Шрифт:
30. Паўзірайся з узьверху на бязьлікія гурты людзей, на безьліч рэлігійных абрадаў, і бясконцую разнавіднасьць вадаплаваў, што плывуць у розныя кірункі гэтак у часе бурнага надвор'я, як і ў пару зацішша, на вялікую розьніцу тых, што нарадзіліся, каторыя жывуць разам і паміраюць. І падумай, гэтаксама, пра жыцьцё тых, што жылі ў старажытных часох, і пра жыцьцё тых, што будуць пасьля цябе, і пра сучаснае жыцьцё барбарскіх народаў, і пра тое, якая аграмадная маса людзей ня ведае нават твайго імя, і колькі з тых, што ведаюць, але хутка забудуць, і пра тое, як тыя, што, магчыма, хваляць цябе сягоньня, хутка будуць зьнеслаўляць цябе, і што пасьлясьмяротны ўспамін ня мае ніякае вартасьці, ані слава, ані што-небудзь іншае.
31. Няхай наступіць асвабаджэньне ад страху перад закалотамі з увагі на рэчы, якія прыйшлі да быцьця, дзякуючы вонкавым прычынам; і няхай запануе справядлівасьць у дзеяньнях, выкліканых мужнасьцю ўнутранае прычыны, гэта значыць - няхай пачнецца імкненьне і дзейнасьць, маючая на мэце грамадзкае ўпарадкаваньне, бо гэта знаходзіцца ў сузгоднасьці з тваею натураю.
32. Ты можаш адсунуць набок з твае дарогі шматлікія і няпрыдатныя рэчы з пасярод тых, якія непакояць цябе, як чын, які залежыць ад твайго спосабу думаньня. І ты здабудзеш для самога сябе шырокую прастору дарогаю агарненьня думкаю цэлага сусьвету, і шляхам агарненьня вечнасьці часу, і спасьцеражэньня хуткага зьіначаньня ўсіх паасобных рэчаў; і тое, як кароткім ёсьць час паміж народзінамі і расьцярушаньнем, і бязьмежнасьць часу перад народзінамі гэтаксама як і аднолькавая бязьмежнасьць часу пасьля расьцярушаньня.
33. Усё, што ты бачыш, неўзабаве разбурыцца, і тыя, што былі сьведкамі гэтага разбураньня, вельмі хутка гэтаксама і самыя разбурацца. І той, хто памірае ў вельмі пажылым веку, знойдзецца ў тых самых абставінах, як і той, хто памер перадчасна.
34. Якімі зьяўляюцца кіруючыя прынцыпы людзей, і якімі зьяўляюцца справы, адносна якіх яны праяўляюць гэтулькі стараньняў, і з прычыны чаго яны ахвочымі зьяўляюцца ў выражэньні любові і гонару? Уяві сабе, што ты бачыш іхныя бедныя і голыя душы. Калі яны думаюць, што сваім папрокам спрычыняюць некаму шкоду або дабро сваею пахвалаю, што яны маюць на ўвазе?
35. Страта чаго-небудзь зьяўляецца нічым іншым, як зьіначаньнем. Але сусьветная натура захопліваецца зьіначаньнем, і ў паслухмянасьці да яе ўсіх рэчаў чыніць цяперака вельмі добрае завяршэньне, і ў падобны спосаб паступае яна ад пачатку вечнасьці, і будзе гэтак паступаць аж да канца часу. І што ты скажаш на гэта? Што ўсе рэчы былі дрэннымі, і, што пры наяўнасьці гэтулькі багоў не знайшлося даволі моцы, каб займець паправу на лепшае ў гэтых рэчах; але ці сьвет засуджаны, каб знайсьціся ў прысутнасьці сталага зла?
36. Спарахненьне матэрыі - аснова кажнае рэчы. Вада, пыл, косьці, адпады, або зноў - мармуравыя скалы, аграмаднасьць зямлі; золата і серабро, і розныя асадкі; рызьзё і валосьсе, і поўсьць зьвераў, і пурпур - кроў; і кажная іншая рэч падпадае пад гэты самы род. І тое, што адзначаецца дыханьнем - само жыцьцё - і яно зьяўляецца рэчаю таго самага роду: зьіначаньне з аднае хвормы ў іншую.
