Шрифт:
Ціха спачывае ў глыбокім сне маёнтак пана Длугошыца, той самы маёнтак, дзе зімою было так шумна і весела, дзе грымела ваенная музыка і весялілася шляхта разам з шыкарным афіцэрствам. Старасвецкі панскі палац, старое гняздо радавітай польскай фаміліі, утуліўшы ў полаг цемры сваю вежу, панура вырысоўваецца на фоне цёмнага неба. Стайні, стадолы, свірны і клуні зліваюцца з мрокам і яшчэ, здаецца, ніжэй туляцца да зямлі.
Ціха ў маёнтку пана Длугошыца, але ў гэтай цішыні, у цёмных закутках двара туляюцца невядомыя прышлыя людзі са стрэльбамі і гранатамі. Ціха, без шуму, шчыльна трымаючыся будынкаў, робяць яны патаемную работу. Там і сям успыхваюць маленькія агеньчыкі. Чуецца ўмоўлены свіст. Свіст паўтараецца ў розвых канцах двара. Невядомыя прышлыя людзі выходзяць з двара і полем накіроўваюцца ў лес. У маёнтку ў розных мясцінах выбухаюць агні, падымаюцца ўгору, шугаюць з болыпаю і большаю сілаю, асвятляюць двор, сад і крывавым водбліскам кладуцца на мураваныя сцены высокага палаца. Невялікая група цёмных сілуэтаў шпарка падаецца ў лес. Хаваўшы іх полаг цемры расступаецца ўсё болей і болей, і хутка ўсё поле, залітае бляскам пажару, вынырае з мроку і паказвае групу людзей — чалавек сем. Яны ўжо каля самага лесу, а калі ўвайшлі ў лес, прыпыніліся і паглядзелі на маёнтак пана Длугошыца. Бушуе агонь, кідае цэлыя патокі полымя высока ў паветра.
— Ну, хлопцы, работа зроблена на заказ! — гаворыць адзін і смяецца. На яго выскаленых зубах, на твары і ў вачах адбіваюцца водбліскі пажару, робяць яго страшным і бязлітасным.
— Пойдзем! — адзываецца другі.
– Ідзіце, хлопцы, не чакайце мяне, — гаворыць першы, — а я пастаю тут трохі, пацешуся.
Шэсць чалавек ныраюць у лес і зараз жа знікаюць з вачэй, а ён, спец па часці падпалаў, Цімох Будзік, астаецца адзін, туліцца на ўскрайку лесу і глядзіць, як бушуе агонь. Але гэта пазіцыя яго не задавольвае. Ён аглядаецца, выбірае лепшы пункт для назірання пажару. Яго вочы запыняюцца на пышнай фігуры магутнага дуба. Ідзе к дубу, закідае ямчэй за плечы стрэльбу і лезе на дуб. Залез да палавіны волата дуба. Становіцца на тоўсты развілісты сук, спіною ўпіраецца ў шурпаты ствол дуба. Вось гэта пазіцыя!
Як высокае залатое жыта пад ветрам, хістаецца полымя, то сцелючыся над долам агнявымі пасмамі, то яркімі стужкамі ўзвіваючыся ўгору, выкідаючы агромністыя слупы бліскучага знізу і цёмнага ўверсе дыму. Цімох не зводзіць вачэй з гэтага дзікага шалу агню, пажыраўшага будынкі і знішчаўшага здабыткі людской працы. Буйства пажару знаходзіла жывое водгулле ў Цімохавай душы, пазнаваўшай цяпер вышэйшы экстаз радасці з поваду разбурэння гэтага змяінага гнязда яго адвечных класавых ворагаў. У меру таго як шугала полымя, абвіваючы і ліжучы сваімі пякучымі языкамі суседнія дрэвы і будынкі, вырываючы са стрэх і выкідваючы высока ў неба агромныя жмуты струхлелай саломы і мільёнаў іскраў, расло і Цімохава захапленне. З яго твару, афарбаванага баграю агнёў, не сходзіць усмешка, зларадная, помслівая ўсмешка чалавека, стаўшага вышэй гэтых людскіх законаў. Але па яго твары прабягае часамі і заклапочанасць і зніжае паўнату яго трыумфу. Цімох трывожна пераводзіць вочы на панскі горды палац. Заліты бляскам пажару, ён робіць уражанне, нібы ён у агні, але вецер адхіляе полымя ў другі бок, і палац застаецца някранутым агнём, стаіць, высока ўзнёсшы сваю вежу, і пазірае грозна і зняважліва на гэты шалёны вір агню. Няўжо Цімох схібіў, даў маху ў падпале гэтага ненавіснага панскага ідала? Цімох углядаецца, пазірае пільней, на момант як бы замірае. З яго твару сходзіць турботная заклапочанасць, проблескі дзікай радасці праменяцца ў яго цёмных бліскучых вачах: з высокай вежы палаца, як з гіганцкага коміна, паплыў борзда ўгору белаваты дым, штораз гусцейшы і болей цёмны. Успыхнулі агеньчыкі ў вокнах палаца. Агні залатымі расцёкамі пабеглі, паплылі, як жвавыя бліскучыя струменьчыкі, угору. Бухнула ў вокны густое і напорыстае полымя. Не, Цімох не схібіў! Цімох зрабіў сваю справу, аб якой так многа думаў у розныя моманты свайго бядацкага жыцця. Цімох гатоў быў танцаваць, крычаць ад радасці, каб цалкам аддацца ахваціўшаму яго вар'яцкаму экстазу. Сярод шуму і гуду пажару, трэску і грукату падаўшых перагарэлых бэлек і сцен чуліся распачлівыя, надрыўныя крыкі людзей. Усё гэта злівалася ў грозную і жудасную сімфонію разбурэння. Цімох, як нейкі чарадзей, стаяў на дубе і поўным кубкам чэрпаў асалоду свайго трыумфу.
I раптам яго чуткае вуха ўлавіла тупат конскіх капытоў. Зірнуў Цімох у той бок — дарогаю і полем ад палаўшага ў агні маёнтка пана Длугошыца імчаліся на конях польскія уланы. Даскакаўшы да лесу, яны веерам рассыпаліся па яго ўскрайку па адзін і па другі бок дарогі. Група коннікаў, чалавек дванаццаць, ехала асобна, шчыльна збітаю кучкаю. Гэта былі пераважна афіцэры. Група накіравалася ў той бок, дзе сядзеў на дубе Цімох Будзік.
"Напэўна будуць ачэпліваць лес, каб злавіць падпальшчыкаў, — сам сабе падумаў Цімох: — А што, калі б паслаць ім з дуба гасцінца?" — Не разважаючы многа, дастаў Цімох з-за пояса гранату, заняў зручную позу, каб кінуць яе, улучыўшы адпаведную хвіліну. Трымаючыся адною рукою за сук, размахнуўся Цімох, высока ўскінуў гранату насустрач пад'язджаўшым коннікам і ў заміранні сэрца чакае, схаваўшыся за шырокія плечы волата дуба. "Раз… два… тры" — лічыць Цімох і раптам здрыгаецца: грымнуў выбух. Здрыгануў волат дуб. Са звонам і спевам паляцелі асколкі гранаты. Рвануліся спуджаныя коні, наскочылі адны на другіх. Адзін пахіснуўся і недалужна грымнуўся на зямлю разам з коннікам. Як ашалелыя, памчаліся коні, адны без коннікаў, другія валочачы іх па полі галовамі ўніз. Цяпер толькі апамятаўся Цімох і адчуў усю безразважнасць свайго ўчынку. А можа, гэта яму дапамагло. У часе сумятні і перапалоху ён шугнуў наніз, кінуўся ў лес і пабег у гушчар, чапляючыся стрэльбаю за сукі і галіны.
Васіль Бусыга і яго прыяцелі, не паспеўшы належным чынам нагаравацца з прычыны налучыўшай іх бяды, а налучыла яна іх толькі мінулаю ноччу, і прыняць адпаведныя захады, каб знайсці невядома кім выведзеную з хлявоў скаціну, таксама пазіралі на бляскі пажараў і панура хілілі галовы. У гэтых блясках чыталі яны засцярогу сабе і свой уласны прысуд. Гэта была грозная і страшная ноч, навёўшая паніку на паноў і ўстрывожыўшая польскія ваенныя штабы. Яна паказала, што партызанскі рух пусціў глыбокія карэнні ў народзе акупаваных зямель, што ён вядзецца ўпарта, шырока, арганізавана і жорстка. ПІмат якія вайсковыя часці польскага войска, прызначаныя на падмацаванне фронту, былі затрыманы. З партызанствам прыходзілася лічыцца, і лічыцца сур'ёзна.
Вайна ж, у якой бралі ўдзел рэгулярныя арміі двух бакоў, не спынялася. Палякі развівалі свой поспех на Кіеўскім кірунку, захватваючы сваім цэнтрам і частку Палесся на лініі Рэчыца — Мазыр. Слабая насычанасць нашага фронту жывою сілаю, нястача належнага ўзбраення давалі магчымасць белапалякам шпарка прасоўвацца наперад, адціскаючы малалікія часці Чырвонай Арміі. Каб аслабіць польскі ўдар у кірунку на Кіеў, часці Чырвонай Арміі, займаўшыя раён Палесся, перайшлі ў контрнаступ супраць цэнтра польскага фронту. У склад гэтай арміі ўваходзіў і батальён таварыша Шалёхіна. Дзед Талаш са сваімі партызанамі падтрымліваў сувязь з гэтым батальёнам. Але з наступам белапалякаў і з адходам Чырвонай Арміі сувязь абарвалася. Дзед Талаш са сваімі партызанамі апынуўся ўжо ў глыбокім тыле польскага фронту і вёў свае баявыя аперацыі самастойна або па ўказанню прадстаўнікоў падпольных камуністычных арганізацый. Цяпер яго войска ўжо налічвала каля дзвюх соцень байцоў, узброеных ваеннымі стрэльбамі і меўшых некалькі кулямётаў. Правей у гэтым жа раёне праяўляла сваю баявую чыннасць і група партызан Маркі Балука, налічваўшая ў сваіх радах добрую сотню байцоў.
Палеская, або Мазырская, група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару на лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. У дваццатых чыслах красавіка, раніцаю на світанні, гулка загрукацелі чырвоныя батарэі, сканцэнтраваўшы агонь на польскіх пазіцыях. Некалькі гадзін грымелі нашы гарматы, і водгулле іх грому далёка расплывалася па нетрах лясоў і балот Палесся. Дакочвалася і па той бок Прыпяці да акупаванай часткі Палесся, разносячы весці аб наступе Чырвонай Арміі. Пасля кароткай, але напружанай артылерыйскай падгатоўкі імклівым патокам рынуліся ў атаку пяхотныя часці чырвоных байцоў. Загараўся ўпарты сустрэчны бой. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Баявыя ланцугі, як хвалі, ішлі адны за другімі, але скошваліся гарматным і кулямётным агнём. Сілы іх надарваліся, упартасць іх была зламана. Яны захісталіся, падаліся і пакаціліся назад, пакідаючы зброю, забітых, раненых і здаючыся ў палон. Ім не давалі апамятавацца і гналі іх к Прыпяці. Задача першай стадыі контрманеўра ўдарнай групы Чырвонай Арміі заключалася ў тым, каб кароткім ударам адкінуць палякаў за Прыпяць, на іх плячах перайсці яе, забяспечыўшы пераправу і тэрыторыю на заходнім беразе Прыпяці для разгортвання сваіх сіл у мэтах далейшага наступу. Разгромленыя, змятыя часці польскага войска ўжо не думалі, каб запыніць напор насядаўшых палкоў Чырвонай Арміі — яны думалі толькі аб тым, каб вырвацца са сціскаўшых іх кляшчэй і шчасліва адступіць за Прыпяць.
Весць аб наступе Чырвонай Арміі даляцела і да партызан. У той жа час іх начальнікі экстрана абмеркавалі важнае пытанне аб дапамозе Чырвонай Арміі і аб поўным разгроме адступаўшых белапалякаў. Дзед Талаш са сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу і пашкодзіць палякам замацавацца на яе правым беразе. Балуку было даручана вартаваць камунікацыі польскага тылу і ўсімі мерамі затрымліваць польскія рэзервы з тылу, каб не даць ім своечасова прыбыць на выручку сваіх. Пад вечар дзед Талаш на чале паўтары сотні партызан ужо быў у раёне Высокай Рудні, дзе меркавалася пераправа палякаў праз Прыпяць, і заняў флангавую пазіцыю на высокім правым беразе Прыпяці. Гэта пазіцыя загароджвала палякам шлях адступлення па адзіна зручнай у гэтым раёне дарозе на Ставок — Карначы. Авангард іх ужо выйшаў на правы бераг, кіламетра ў паўтара ад таго месца, дзе занялі пазіцыю партызаны. Перапраўляліся яны і па пантонах, і цераз мост. З таго берага грымелі нашы гарматы. Снарады падалі ў Прыпяць па адзін і па другі бок пераправы, уздымаючы высокія махрыстыя фантаны, заляталі на гэты бераг і наводзілі паніку сярод адступаўшых. Палякі густою калонаю перліся па мастах і пантонах, ціснуліся, зрываліся і кідаліся ў глыбокія воды Прыпяці. Пераправіўшы некалькі гармат, яны спешна вывозілі іх на пазіцыю, на той высокі бераг, дзе залеглі партызаны. Падпусціўшы іх на блізкую адлегласць, дзед Талаш падаў каманду, прычым ад хвалявання ён забыўся, як падаецца ваенная каманда, а крыкнуў проста: