Шрифт:
11. Адносна кажнае рэчы стаў сабе пытаньні: Чым зьяўляецца дадзены прадмет сам у сабе, у сваей уласнай пабудове? Якою ёсьць ягоная субстанцыя і матэрыя?
– Якою зьяўляецца ягоная прычынная натура? І што ён робіць на сьвеце?
– Як доўга будзе ён існаваць?
12. Калі ты ўстаеш неахвотна пасьля сну да працы, тады памятай, што служба, у хворме грамадзкае дзейнасьці, знаходзіцца ў сузгоднасьці з фізычнаю пабудоваю твае асобы і зь людзкаю натураю, але само спаньне зьяўляецца свомым для кажнае нямое жывёлы. Цяперака, тое, што адносіцца да тварэньня, паводля натуры, гэтаксама болей набліжаным ёсьць і да яе самое, у большай частцы яе цёла і косьці, так, нават болей прыемнае.
13. Заўсёды і ў меру магчымасьці, пры кажнай нагодзе душы, тасуй да яе прынцыпы фізыкі, этыкі і дыялектыкі.
14. Зь якімколечы чалавекам давядзецца табе сустрэцца, зараз-жа скажы сабе: Якія прынцыпы гэты чалавек мае адносна дабра і зла? Бо, калі з увагі на прыемнасьць і боль, і з прычынаў гэтага, із увагі на славу і няславу, сьмерць і жыцьцё, ён мае такі або іншы паглад, дык нічога ня будзе ані дзіўнага, ані недарэчнага для мяне, калі чыніць гэтакую рэч або іншую; і я мушу мець на ўвазе, што тое, што ён чыніць, чыніць з прычыны загаду.
15. Памятай, што сорамна было-б дзівіцца з таго, што фігавае дрэва родзіць фігі або, што сьвет стварае тое, што ствараць свомым для яго зьяўляецца. Гэтаксама, сорамна было-б лекару і вадаплаўніку дзівіцца з таго, што хворы мае гарачку, або, што вецер неспадарожны.
16. Памятай, што зьмяненьне свае думкі і згода з тым, хто паказвае правільны шлях, а ні ў якім разе не абмяжоўваюць свабоды. Бо-ж гэта і ёсьць тая твая дзейнасьць, якую ты выконваеш у сузгоднасьці з тваім розумам.
17. Калі гэта залежыць ад цябе, дык нашто ты робіш гэта? Калі ад іншага, дык да каго ты зьвяртаешся з упікамі? Да атамаў, ці багоў? Бо тое і другое характэрызуе глупца. Ні на што ня трэба наракаць. Калі можаш, папраў прычыну; калі ня можаш, дык папраў хоць самую справу. Калі-ж і гэта для цябе немагчымым ёсьць, дык якая табе карысьць з упіканьняў. Бяз прычыны нічога ня трэба рабіць.
18. Тое, што памірае, ня выпадае з сусьвету. Калі-ж яно застаецца тут, дык і зьіначваецца тут, і распадаецца на свомыя сабе часткі - элямэнты сусьвету, і самога цябе. Гэтыя зьіначваюцца, але не наракаюць.
19. Усё, што існуе, існуе для пэўнае мэты, як напраклад, конь, вінаградная лаза. Чаму ты дзівішся? Нават і сонца можа сказаць, што я маю мэту; падобнае і багі могуць сказаць. І дзеля якое мэты існуеш ты? Для насалоды? Паглядзі, ці мае гэта які-небудзь сэнс?
20. Натура распасьцірае сваю ўвагу ў ваднолькавай меры на канец, як і напачатак, гэтаксама, як і на трываньне дзеяньня, падобна, як чалавек, які кідае мяч. Што добрага для мячыка ў тым, што ён нясецца ўгару, ці дрэннага ў тым, што ён імкнецца ўніз ды нават, калі ўпаў ды ляжыць? Што добрага для бурбалкі ў тым, што яна разьдзьмулася, ці дрэннага ў тым, што яна лопнула? Тое-ж самае можна сказаць і пра лямпу.
21. Выверні што-небудзь (цела) унутранаю стараною наўзьверх і паглядзі, якое яно, і якім яно стаецца, калі старэецца, ці з прычыны хваробаў, або празьмернасьцяў.
Коратка жывуць і той, хто хваліць, і той, каго хваляць, і той, хто памятае, і той, каго памятаюць. Да таго-ж, усё гэта адбываецца ў куточку якой-небудзь краіны, дый тут ня ўсе згодны паміж сабою і асобныя людзі самі з сабою. Дый уся зямля - пясчынка.
22. Няхай твая ўвага будзе засяроджана на рэчы, што знаходзяцца перад табою; хай сабе гэта будзе слова, перакананьне, чын.
Ты маеш тое, на што заслужыў, бо ты баржджэй выбраў стацца добрым заўтра, чымся сягоньня.
23. Раблю я што-небудзь? Я раблю гэта, лічачыся з дабрабытам людзей.
– Здараецца са мною што-небудь? Я дапушчаю, лічачыся з волею багоў і крыніцыю ўсяго, дзе бярэ пачатак усё, што ўзьнікае.
24. Гэтак, як мыцьцё ў лазьні выяўляецца табе - тлушч, пот, гразь, ліпкая вада - рэчы, што выклікаюць агіду, - падобна выяўляецца кажная частка жыцьця і кажная рэч.
25. Люцыльля перажыла Вэруса, а пасьля і сама памерла; Сэкунда пахавала Максімуса, каб пайсьці ягоным сьледам; Эпітынханус бачыў паміраючага Дзіёцімоса, і сам памер усьлед за ім; Антонінус бачыў паміраючую Фаўстыну, а пасьля і сам быў пахаваны. І гэтак рэч маецца з кажным. Цэлер бачыў паміраючага Гадрыяна, і пасьля гэтага памер Цэлер. Дзе-ж усе тыя мудрацы, вяшчальнікі, ганарліўцы? Дзе, напрыклад, з мудрацоў Харакс, Дэмэтрыёс плятоністы, Эўдаймон і ім падобныя? Усё хуткамінаючае, усё даўно мёртвае. Некаторыя былі адразу забытыя, іншыя сталі мітамі, яшчэ іншыя зьніклі ўжо зь мітаў, Затым, памятай, што ўсё тое, што творыць сабою цябе, мусіць або распасьціся, або твая жыцьцёвая сіла згаснуць, ці зьіначыцца і быць перанесенаю на іншае месца.
26. Дзейнасьць, свомая для чалавека, зьяўляецца для яго крыніцаю радасьці. Чалавеку ўласьціва добразычлівасьць да сябе падобных, пагарда да пачуцьцёвых імпульсаў, адрозьненьне пераканаўчых ўяўленьняў, сузіраньне натуры Цэлага і таго, што адбываецца, дзякуючы ёй.
27. Існуюць тры суадносіны паміж табою і іншымі рэчамі; да цела, якое акружае цябе; да боскае прычыны, якая зьяўляецца крыніцаю ўсяго таго, што здараецца з усімі; і, нарэшце, да людзей, што жывуць з табою.
28. Боль зьяўляецца або злом для цела - у такім выпадку няхай цела і гаворыць пра гэта; або для душы; але душа здольнаю ёсьць захаваць уласьцівыя ёй зразуменьне і супакой і ня бачыць у болю зла. Бо ўсякае меркаваньне і імкненьне, схільнасьць і неахвочасьць знаходзяцца ўнутры нас, і ніякае зло сюды не пранікае.
29. Гані ад сябе ўсякае лятуценьне і заўсёды кажы сабе: Цяперака ад мяне залежыць, каб у гэтай душы ня было ані брыдоты, ані прагнасьці, ані наагул ніякага перапалоху; але, бачачы ўсё так, як яно ёсьць, я буду карыстацца ўсім у адпаведнасьці з яго каштоўнасьцю.
– Памятай пра гэтую здольнасьць, уласьцівую табе, дзякуючы натуры.
30. У сэнаце ці з прыватнаю асобаю заўсёды трэба гаварыць з павагаю, але бяз пыхі. Няхай мова твая будзе праўдзіваю.
31. Аўгустусавы двор, ягоная жонка, дачка, патомкі, нашчадкі, сястра, Агрыппа, сваякі, хатнія, прыяцелі, Арэюс, Мэцэнас, лекары, ахвяравальнікі, увесь двор памер. Перайдзі, тады, да ўсіх іншых, да сьмерці не паасобных людзей, але цэлых радоў, напрыклад Помпееў. На надмагільных помніках, між іншых, можна знайсьці інскрыпцыю: Апошні з гэтака ці іншага роду. Падумай, колькі намаганьняў затрацілі продкі, каб пакінуць сабе спадкаемца.
– Ды ўсё-ж, нехта павінен застацца апошнім. А пасьля ўжо памірае і апошні з роду.