Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Харты былi ўсе белыя, з доўгiмi шчыпцамi [14] . Вялiзныя iхнiя вочы былi, як чорныя слiвы.

Бацька на хаду даваў парады, якiя Карп слухаў пачцiва, але з нейкай сваёй думкай.

— Пайшлi б вы ўжо, княжа, да Азы, — сказаў ён. — Хвалюецца.

Калiдорчыкам прайшлi ў парадзiльнiк. Тут, у плеценым кашы, ляжала на аўсянай саломе чорная з белым сука iспанскай пароды i махала куртатым хвастом. Ля яе саскоў павiсквалi цёплыя шчанюкi.

Убачыўшы гаспадара, Аза танютка брахнула. Вялiзныя, усе ў дробных завiтках, чорныя вушы раскрылiся.

14

Шчыпец — пашча ў хартоў (паляўнiчы жаргон).

— Бачыш, — сказаў Алесю пан Юры, — на качак i цецерукоў лепшага не бывае. А якая акуратная. Не сабака, а арыстакратка.

— Я вазьму аднаго шчанюка, — сказаў Алесь.

— Ну вось, — сказаў бацька, — цяпер маеш усё. А iмя ёй будзе — Алма.

Хадзiць давялося доўга. Аглядалi палi, не вельмi добрыя. Аглядалi бровар i — здалёк — багадзельню. Ля сцежкi, што вяла туды, выпадкова падслухалi размову дзвюх старых. Стаялi, абапiраючыся на кii.

— Ты куды iдзеш?

— Га?

— Куды iдзеш, кажу?

— А-а… У анвалiдны дом.

— Ну i як там?

— Нiшто-о.

— Кормяць хаця добра?

— До-обра. Цэбар крупнiку дадуць на тыдзень, акрамя сухога, то хочаш адразу з'еш, хочаш — раздзялi.

I гэта размова сапсула хлопцу ўсю радасць ад Ургi, Касюнькi i Алмы. Не ўзнiмаючы вачэй, ён глуха спытаў бацьку:

— Гэта праўда, што iм адразу даюць?

— А што iм, дрэнна?

— Але чаму адразу?

Селi адпачыць у парку, на лаўцы з неашкураных бярозак.

Бацька пакручваў хвалiсты бялявы вус, з усмешкай паглядаў на сына. Яго загарэлы твар здаваўся алiўкавым ад рухомага ценю дрэў.

— Добры ты, сыне. Я вось купiў у матчынага траюраднага брата, у Кроера, цукраварню. Прыйшоў — аж работнiкi ўсе ў масках, каб не елi цукру. Гэта Кроер прыдумаў.

— Ну i дурань, — сказаў сын. — Я i чуў, што гадзюка.

— Ды i не ў тым справа. Нельга дазволiць такога здзеку. Што яны, быдла, гэтыя людзi, цi што? Я зняў… Але ж нельга дагаджаць. Будзеш салодкi — згiнеш. Багацця аднаго чалавека на ўсiх не выстачыць. Ведаеш, колькi дваран на Магiлёўшчыне?

— Не.

— Патомных нешта каля дваццацi сямi тысяч, асабiстых — каля трох з паловай, але гэтыя не ў лiк. Дык вось, з гэтых дваццацi сямi тысяч маюць права голасу на выбарах у губернскi сход толькi пяцьсот восемдзесят два. А сялян у губернi восемдзесят сем тысяч пяцьсот шэсцьдзесят адна душа — па тры душы на аднаго дваранiна. Дробная шляхта — гэта бочка з порахам. Ненавiдзяць i нас, i сялян. А ў цябе з братам сем тысяч гаспадарскiх душ. Ты з часам дваццаццю дзевяццю тысячамі будзеш уладаць. Трэцяй часткай усiх душ губернi, не лiчачы тых, што за яе межамi. I калi будзеш даверлiва глядзець у драпежныя зяпы — жывога праглынуць.

— А нашто яна мне патрэбна, тая, трэцяя? — спытаў Алесь.

Бацька аслупянеў.

— Ну, хаця б для таго, каб быць добрым да большай колькасцi хрысцiян… Ты не Кроер, не Хаданскi, не Таркайла… Нашы людзi бога моляць, каб не трапiць ад нас да iх.

— Усё адно гэта нiкуды не варта. Хай добры ты. Хай добры буду я. А што, як памрэм? Яны ж тады сваякам пяройдуць, напэўна… тым. Куды ж такi парадак варты, калi чалавек не ведае, што з iм будзе заўтра? I людзi на вёсцы так гавораць i баяцца.

— З намi нiчога не зробiцца, — сказаў бацька. — Не тое перажывалi. Восемсот год за плячыма. I вера ў будучае. Я не баюся нi чумы, нi вайны, нi палiтычных забойстваў, нi руднiкоў. Хвала богу, усяго было. Горшага не будзе.

Памаўчаў, водзячы прутком па пяску.

— Справа ў тым, што ты належыш да самай дзiўнай суполкi на зямлi. У гэтага клана было славутае i грознае мiнулае, — але i тады ў яго не было iмя. У гэтага клана сучаснае, горш за якое цяжка знайсцi, i будучае, што губляецца ў тумане невядомага. Гэта грамада не мае свайго аблiчча — i пагражала калiсь ордэнскiм землям. У яе няма душы — i яна выклiкае магутны выбух сiл у кожнага суседа, што датыкнецца да яе. Тады яна дае такiя ўзлёты генiя, што ўсiх бярэ здзiўленне. Часам яна знiкае, як рака пад зямлёй, каб усплыцъ у зусiм нечаканым месцы, Штохвiлiнна гiне i адначасова жывучая, як нiхто. У цябе няма адзнак, i менавiта ў гэтым вялiкiя твае перавагi. Ты бязлiкi i ты мнагатвары, ты нiшто i ты ўсё. Ты кладоўка самых неверагодных магчымасцей. I ты ганарыся гэтым, ганарыся сваей магутнасцю, ганарыся тым, што ты — гэта ты.

Пан Юры паглядзеў на постаць сына i раптам спахапiўся:

— Ах, божа, ты ж яшчэ шмат чаго… Ды добра, добра… Я, цi разумееш, i гаварыць не магу. Не мая гэта справа, я чалавек просты. Вось паляваць ды сабачнiчаць — гэта ўжо iншае.

Зноў абмiнулi дом з серабрыстымi фантанамi iтальянскiх таполяў. Ад бакавога ўвахода ў яго цягнулася вузкая алейка. У канцы яе стаяў той круглы павiльён, што заўважыў Алесь, пад'язджаючы да Загоршчыны. Дах гэтага павiльёна перарываўся па кругу суцэльным шкляным акном, а вышэй шкла ўзносiўся зграбны круглы купал.

— Царква, цi што? — спытаў Алесь.

— Гэта карцiнны павiльён. Зрэшты, ты пакуль мала што яшчэ зразумееш. Я хачу табе паказаць толькi адну карцiну.

I ён адчынiў дзверы.

— Тут, брат, усё ёсць. Лепшая калекцыя толькi ў твайго дзеда… Вось глядзi.

Проста перад iмi вiсела на сцяне даволi вялiкая карцiна ў цяжкай, пацьмянелай ад часу залатой раме. На карцiне быў пейзаж, якiх не бывае — празрыста-блакiтны i няўлоўны.

— Мантэнья, — сказаў бацька, — славуты iтальянскi мастак.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 15
  • 16
  • 17
  • 18
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: