Шрифт:
— Ну, як?
— А проста люблю, як брата. Я ж адна, Мартын, зусім адна. Матка мая» хоць і не гаворыць мне, хацела б, каб я вярнулася да Васіля. А я не хачу і не вярнуся ўжо да яго ніколі, Буду жыць адна з дзецьмі. I каго я люблю яшчэ — Алесю. Яна ж твая дачка, Мартын. Васіль зненавідзеў яе, як чужое дзіця. Яна адчувала гэта і дрыжала перад ім. У яе два бацькі, а яна не ведае бацькавай ласкі. А якая яна ціхая і добрая! Калі ён выганяў нас — забірай, кажа, свайго байструка і марш з мае хаты — і схапіў мяне за руку, каб выпхнуць за дзверы, яна стала даміж ім і мной, каб абараніць мяне ад яго злосці. Ён так штурхануў мяне і яе разам са мной, што мы паляцелі ў дзверы, і яна моцна стукнулася галоўкай аб касяк, але не заплакала, а толькі ручкаю схапілася за галоўку, сказаўшы мне ціхенька: "Нашто ты, мама, сварылася з ім?"
— З чаго ж у вас пачалося? За што ён цябе выгнаў?
— Ну, як табе сказаць? Ладу ў нас не было ніколі. Ён часта папікаў мяне табою, але я цярпела або абарачала ўсё ў жарты і яго старалася ўлагодзіць, абы ціха было ў хаце.
Пачалося ж усё з прыходам сюды палякаў. Ён хадзіў да гэтага самага пана Крулеўскага. Там яго паставілі за войта. Ён прыходзіць і хваліцца мне. А я ў той жа дзень хадзіла сюды, у Вепры, і дачулася, што гэта ён выдаў цябе польскай паліцыі. Зненавідзела я за гэта яго і кажу яму: "Адступіся ты ад свайго войтаўства. Трэба з людзьмі жыць і ладзіць, а не з панамі, бо твае паны, — кажу, — у паветры целяпаюцца". — "З якімі, — кажа, — людзьмі? З Талашом? З Мартынам Рылем?" — убачыў ён, што я не ў адну дудку з ім іграю. Ну,і пайшло. Далей, болей. Хадзіла я потайкам да бабкі Талашыхі. Мне ж хацелася ад яе і пра цябе пачуць. Яна прагаварылася, што ты начаваў з дзедам Талашом у іх, а потым схамянулася, спалохалася, што расказала мне, войтавай жонцы, пра дзеда і пра цябе. Я заспакоіла яе. Потым кудзелю прыносіла ёй прасці. Цяжка мне стала, Мартын, жыць з чалавекам, які пачаў займацца непадобнымі справамі, тапіць людзей, наводзіць паліцыю. Навошта гэта? Да чаго? З-за таго, каб сабе толькі жыць, а другім не даваць ходу? Ды няхай яно прахам пойдзе, такое жыццё! Нават дзіця, малая Алеся, не спачувае гэтаму. Пытала мяне пра палякаў, хто яны, чаго хочуць. Раз ён падпільнаваў мяне, як выходзіла я з Талашовай хаты. Вось ён убягае ў хату, як толькі вярнулася я, і давай дапытвацца, чаго я туды хадзіла.
Аўгіня падрабязна расказала, як выйшла і чым кончылася сварка.
— А ці ведала ты, — запытаў Мартын, — пра яго змову з Саўкам Мільгуном?
— Ведала. Выпадкам даведалася. Яны хаваліся ад мяне, таіліся. Але я падгледзела, як яны частавалі Саўку, а потым Кандрат Бірка прагаварыўся. "Я, — кажа, — ваяваць сам не пайду, а за нас пойдзе ваяваць Саўка", і расказаў мне ўсё. А я папярэдзіла бабку Насту.
— А ты, Аўгіня, вялікую паслугу зрабіла нам.
— А скажы, Мартын, што будзе з гэтаю вайною? Няўжо так і застануцца тут палякі? I няўжо ж вы будэеце ўвесь час туляцца па лясах? Не будзе ж тады жыцця ні вам, ні мне.
— Пачакай трохі, Аўгінька, пацярпі: пакоцяцца палякі адгэтуль, толькі стрыбалкі бурчаць будуць ды пяты іх блішчаць.
— А куды ты ідзеш, Мартын?
— Хачу дамоў забегчы, паглядзець, як яны жывуць.
— Не хадзі, Мартын: у вёсцы салдаты польскія.
— А чорт іх бяры! Ты правядзеш мяне. Я вазьму твой мяшок, і мы сабе пойдзем, памаленьку, як хадзілі калісь з Прыпяці.
— Я баюся за цябе, Мартын!
— А ты не бойся, Аўгінька. Мы пойдзем памаленьку, разглядаючыся.
Мартын узяў мяшок, прыкрыў ім свой неразлучны карабін, і ў шэраватым вячэрнім змроку рушылі ў Вепры.
На развітанні Мартын сказау Аугші:
— Ты ж глядзі Алесі. Пабагацею, дапамагу і ёй, і табе.
— Ну, бывай жа здаровы, Мартын! Ды асцерагайся, каб не злавілі.
Яна хацела ўжо ісці, але Мартын затрымаў яе руку.
— Аўгінька, можа, я болей і не пабачу цябе. Развітаемся шчырэй!
Прыблізіў яе твар да свайго твару, цалаваў яе.
Аўгіня ішла і думала, ці можа яна смела глядзець цяпер у вочы Мартынавай Еве.
XXXIV
Некаторы час на партызанскім фронце было зацішша. Аб партызанскіх выступленнях не было ніякіх чутак. Самі палякі і іх прыхільнікі: фальваркоўцы, розныя арандатары і заможнае сялянства — радаваліся і цешыліся, іпто партызаншчына ў сувязі з пераможным белапольскім наступам скончылася, што польская ўлада зліквідавала яе. Але раз уночы, у другой палавіне красавіка, у разгар белапольскага наступу і трыумфавання паноў, раптам начное цёмнае неба афарбавалася чырвоным грозным бляскам. Крывавая чырвань агністымі снапамі раскідалася па небе. Крывава-агністыя снапы і нерухомыя бледна-ружовыя слупы свідравалі начную цемру, зацятую ў сваёй занямелай цішыні, разрывалі і злавесна асвятлялі яе грозным сваім бляскам.
Было штось страшнае ў гэтых пералівах чырвані і ў яе фантастычным палыханні ў глыбінях агорнутага мрокам неба. Ноч разам пасвятлела, мрок рассунуўся, стала светла, як надосвіці перад усходам сонца. З парадзелай цемры выступалі няясныя абрысы лясоў, раскінутых на далёкім небасхіле, будынкі з панурымі спушчанымі к долу стрэхамі і высокія постаці адзінокіх дрэваў каля будынкаў. Устрывожаныя гэтым незвычайным з'явішчам сабакі заліваліся неспакойным брэхам і жудасна вылі, як бы прадчуваючы нейкую бяду і няшчасце.
Людзі прачыналіся, пазіралі ў вокны і, уражаныя чырванавата-ружовым колерам, разлітым па дварах і па стрэхах будынкаў, выбягалі на двор і ў страху глядзелі на гэта грознае палыханне пажару і недаўменна пыталі саміх сябе: што гэта гарыць? Ды стараліся адгадаць, дзе гуляе страшны бляск пажару, хто гарыць і з якой прычыны, і трывожнае пачуццё непакою і страху западала ў іх сэрца. А там, дзе людзі жылі ў блізкім суседстве з пажарам, дзе выразна чуўся шум агнявога патоку і ясна віднеўся ўзлёт к небу языкоў полымя і цэлай мяцеліцы іскраў у хвастах чорнага і сівага дыму, там было яшчэ страшней і жудасней. I людзі там не гадалі, дзе гарыць і што, а проста казалі: гарыць маёнтак такога-та пана.