Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Так, — сказаў Міхал.

— Тады атрымай трыццаць, — бацька глянуў на Алеся і паправіўся, — не, нават сорак восем дзесяцін… Той клін, што за Лугавым. Каб табе і дзецям тваім было па якой зямлі хадзіць… Гэта зямля вызваляецца ад пабору і давеку астанецца за тваёй сям'ёй.

Юрась, відаць, загадзя падрыхтаваны, стаў на калені, і Юры паклаў яму на рукі шчопаць падножнага.

— Ці вучыў ты майго сына быць літасцівым да жывёл, як то належыць чалавеку?

— Так.

— Тады атрымай сем коней-двухгодак і дзве каровы для жанчын.

Веі ў Алеся былі вільготныя. Што б там ні было, а гэта яго, Алеся, прадавалі зараз, і ў гэтым было яго падабенства з другімі людзьмі ў белым.

— Дом твой будзе моцны, — сказаў пан Юры. — Пад кожную пяту твае хаты і хаты сыноў ты пакладзеш па дзесяць рублёў, бо выхоўваў у працы і поце майго сына. Шэсць сыноў — дзвесце сорак рублёў…

Скураны мяшочак бразнуў, упаўшы паміж двума строямі.

…Пасля Алеся пасадзілі на Ургу і пан Юры павёў яго вакол маёнтка. Астатнія ішлі за ім. Бацька спыніўся на высокім урвішчы Дняпра і абвёў рукою ўсё, што вакол.

— Гэта тваё, — сказаў ён. — Твая зямля і тваё неба. Помні, усё жыццё ты будзеш піць ваду з Дняпра і абмываць гэтай вадой сваіх нованароджаных. І адабраць гэта ў цябе не можа ні чалавек, ні бог, ні д'ябал. Адна смерць.

Кірдун падышоў да Алеся і прышчапіў да яго збройнага раменьчыка кінжал і пісталет. Потым падаў бацьку кароткі корд у срэбных, з залатымі травамі похвах.

Бацька стаў побач з канём і засунуў шаблю ў пятлю высокага сядла.

— Ты носіш добрую зброю, каб не злоўжываць ёю, і багатую вопратку, каб не ганарыцца ёю перад астатнімі.

І ён злёгку пацягнуў сына нагайкай па спіне, а потым прымацаваў гарапнік да другой пятлі сядла.

— Помні.

За ўсімі гэтымі цырымоніямі не заўважылі, як стамілася пані Антаніда. У яе забалела галава, і пан Юры нават з некаторай радасцю адпусціў яе.

— Стаміўся? — спытаў бацька, з паблажлівай ласкавасцю заглядаючы ў вочы сына.

— Не.

— Гэта добра. Зараз, браток, пачнем абрад, на якім нікому не дазволена прысутнічаць, акрамя нас… Добра запомні… Бо давядзецца перадаваць сыну…

Твар ягоны быў стомлены, відаць было, што яму абрыдзела ўсё гэта, але нават ён знаходзіцца зараз пад страшным цяжарам нечага абавязковага, наканаванага і непахіснага.

…Яны мінулі палац і пайшлі па незнаёмай алеі ў тую частку ірэгулярнага парку, куды бацька дагэтуль ніколі не вадзіў Алеся.

Тут, відаць, і наогул мала хадзілі: травы, што прарасла праз жвір, вельмі даўно не палоў садоўнік. Замест светлых ліп, ясакараў і італьянскіх таполяў паабапал алеі ўсё часцей трапляліся чорныя і нейкія зімнія яліны ды змрачнаватыя векавыя дубы. Яленец суцэльным магутным дываном укрываў палянкі, нечапаная папараць клубілася над зрынутымі дрэвамі. Парк быў ужо сапраўдным лесам.

І тут бліснуў у непралазным гушчары празрысты, відаць, ад магутных крыніц, стаў, а над ім, на цьмянай ад ценю паляне паўстала дзіўная будыніна, вузкая і высокая, змураваная з шэрага і ружовага каменя-дзікуна.

Такой яна была на вышыню аднаго паверха. Вышэй камень быў абчэсаны, былі нават там-сям раманскія арачкі. А яшчэ вышэй, амаль да верхавін пяцісотгадовых замшэлых дубоў, узносіліся дзве карункава-змрочныя гатычныя вежкі. Змрачнаватая, значна большая ў вышыню, чым у даўжыню і шырыню, будыніна думала аб чымсьці, што не датычылася двох чалавек, якія зараз ішлі праз заценены луг да яе дзвярэй, і гэты яе спакой быў спакоем канца.

Перад ёю, у высокай траве, ляжалі па крузе сем абчасаных камянёў, а ў цэнтры круга ляжаў восьмы, з правільна круглым заглыбленнем наверсе.

— Сядай на зямлю, — сказаў пан Юры. — І слухай.

Неўсвядомлена пранікаючыся нечым страшнаватым, Алесь сеў.

— Глядзі, — сказаў бацька.

На баку цэнтральнага каменя быў выбіты няўмела парушаны ва ўсіх прапорцыях вобраз добрага пастыра, які нясе на плячах агнца.

— А цяпер уяві, што сорак доўгіх чалавечых жыццяў ляжыць паміж табою і гэтым пастырам. Сорак. А ты сорак першы.

Яны маўчалі, схіліўшы галовы. Пад вяршынямі дрэў быў такі спакой — лісток не шалахнецца.

— Сорак. Гэта тыя, што былі да нас, і мы, і тыя, што яшчэ будуць. І кожнаму наступнаму цяжэй, бо ён нясе большы цяжар. Будуць і тыя, каму зробіцца нясцерпна цяжка, і я малюся богу, каб гэта не быў ты. Таму што ніхто не пазбегне. Кожны павінен будзе несці на рамёнах слабага, ягоны боль і ягоную крыўду. Хто гэты слабейшы — кожны выбірае сам. Друг, вера, жанчына або яшчэ нешта, пакуль невядомае… А цяпер паглядзі: на другой грані яшчэ больш старыя рысы. Гэты маладзік — гэта серп, а гэтыя калматыя трысцінкі — каласы. Хто будзе жаць — аб гэтым маўчаць гады і маўчаць стагоддзі. Ніхто яшчэ не дадумаўся, бо той, хто іх выбіў, памёр і не скажа… Пасядзі хвіліну, сыне, падумай або проста памаўчы.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: