строга-настрога прыказаў старому бацьку не даваць ёй нічога. Дзед Купрыян бачыў, што пагадзіць іх трудна, і ўжо не рабіў з свайго боку ніякіх захадаў памірыць іх. Хто цяпер паслухае старога? Дзед трос сам сабе галавою і не ўмешваўся ў іх справы, але потайкам і ён перасылаў сяды-тады сёе-тое для ўнучкаў.

Васіль жа чакаў, што Аўгіня, прыціснутая нястачаю, засмуткуе па куску хлебаі самапрыйдзе да яго, паклоніцца яму і будзе ўніжацца перад ім. З таго моманту, як у яго сэрца запала падазронасць на Аўгіню, што гэта яна папярэдзіла старую Талашыху, выдала ёй патаемную змову яго з Саўкам Мільгуном, ён зацяўся на яе і чакаў толькі, каб яна вярнулася, — не для таго, каб жыць разам, а для таго, каб пагаварыць з ёю як следуе, а потым прагнаць яе раз назаўсёды. Войт ужо прыглядаўся, каб узяць сабе другую жонку. Ён яшчэ не стары. Хай толькі акажацца, — за яго пойдзе любая. Яго становішча, як войта і прыхільніка польскай акупацыі, умацоўвалася: белапалякі націскалі, а фронт чырвонага войска падаваўся назад. Палякі занялі ўжо к гэтаму часу Мазыр і Рэчыцу. Правае крыло іх войска шпарка пасоўвалася на Украіне і пагражала ўжо Кіеву. Партызанскі рух, здавалася, заціхаў. Сюды падагналі палякі войска. Яго заклятыя ворагі, Талаш і Мартын Рыль, напэўна, пайшлі разам з чырвонымі і сюды наўрад ці вернуцца, а калі і вернуцца, то Васілю цяпер яны не так і страшны.

Вось якія думкі хадзілі ў войтавай галаве.

Чырвоны кружок сонца ўрэзаўся ўжо ў верхавіны лесу і смутнаю ўсмешкаю развітання рассыпаў агністыя косы ў глыбіні веба, пакідаючы там ружовыя дарожкі, па паверхні зямлі, дзе яшчэ не злёг і не насунуўся цень ад лесу, па стрэхах будынкаў, па верхавінах кучаравых дрэваў і па знямелых у вячэрняй цішыні вепраўскіх ветраках.

Ад балота патыхала прохаладдзю і сырасцю, і дзесь далёка-далёка вохкала зямля, і боязна ўздрыгвалі балоты ад глухіх гарматных выстралаў. Гэта бухканне гармат напамінала Аўгіні аб вайне, і яна адчувала няясны смутак і страх перад невядомаю будучыняю. Адступленне Чырвонай Арміі адбівалася на ёй якводгаласнейкіх утрачаных надзей, як напамінак аб тым, што і яе асабістае становішча ў сувязі з гэтым пагаршаецца. Але звароту назад ёй не было і адкрытымі вачыма ёй трэба глядзець у твар гэтай будучыні.

Аўгіня прыпынілася. Скрозь галіны дрэў ужо прасвечвалася вепраўскае поле, і самі Вепры выступалі даволі ясна з лёгкага вячэрняга суцення. Яна ўжо хацела рушыць далей, але асцярожнае, глухое шорханне галін і лёгкі хруст гнілога ламачча пад чыімісь нагамі ў гушчары хмызу змусілі яе азірнуцца ў той бок. Яна павярнула туды галаву і задрыжала: з ляснога змроку выступіў цёмны высокі сілуэт чалавечай постаці. Постаць гэта таксама запынілася. Аўгіня хацела ўжо кінуцца ўцякаць, каб выскачыць на поле, яно тут зусім блізка, і там, здавалася ёй, не так страшна, бо бліжэй да вёскі.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 52
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: