Вход/Регистрация
Дрыгва
вернуться

Колас Якуб

Шрифт:

— Аўгіня! — пазваў яе прыязны, нізкі, ціхі голас, і штось блізкае, даўно знаёмае пачулася ёй у гэтым голасе. Яна апусціла на зямлю мяшок і дапытлівымі, яшчэ ўсё ж захаваўшымі сваю прывабнасць вачыма зірнула на высокага чалавека і пазнала яго.

— Мартын! — вырвалася ў яе.

— Я, я! — ціха азваўся ён і падышоў усутыч. Аўгіня боязна азірнулася навокал. Каго баялася яна ў гэты момант, яна не ведала і сама. Можа, гэта была несвядомая боязнь, навеяная Васілём, а можа, гэта проста была звычайная засцярожлівасць маладой жанчыны. Мартын таксама азірнуўся, але страх яго быў іншага парадку. Ён доўга трымаў Аўгініну жорсткую і цвёрдую ад работы руку і пазіраў ёй у вочы.

— Здарова, Аўгінька! Як жа даўно не бачыў я цябе, а думаў аб табе шмат усе гэтыя дні.

— Не варта я таго, каб думаць аба мне, — адказала Аўгіня. Яна проста хацела выпрабаваць і праверыць перад самой сабою, ці варта яна таго, каб аб ёй думаў Мартын…

— А я от думаў і… буду думаць.

Аўгіня ўтуліла вочы. Ёй прыемна, што Мартын думае пра яе і будзе думаць.

— А што думаў ты пра мяне, добрае ці благое?

— Ды гэта і расказаць трудна. ПІмат чаго думаў. Думаў, як бы пабачыцца з табою, пагутарыць… паглядзець на цябе… і даўнейшае так от на думкі ўсплыве.

Гэта "даўнейшае" Мартын гаворыць з асаблівым націскам і яшчэ бліжэй горнецца да Аўгіні. Ёй трохі няёмка і сорамна, і яна чутачку падаецца ад яго. А Мартын гаворыць далей, як бы нічога не зважаючы.

— Не-не ды і ўспомніцца, як мы з табою на чаўнах гналіся. Даўно ўжо гэта было, а вось не забываецца. I ведаеш — ты і тая качка, што схаліў сом, злучаюцца неяк у маёй галаве, робяцца адною толькі Аўгіняю, а сом абарочваецца ў Васіля.

— I гэты сом, — горка пасміхнулася Аўгіня, — узяў цяпер і выкінуў з свайго прожара гэту качку.

— Лепей было б, каб ён падавіўся ёю адразу. Але тут, калі гаварыць праўду, не так быў вінаваты сом, як сама качка.

Аўгіня апусціла галаву. Гутарка іх абарвалася.

— А стралец, што падбіў качку, не быў вінаваты? — ціха пытае Аўгіня і кажа: — Але гаварыць аб гэтым цяпер па часе. Пэўна ж, я сама вінавата: на багацце пагалілася. А гэта багацце мне вылезла бокам і атруціла мне жыццё. Радасць не ў дастатку, і шчасце не ў багацці. Я была чужая для яго, а ён быў чужы для мяне. Аб адным я шкадую, мне трэба было самой кінуць яго, а не чакаць, пакуль ён мянс выжане

— А чаму ж ты не зрабіла гэта?

— З-за дзяцей, Мартын. Чым жа дзеці вінаваты?

— Значыць, калі б ён не выгнаў цябе, дык ты дагэтуль жыла б там?

— Не ведаю… напэўна б кінула, бо я думала аб гэтым і толькі чакала зручнай часіны: жыццё для мяне было там не такое салодкае, як ты думаеш. I ты ведаеш чаму… павінен ведаць.

— Не, я гэтага не ведаю, — суха адказаў Мартын.

Аўгіня маўчала. На яе твары адбівалася крыўда і засмучэнне. Мартыну стала шкада яе.

— А чаму табе нясоладка жылося? Ты ж знайшла тое, што шукала. I што я павінен ведаць?

Аўгіня з дакорам паглядзела Мартыну ў вочы. Няўжо ён нічога не разумее?

— Я адна, Мартын, адна вінавата, і я адна павінна несці кару.

— Чым жа ты вінавата?

— Тым, што пайшла за яго замуж, любячы не яго самога, а яго дабро.

Аўгіня прымоўкла і ціха дадала:

— I пайшла не дзяўчынаю. Ты ж гэта павінен ведаць.

Цяпер і Мартын сарамяжліва апусціў вочы. А потым абурыўся на Васіля.

— Сволач ён! Панскі падліза! Даносчык! Шпіён! Гэта ён удаў мяне польскай паліцыі. Праз яго цягалі мяне па астрогах, спалілі маю хату. I не адну маю, і не аднаго мяне цягалі. Ах ты, сабачая морда! Смярдзюх! Пачакай жа ты, панскі выжал! Я яшчэ не такую свінню падлажу табе!

Выліўшы сваю злосць на Васіля, Мартын крыху заспакоіўся.

— Раскажы, як ён выгнаў цябе.

Яны сядзелі на мяшку травы. У лесе ўжо цямнела. На вясеннім чыстым небе скрозь проразі верхавін мігалі далёкія халодныя зоры.

— Ты не гневайся на мяне, Аўгінька! — ласкава сказаў Мартын і палажыў руку на яе плячо. — Я, можа, жорстка гавару з табою, і не так хацеў я гаварыць. Я многа думаў пра цябе. Ты не выходзіш з маёй галавы. I пэўна ж ніхто так не любіў цябе, як я. Я і цяпер люблю цябе, — сказаў ён зусім ціха і прытуліў яе.

— Не трэба гэтага, Мартын! — устрывожана сказала Аўгіня. I ўсім целам адхіснулася ад яго, каб вызваліцца з яго рук.

— Чаму? — запытаў Мартын. — Я ж люблю цябе.

— А што скажа Ева?

Напамінак аб Еве расхаладзіў Мартына. Ён разняў рукі і нават чутачку падаўся ў бок ад Аўгіні. Ева была добрая, ціхая жанчына, і ён шкадаваў яе.

— Давай лепей так пагутарым. Я ж даўно не бачыла цябе і думала аб табе, быць можа, болей, як ты аба мне. Я таксама люблю цябе, але не так, як ты думаеш.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 53
  • 54
  • 55
  • 56
  • 57
  • 58
  • 59
  • 60
  • 61
  • 62
  • 63
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: