Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Ты толькі птрунькі не спраўляй, Кахнова Галінка, — мякка сказаў ён.

— Я… не буду, — сказала яна ціха.

— Ну вось i добра. Ты лепей на свет глядзi.

Ён памог ёй вылезці з чоўна.

— Дзякуй, — сказала яна.

— Нічога, — сказаў ён, і таму што шкада было адпусціць яе, не сказаўшы больш ніводнага слова, спытаў: — Як у вас там гарох сёння?

— Сёння ў нас гарох нічога, — сказала яна. — Падсох — аж звініць.

— I ў нас сёння нiчога, — сказаў ён. — Укалотны.

Памаўчалі.

— А песні ў вас там на выселках іграюць?

— Іграюць.

— Трэба будзе зайсці.

— Зайдзіце, калі час будзе… Гэта ж вы дзядзькавыя браты нашага пана?

— Эге, вось і ён там у чоўне ехаў.

— Не ведалі дзеўкі, — сказала яна. — Маўчаць трэба было.

— Чаг-го? Ён харошы хлопчына. Можа, і разам калі зойдзем. Ён песні любіць.

— Пра вас кажуць: добра спяваеце.

— Гэ, лухта!

Ён моўчкі сядзеў у чаўне, гледзячы на яе.

— Дык, кажаце, добры гарох… Гэта добра… Ну, бывайце ўжо. Добрага вам свята…

Алесь здалёку глядзеў, як яны гаманілі і як потым Андрэеў човен даганяў іх па спакойнай вадзе. I ўсё гэта было як працяг ягоных думак. Ён не здзівіўся б, каб за першым жа ўзгоркам адкрыўся вачам гарадок за частаколам, зусім як у адной дзедавай кніжцы. I каб было ў ім свята, і каб гарэлі дымныя вогнішчы, каб былі дзевы, падобныя на тую, і вотракі, падобныя на Андрэя. Гэта ж была тая самая рака, што і за тысячу год да іх дзён, тыя ж берагі і тыя ж дубы на іх. Ён блытае сваіх продкаў, а яго далёкія нашчадкі будуць блытаць яго з Андрэем, а іх — з тымі, што жылі на гэтых берагах даўно-даўно. Таму што пройдуць такія вялікія тысячы год, што ўсім будзе ўсё адно…

I гэта неяк страшнавата наблізіла яго, Алеся, да ўсіх людзей, нават да тых, чые курганы стаяць вось ужо колькі стагоддзяў па берагах вялікай ракі. Ягоны курган зблытаюць з іхнімі. Пройдуць вялікія тысячы год, і людзям будзе ўсё адно. Таму, відаць, і трэба трымацца за тых, каму не ўсё адно, і любіць іх.

Ён думаў, што гэта — толькі працяг таго нязмернага шчасця, якое жыццё любоўна дарыла яму, повязі яго, шчаслівага, з усім жывым. Ён як быццам адчуў усю недарэчнасць часу і вызваліўся ад яго ланцугоў.

…У гэтым новым настроі ён быў як бы ўсеабдымным.

У Вежы былі змены: дзед знайшоў настаўніка, сухарлявага і надта разумнага маладога чалавека. Настаўнік пачаў выкладаць Алесю родную гісторыю, літаратуру і грамадскае права. Ён рабіў гэта добра, але хлопчыка як быццам нічога не абыходзіла.

Настрой усеабдымнасці зрабіў тое, што Алесь цяпер вельмі часта лётаў у сне, пад самай столлю, потым выплываў з акна і плыў над зямлёй. Духі займала. Аднойчы ён спытаў аб гэтым у новага настаўніка і атрымаў адказ:

— Атавізм.

— А гэта не ад вершаў?

I прыкусіў язык. Няварта было камусьці гаварыць пра тое, што жыло ў ім.

— Вершы — глупства, — сказаў настаўнік, папраўляючы доўгія валасы. — Гэта добра для сытых, а вакол столькі бедных людзей. Ім трэба асвета. Настаўнікі. Медыкі.

Бедных людзей было сапраўды шмат, і вершы iм былі непатрэбны. Але ж ён пытаў не аб тых вершах, якія ў кнігах. Ён пытаў аб тых, якія носяць чалавека над зямлёй і дазваляюць адначасова быць з усімі.

Алесь замкнуўся, нікога не пускаючы ў свой свет. Ён слухаў спрэчкі новага настаўніка з Вежам і адчуваў сябе ў нечым вышэй за іх. Яны не ведалі яго таямніцы, якая давала змогу яму, Алесю, любіць усіх людзей, як самога сябе, бо ўсе былі адно, і над гэтым адным не было ўлады часу.

Настаўнік і дзед не разумелі гэтага. Яны спрачаліся.

— Нашчадкі славянафілаў, — віраваў настаўнік. — Захад для іх распуста, злосць, крамола. "А вось мы — непарушнае адзінства праваслаўнага блажэнненькага народа з праваслаўным белым царом. Носьбіты велічы! Трэці Рым! Сіла, якая ўратуе гнілы свет. Крыж на Сафіі, гасудар-бацюхна, славяне богабаязныя, душа смірэнна мудрая! Свет велічы і праўды — не тое, што бязбожныя заходнія аспіды…" А за іхнімі гэтымі ідэямі — бруд. Мы — нашчадкі іншых людзей, мы нясём радзіме адмаўленне, свежы струмень вады ў яе дрыгву.

Дзед велічна ўсміхнуўся.

— Я паважаю вашы думкі, — сказаў ён. — Але не вы дый не вашы апосталы першыя сказалі пра гэта. Яшчэ нейкі баярын бубнеў аб "багамерзскіх немцах з іхняй геаметрыяй". А другі рэзаў яму бараду. Гэта было і гэта будзе праз дзесяць і праз пяцьдзесят год. Паўторыцца старая казка аб заходніках і славянафілах. I толькі падставы будуць іншыя, а вонкавыя праявы падобныя і страшэнна смешныя.

— Што ж вы, адмаўляеце погляды рыцараў духу? — аж бляднеў настаўнік. — Тых, што ў Петрапаўлаўку ледзь не трапілі?

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: