Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— За што ж табе, гаротны, пакуты? Божа лiтасцiвы, забiваюць дзiця. Жыўцом ядуць.
Толькі часам, вельмі рэдка, можна было ўцячы ў дворню ці ў асобны дамок, дзе жыў даязджачы Карп са сваёй жонкай Анежкай, і там адпачыць душой. Дзяцей у Карпа не было, і таму Анежка шкадавала паніча, частавала звыклым: арэхамі, праглымі на сланечкавым алеі.
Русая і сінявокая, такая распаўнелая і добрая, Анежка глядзела на Алеся і ціхутка падгалошвала:
— Еш, бедненькі, еш, зблажэлы ты мой. І нашто, каму гэта патрэбна, пакутніца ты мая Дарота? Па шкле цябе вадзілі, бедную, а яго па пакутах…
Гэтае падгалошванне было такое чуллівае, што з вачэй Алеся, ад шкадобы да сябе, самі сабой пачыналі падаць рэдкія і буйныя, як боб, слёзы.
Але і наплакацца ўдосталь не давалі. Толькі аджыў, як ужо шукаюць.
…Бацька вядзе па галерэі продкаў.
— Даніла Загорскі!.. Пэндзля невядомага мастака… Даніла ўзначальваў смяротны атрад пры Крутагор'і. Загінуў разам з усімі воінамі…
Ян Загорскі… Пэндзаль Сальватора Розы… Бадай, адзіны, які перайшоў у каталіцтва. Пасля страты зяця зноў удаўся ў схізму, быў пракляты папскім нунцыем і загінуў пры таямнічых абставінах…
Багдан Загорскі. Пісаў крукамі царкоўныя гімны…
Бадай, адзіным шчасцем Алеся было тое, што для бацькі гісторыя рода і геральдыка былі яшчэ больш нудныя, чым для яго. Таму ён і не мог перадаць сыну захаплення гэтымі небяспечнымі рэчамі.
Затое бацька зусiм змяняўся, заходзячы ў круглую карцiнную залу. Тут ён мог гаварыць i гаварыць. Блага цi добра, але ён даваў сыну частку таго запалу, якiм гарэла яго душа.
І ўсё ж найбольш цягнуў да сябе Алеся той самы "Хлопец з канём" Мантэньі. Было ў гэтай карціне нешта наіўна-прывабнае і мудрае.
І не ў тым справа, што хлопец быў — выліты. Ён, хаця і ў чужым заморскім касцюме, а конь — сапраўдны Урга, той самы Урга, які палюбіў яго, Алеся, больш за іншых, бо хлопец не абразіў яго нават празмерным недаверам на бар'еры, нават ганьбай шэнкеляў, калі конь разумее без іх, як яму трэба рабіць.
Не ў гэтым была справа.
Справа была ў тым, што праз лісце густа-зялёнай яблыні з залатымі пладамі глядзеў такі далягляд, якога не бывае на зямлі, далягляд невядомай блакітнай краіны, у якую спакойна і ўпэўнена крочылі чалавек і белы конь.
…У адзінаццаць яго клалі ў ложак. За акном, сярод лістоты, дрыжаў і гайдаўся масляны ліхтар, шапацелі лісты італьянскай таполі і далятаў з Дняпра неўразумелы начны крык шэрай чаплі.
Алесь засынаў, здаволены сабой.
А ўначы прыходзілі забароненыя, брыдкія мужыцкія сны. Ён сніў адрыну і гнёзды ластавак над галавой. Ён зноў бачыў росныя пракосы і самога сябе з біклагай на плячы… Яму бачыліся вочы каровы, яе стомленыя сытыя ўздыхі ў цемры хлява і цурчанне малака ў пенную дайніцу…
VI
Скончыўся месяц траў, адквітнеў за ім месяц кветак.
Аднесла ветрам арэхавы пылок, згінула да наступных надзей і новай вясны вампір-трава, адышлі пярэста-зялёныя "капыцікі марыінай асліхі" — падалешніцы. Прыйшоў пчаліны, касазвонны месяц цвету ліп.
Усё мянялася. Нішто не мянялася толькі ў Загоршчыне.
І вось аднойчы, прачнуўшыся пазней звычайнага ад прыглушанага звону гадзінніка, Алесь адчуў, што нешта не так. Не ўвайшоў Фельдбаўх, не з'явілася ў дзвярах хмурнаватае аблічча добрага Кірдуна.
І хлопец на нейкую хвіліну адчуў сябе самотным і пакінутым на волю лёсу. Толькі на адну хвіліну, бо ў наступны момант ён успомніў, што прыйшоў той дзень і з ім, магчыма, нейкая воля, магчымасць быць хоць трошкі гаспадаром самому сабе.
На гэта намякала адзенне, вольна раскладзенае на спінцы крэслаў, і тое, што дзверы ў ванны пакой былі адчынены, — рабі сам, што хочаш. З асалодаю ўспомніўшы гэта, ён пацягнуўся і раптам, быццам кім падкінуты, сеў на ложку.
За акном пачуўся гулкі гук. Аднекуль з-за дома, з берага паркавага стаўка, ударыла гармата. Потым другі раз… трэці… восьмы… адзінаццаты.
Дзверы расчыніліся рэзка, як быццам таксама ад удару гарматы. На парозе стаяў пан Юры, белазубы, загарэлы. Махровы персідскі халат расхінуўся на грудзях. Ад усёй постаці, ад хвалістых густых вусоў, ад сініх смяшлівых вачэй так і веяла здароўем.
— Паставіць на ногі лайдака-князя, — грозна рыкнуў бацька. — Лайдак-князь спіць і не ведае, што яго чакаюць вялікія справы.
Алесь не паспеў спахапіцца, як дужая мужчынская рука рванула коўдру і бліскавічна, асабліва гучна ляснула па мяккім месцы.