Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Нічога, — ніякавата сказала яна. — Мне здаецца, павінна нешта здарыцца.

— У цябе заўсёды павінна нешта здарыцца, — сказаў паважны Франс.

А пан Раўбіч глядзеў на дзяцей і думаў, што Франс дарослы хлапец. Ды і Майка ўжо амаль дарослая паненка… Ён думаў і з пакутлівай усмешкай, нібы катаржнік свой ланцуг, круціў жалезны бранзалет з трыліснікам, коннікам і шыпшынай на капцы. Круціў вакол запясця рукі.

…Італьянскія аркады белага палаца, перакрэсленыя чорнымі факеламі таполяў, адкрыліся ў канцы алеі. Палалі суцэльныя вокны. Па крузе павольна пад'язджалі да сходаў карэты і брычкі. Плыў прыступкамі ўгору стракаты натоўп.

Майка сышла на зямлю і, побач з Франсам, рушыла насустрач музыцы, святлу, духмянай цеплыні. Музыка спявала нешта весняе, такое мяккае і страснае, што слёзы прасіліся на вочы.

На верхняй прыступцы стаяў Вежа з панам Юрыем і паняй Антанідай.

— Раўбiч, — цiха сказаў ён. — Радасць, радасць мне… А ты чуў, што царок сказаў на прыёме маскоўскiх дваранскiх маршалкаў [75] ?

Падняў палец:

— "Существующий порядок владения душами не может остаться неизменным…" О! Як думаеш, радасць?

75

30 сакавіка 1856 года.

Шыракаватае ў сківіцах аблічча Раўбіча загуляла жорсткімі мускуламі. Цень лёг у вачніцах.

— Каб гэта ад шчырага сэрца — радасць была б. А так гэта, па-мойму, нешта накшталт прапановы Браніборскага. Гаворыць аб радасці, а ў самога шчэлепы, як у галаўня. Прагныя.

— І я думаю, — іранічна ўсміхнуўся дзед. — У лібералізм гуляе. Як ягоны дзядзька. Ну і скончыць таксама… адпаведна… Гулі ўсё… Les merveilles gymnastiques [76] .

Вузкая, да смешнага маленькая ручка пані Антаніды кранула дзеда за локаць.

76

Дзівосы гімнастыкі (франц.)

— Бацька, тут дзеці.

Дзед замаўчаў. Потым зірнуў на нявестку і даволі лагодна ўсміхнуўся. Ён вельмі памякчэў да нявесткі за гэтыя гады: быў удзячны за ўнука.

— Пані Эвеліна, — усміхнуўся Юры, — радасць райская, што прыехалі… Франс, вы паважны, як магістр масонаў…А Стах… Не, глядзіце вы, які наш Стах… А ты, Наталечка, усё маладзееш. Што ж з табой далей будзе, алянятка?

Смяяліся снежныя зубы.

— І Майка, — нечакана сур'ёзна сказаў ён. — Вы сёння дзівосная, Майка… Алесь зараз прыйдзе. Ён пайшоў размясціць хлопцаў.

Вежа глядзеў на Майку.

— Ты! — спытаў ён. — Колькі ж гэта?

— Шаснаццаць, — сказала пані Эвеліна.

— Та-ак. Бадай што, цяпер ужо цябе не назавеш чорцікам…

— Што дзіўнага, — сказаў Раўбіч. — Скончыла інстытут.

Дзяцей адвялі ў іхнюю залу, у тую самую, дзе калісьці дзеці разбілі вазу. Майка ўспомніла: чарапок з хвастом сіняй рыбкі і дагэтуль ляжыць у скрыначцы.

У зале лёкаі скрэблі васковыя свечкі на дубовыя цагліны падлогі. Дзеці потым, танцуючы, разнясуць усё нагамі. Будзе лепей, чым назнарок нацерці.

Майцы адразу падумалася: "А нам цяпер сюды, у гэты пакой, ужо нельга. Мы цяпер дарослыя".

На хвіліну прыйшоў жаль. А потым зноў вярнулася радасць.

Яна ўступала ў залу з тым самым пачуццём, што і раней. Бачыла, як ад дзвярэй глядзяць на яе вочы пана Юрыя і пані Антаніды. Глядзяць з нейкім асцярожным чаканнем. І ў сэрцы нарадзіўся неасэнсаваны пратэст: "Нашто яны так глядзяць на мяне?"

Думка адразу ж знікла. Бо стракатая чародка людзей абкружыла яе.

— Гэта хто? Бог мой! Ядзя! Ядзечка!

Ядзечка стаяла ўсё такая самая, усё гэтак жа падобная на ляльку. Але яна была… яна была ледзь не з Майку ростам. Тоненькая, зграбная…

— Маюнька! Маюнька! — смяюцца сінія вочы.

А потым пайшло. Чорны ўсмешлівы Янка і ягоныя рукі, што моцна сціскаюць яе далонькі.

— Майка! Майка! — глядзіць у вочы, нібы не верыць. — Як мы рады! Як узрадуецца Алесь!

— Табе добра, Янка?

— Мне добра. Я цяпер сын, рачоны Ян Клейна.

…Куды гэта глядзіць паўз яе доўгі, такі "састарэлы" Янка?

Міхаліна паглядзела туды, і ў той самы момант на хорах заспявалі скрыпкі. Нібы назнарок. І ад іхняга задуменнага спеву зноў глыбока ўпала сэрца.

За пяць крокаў ад яе стаяў Алесь і дзіўна, нібы спалохана, нібы не пазнаў, глядзеў ёй у вочы.

Яна таксама не адразу пазнала яго. Зусім дарослы. Выцягнуўся амаль з пана Юрыя і, відаць, будзе вышэйшы. І такі самы загарэлы. Аблічча аж аліўкавае, і на ім асабліва светлыя — аж свецяцца — цёмна-шэрыя шырокія вочы.

Але чаму ён так разгубіўся, нібы ўбачыў дзіва? І што гэта ў ім такое новае?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 125
  • 126
  • 127
  • 128
  • 129
  • 130
  • 131
  • 132
  • 133
  • 134
  • 135
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: