Шрифт:
69. Маральная дасканаласьць характару выяўляецца ў тым, каб праводзіць кажны дзень, як апошні ў жыцьці, і быць ані гвалтоўным, ані нягеглым ці крывадушным.
70. Несьмяротныя багі ня гневаюцца за тое, што на працягу гэтак доўгага часу ім даводзіцца мець дачыненьне з гэтакімі людзьмі, якімі яны ёсьць і гэтакаю колькасьцю бязвартасных зь іх, і ўсё-ж, у розны спосаб яны апякуюцца імі. Але ты, катораму прадназначана памерці, чуешся ўтомленым з увагі на бязвартасных, і затым, што зьяўляешся адным зь іх?
71. Сьмешна, што чалавек, стараючыся ўхіліцца ад чужое сапсаванасьці - што немагчымым для яго, не стараецца ўхіліцца ад свае ўласнае, - што поўнасьцю магчымым яму.
72. Тое, што разумная і грамадзкая здольнасьць знаходзіць неразумным і шкодным для грамадзкасьці, тое яна слушна лічыць ніжэй свае годнасьці.
73. Калі ты зрабіў дабро, а іншы чалавек атрымаў дабро, дык чаго-ж ты, упадабляючыся да глупцоў, імкнешся яшчэ да чагосьці трэйцяга, накшталт славы добрага чалавека, ці нагароды?
74. Ніхто не адчувае змучанасьці пры атрымліваньні карысьці. Карысьць-жа зьвязана з дзеяньнем, згодным з натураю. Не ўтамляйся атрымліваць карысьць, прыносячы яе іншым.
75. Імкненьне натуры Цэлага рушыла ў напрамку стварэньня сусьвету. Або кажная рэч адбываецца з прычыны неабходнай пасьлядоўнасьці, або рухі падпарадкаваны не рацыянальнаму прынцыпу. Калі ты будзеш памятаць пра гэта, дык гэта ўчыніць цябе болей спакойным у шматлікіх праявах жыцьця.
Кніга восьмая
1. Думка, тут пададзеная, можа дапамагчы табе ўхіліцца ад жаданьня займеньня парожнае славы, гэта значыць, што ты не зьяўляешся болей у стане пражыць сваё цэлае жыцьцё, або, што найменей, пачынаючы з тваіх юнацкіх гадоў, як філёзаф; але, гэтак, як для іншых, гэтаксама і для самога цябе, ясным стаецца, што ты знаходзішся далёка ад філязофіі. Ты гэтак далёка ўпаў у зьбянтэжанасьць, што не зьяўляецца для цябе лёгкаю рэчаю займець пашану філёзафа; дый спосаб вядзеньня твайго жыцьця супроцьставіцца гэтаму. Калі ты зразумеў, дзе сутнасьць справы ляжыць, адкінь думку: У якім сьвятле могуць бачыць цябе іншыя; і будзь здаволеным магчымасьцю пражыць сваё жыцьцё ў гэткай мудрасьці, на якую дазваляе табе твая натура. Падумай, тады, што яна хоча, і няхай нічога ня ўводзіць цябе ў сумліў; бо ты ўжо меў дасьведчаньне ў шматлікіх напрамках, нідзе не знаходзячы шчасьця, ані ў сылёгізмах, ані ў багацьці, ані гэтаксама ў рэпутацыі, ані ў радасьцях, як і ў нічым іншым. Дзе, тады, яно знаходзіцца?
– У дзеяньнях, якія людзкая натура вымагае. Як, тады, чалавек можа выканаць гэта? Калі ён меціме прынцыпы, зь якіх выцякаюць імкненьне і чын. Што за прынцыпы? Тыя, якія адносяцца да добрага і дрэннага: пераконаньне, што тое, што ня будзе добрым для чалавека, ня ўчыніць яго і справядлівым, паўстрыманым, мужным, свабодным; і ня будзе нічога дрэнным, што ня спрычыняе супроцьлеглага вышэйадцемленаму.
2. Пры кажным дзеяньні запытай самога сябе: Якое значэньне яно мае для мяне? Ці давядзецца мне шкадаваць? Яшчэ крыху - і я ўжо мёртвы, і ўсё для мяне зьнікне. Калі мая сучасная дзейнасьць варта разумнае істоты і грамадзкае, якая падпарадкуецца праву з Богам, дык што-ж я маю яшчэ жадаць?
3. Аляксандар Вялікі, Гайюс (Юліюс Цэзар) і Пампэюс, чым яны зьяўляюцца ў параўнаньні з Дыёгэнэсам, Гэраклітосам і Сакратасам? Гэтыя апошнія пранікалі зрокам у сутнасьць рэчаў, з боку прычыны і з боку матэрыі, і кіруючы пачатак у іх заўсёды заставаўся верным самому сабе. А колькі клопатаў было ў першых, і ад чаго яны толькі ня былі залежнымі!
4. Людзі будуць рабіць адно і тое самае, колькі-б ты не сапраціўляўся.
5. Перш за ўсё, не засмучай свайго супакою. Бо ўсё адбываецца ў сузгоднасьці з натураю Цэлага; яшчэ трохі часу, і ты будзеш нішто і нідзе, як і Гадрыян, і Аўгустус. Затым, сканцэнтраваўшыся на сваей справе, унікні ў яе і, памятаючы пратое, што табе трэба быць добрым чалавекам, і пра тое, якія вымаганьні людзкае натуры, няўхільна выконвай гэтыя пастуляты і кажы гэтак, як табе здаецца найболей адкаэваючым справядлівасьці; толькі захоўвай дабразычлівасьць і сьціпласьць, і ўхіляйся ад крывадушнасьці.
6. Натура Цэлага занята тым, што тое, што існуе на адным месцы, перамяшчае на іншае, зьіначвае яго, бярэ адсюль і пераносіць туды. Усё паддаецца зьіначаньню, і затым, няма чаго баяцца, каб не здарылася нешта новае. Усе рэчы ведамыя, нават і распадзел іхны астаецца тым самым.
7. Натура кажнае істоты задаволена, калі знаходзіцца на правільным шляху. Натура-ж разумнае істоты на правільным шляху тады, калі не згаджаецца ані з маною, ці зь няпэўнасьцю ў агортваньні рэчаў; калі кіруе імкненьні выключна на агульнае дабро, схільнасьць, і агіду адчувае толькі да таго, што залежыць ад нас самых, і без нараканьня прымае ўсё тое, што пасылае ёй агульная натура. Бо-ж яна і зьяўляецца часткаю агульнае натуры, падобна, як натура ліста зьяўляецца часткаю натуры дрэва. Розьніца толькі ў тым, што натура ліста зьяўляецца часткаю натуры, пазбаўленай пачуцьцяў і розуму і можа сутыкацца з перашкодамі; натура-ж чалавека зьяўляецца часткаю натуры, якая ня ведае перашкодаў, разумнаю ёсьць і справядліваю; бо яна дае кажнай рэчы аднолькавыя часткі ў сузгоднасьці з часам, матэрыяю, прычыннасьцю, дзейнасьцю, здарэньнямі, захоўваючы роўнасьць і ўзгадняючы з годнасьцю. Але ты пераканаешся ў гэтым, параўноўваючы не асобныя свомасьці паміж сабою, а супольнасьць свомасьцяў аднае істоты з супольнасьцю свомасьцяў іншае.
8. Ты ня маеш часу або магчымасьці чытаць; але ты маеш час і магчымасьць уціхамірваць ганарлівасьць, перамагаць насалоду і боль, пагарджаць нікчэмнаю славаю, ня гневацца на людзей беспачуцьцёвых і няўдзячных, і яшчэ болей - нават клапаціцца аб іх.
9. Няхай ніхто ў прышласьці не пачуе ад цябе скаргаў не на прыдворнае жыцьцё, ні на тваё ўласнае.
10. Раскаяньне ёсьць папрок, скіраваны да самога сябе за недагляд чаго-небудзь карыснага. Карыснае-ж, бясспрэчна, зьяўляецца і добрым у якіх-небудзь суадносінах, і прадмет клопату з боку цудоўнага і добрага чалавека. Але гэтакі чалавек ня будзе шкадаваць, што прапусьціў нагоду атрыманьня насалоды. Значыцца, насалода не зьяўляецца ані карыснаю, ані добраю.