37. Хопіць гэтага нешчасьлівага жыцьця, нараканьняў і малпаваньня. Што непакоіць цябе? Што новага ў гэтым? Што цябе выводзіць з раўнавагі? Ці ёсьць гэтым хворма рэчы? Паўзірайся на яе. Ёсьць-жа гэта матэрыя? Глядзі на яе. Бачыш, апрача гэтага, нічога ў ёй няма іншага. Але пастарайся, нарэшце, усуаднесьціся да багоў з большаю прастатою і ляпей.
Усяроўна, ці дасьледуем мы гэтыя рэчы сто разоў, ці тры гады.
38. Калі нехта памыліўся, дык і зло згэтуль выпадзе яму на шкоду. Але, магчыма, ён і не памыліўся?
39. Або ўсе рэчы выводзяцца з інтэлігэнтнага пачатку і прыходзяць да супольнасьці як да аднаго цела, і частка не павінна знайсьці памылкі ў тым, што ўчынена на карысьць Цэлага; або, у іншым выпадку, існуюць атамы і болей нічога, як сузграмаджаньне іх і разыходжаньне. Чаму, тады, маеш ты турбавацца? Скажы Найвышэшаму пачатку: Зьяўляешся ты памершым, або сапсутым, або забаўляешся крывадушнасьцю, або зьяўляешся ты зьверам, тады месца тваё ў гурце на пашы?
40. Або багі маюць сілу, або яны ня маюць сілы. Калі яны ня маюць сілы, тады, чаму ты молішся да іх? Але, калі яны маюць сілу, чаму ты ня молішся да іх, каб яны далі табе здольнасьць не баяцца ніякіх рэчаў, якіх ты баішся, або не жадаеш ніякіх рэчаў, якія ты жадаеш, або ня быць пакраўджаным ніякаю рэчаю, чымся маліцца, каб гэтыя рэчы не здарыліся або, каб здарыліся? Бо калі яны могуць супрацоўнічаць (выслухаць) зь людзьмі, дык яны могуць супрацоўнічаць, маючы на ўвазе пэўныя мэты. Але, магчыма, ты скажаш, што багі аддалі іх пад тваю ўладу. Тады, ці не ляпей ужываць тое, што ёсьць у тваей моцы, як свабодны чалавек, чымся жадаць, як нявольнік або жабрак тое, што не знаходзіцца ў тваей моцы? І хто казаў табе, што багі не памагаюць нам нават у рэчах, якія знаходзяцца ў нашай моцы? Пачні, тады, маліцца адносна гэтых рэчаў і ты ўбачыш. Вось чалавек, каторы моліцца гэтак: Як я магу знайсьці прыхільнасьць гэтае жанчыны? А ты маліся: Як я магу не жадаць знайсьці прыхільнасьць яе? А іншы гэтак моліцца: Як я магу быць вольным ад гэтага? А яшчэ іншы: Як я магу не жадаць, каб быць вольным? А іншы гэтак: Як я магу ня згубіць майго малога сына? А ты гэтак: Як я магу не баяцца згубіць яго? Наагул, маліся гэткім спосабам, і паўзірайся, што з гэтага выйдзе.
41. Эпікурос кажа: У часе хваробы маю ўвагу не займалі фізычныя цярпеньні, і з тымі, што наведвалі мяне, я ня вёў гутаркі на гэтую тэму. Я і далей выконваў свае раней пачатыя навуковыя працы, цікавячыся галоўна тым, як думка, ня гледзячы на сваё ўсуадношваньне да падобных рухаў у целе, тымняменей утрымлівае свой унутраны супакой, маючы на ўвазе свомае для яе дабро. І для лекараў, - кажа ён далей, - я не стварыў прычыны стацца гордымі, быццам яны нямаведама што чыняць для мяне, але жыцьцё маё мінала добра і шчасьліва. Вазьмі яго сабе за прыклад, калі здарыцца табе захварэць або трапіць у якое-небудзь іншае пагражаючае палажэньне. Усе школы згодныя ў тым, што ня трэба выракацца філязофіі ў ніякіх абставінах, ані падтакваць невукам, нічога ня ведаючым пра натуру, але ўсю сваю ўвагу кіруй у напрамку справы, якою ў дадзены мамэнт займаешся, і сродкаў, дзякуючы якім, яна станецца рэчаіснасьцю.