Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Пакінь, — казаў Маеўскі. — Ты ўсміхайся, a яны няхай сабе ідуць. Chacun son metier. З якой табе прычыны сіліцца ды ножкай дыгаць? 'A propos de vieilles ganaches? [28]
Вочы Мсціслава смяяліся.
— Такая пані, як простасардэчнасць, сёння пакуль што na point paru [29] . Нават прызнала лішнім de faire acte de pr'esence ici [30] . Няма чаго ёй тут рабіць.
— Слухай, — ціха спытаў Алесь, — чаму гэта ўсе яны тут гавораць не так?
28
Кожнаму сваё… З прычыны (з'яўлення) гэтых старых тупіц? (франц.)
29
Зусім не з'яўлялася… (франц.)
30
З'явіцца тут на кароткі час (франц.)
— Прыкідваюцца ўсё… Строяць з сябе больш годных, чым на самае справе.
— Не, я не ў тым сэнсе. Чуеш, французская мова… Яна заглушае ўсё. Напэўна таму, што вельмі-вельмі прыгожая. Але ж яны не французы, гэтыя Хаданскія і іншыя. A вось гучыць польская — даволі моцны паток. A вось руская… I ніхто пакуль што словам не абмовіўся на мужыцкай, акрамя цябе…
— A мне ўсё адно… Бацькі ў мяне няма. Маці заўсёды на водах, хворая. Ніхто не прымушае.
— …Ды яшчэ Басак стары і бацькі, калі гавораць са мной, то гавораць па-мужыцку. У чым тут справа?
— A хіба гэта мова для князя? — усміхнуўся Мсціслаў. — Гэта, брат, так… Мужыкі гавораць, бо іх ніхто не вучыў. Хіба іх мову параўнаеш з французскай? Яна бедная і грубая.
— Бадай што, і так, — сказаў Алесь. — Але ж чаму яны не саромеюцца гаварыць на гэтай грубай мове, калі загадваюць мужыкам: "Дашлі сёння сыноў з крыгай. Паны юшку будуць есці, дык, можа, якая рыбіна ўблытаецца?" I тут ужо не саромеюцца такіх грубых слоў, як "крыга", "ублытаецца". Нешта тут не да ладу. Табе што, таксама не падабаецца?
— Мне падабаецца, — пасля доўгай паўзы сказаў Мсціслаў. — Мне нават здаецца, што яна мяккая, толькі іхняе вуха не чуе… Тут, разумееш, нешта накшталт спеву рагоў на псовым паляванні. Італьянец ад яго вушы зацісне, гэта для яго, як Бетховен пасля Беліні, a між тым няма для вуха сапраўднага паляўнічага музыкі, саладзейшай за гэту.
Памаўчаў.
— Толькі… не нашага розуму гэта справа. Потым дадумаю.
У гэты момант y круг гонару ўз'ехала старадаўняя карэта шасцерыком. Спынілася перад сходамі.
— Памыліўся, — вочы Мсціслава смяяліся, — з'явілася нарэшце і добрасардэчнасць. Во, брат, весялосці будзе.
Лёкай абвясціў нейкім асабліва высокім голасам:
— Высакародная панi Надзея Клейна з дачкой.
Сажэннага росту лёкай скочыў з запятак і з ляскам адкінуў падножку, расчыніў дзверы.
— Проша…
У карэце нешта варушылася, не хочучы вылазіць.
Другі лёкай паспеў за гэты час памагчы фурману прыўзняць гальму [31] (пані, відаць, увесь час загадвала трымаць яе на коле, баялася хуткай язды) і зняў з галоўнага каня хлапчыну-фарэйтара, y якога замлелі ногі, a з карэты ўсё яшчэ ніхто не выходзіў.
31
Гальма — своеасаблівы тормаз.
— Зараз будзе смех, — паўтарыў Мсцiслаў.
З карэты пачулася бурчанне. Потым нехта перадаў на рукі першаму лёкаю моську, вельмі тлустую і азызлую, але — дзіва! — зусім не агідную. Потым яшчэ адну. Лёкай дарэмна спрабаваў прытуліць іх да грудзей адной рукою, каб падаць другую камусьці, хто сядзеў унутры.
— Сабакам нязручна, — сказала з карэты буркатлівае старэчае кантральта. — Трымай Кадошку лепей, чорт бязглузды. A Віялету апусці… Ты што, не бачыш, што яна патрэбу справіць хоча?.. Ды не сунь ты мне сваю руку. Што мне, сто год?
Зноў дзіва: міма Алеся паспяшаў да сходаў бацька. Весела падміргнуў сыну. Збег уніз і, падышоўшы да дзверцаў, галантна падставіў руку.
— I ты яшчэ тут, бацечка… Не рассыплюся, пэўна, неяк.
I тут, нарэшце, з'явілася з карэты і стала павольна апускацца ўніз постаць старой жанчыны, такая незвычайная, што Алесь вылупіў вочы.
Старая была апранута ў карычневы строй з карункамі, такі шырокі, што ўся яе нізенькая постаць здавалася падобнай на невялікі стажок сена. На сівых буклях непрыступна ўзвышаўся беласнежны высокі чапец. Твар старой выглядаў асабліва цёмным пад гэтым чапцом, пергаментна-карычневым. Але цемната гэтая не была безжыццёвай, надта ўжо здаровы буры румянец выступаў на шчоках.
— Ну-к, — прагучала кантральта, — давай пацалуемся хіба, ці што… Пастарэў ты, лэйбус, пастарэў… Спакайната стала ў вачах.
— Якая тут спакайната, — усміхнуўся бацька.
— Я і не кажу, што зусім спакайната. Проста больш чым трэба яе стала. A малайчына быў. Памятаеш, мужа-нябожчыка як з вады выхапіў? Зух быў, зух.
Яна глянула на лёкая з іранічнай ухмылкай, бо той непаразумела глядзеў на Віялету, відавочна не ведаючы, што яму цяпер рабіць. Віялета ляжала, растапырыўшы ўсе чатыры лапы.