Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Хачу.

— Ну вось. А я стаў лянівы на дабро… Усё думаеш: можа, другім разам. А гэтага нельга!.. За гадзіну я абдумаў. На ўсіх актораў запавет, што яны будуць вольныя пасля маёй смерці. А ёй — вось ён, — і дзед паказаў жаўтаваты аркуш паперы. — Заўтра яна можа ісці, куды хоча.

— І яна можа?..

— Тут сказана: хоча — няхай iдзе. Хоча — няхай астаецца ў маiм тэатры, грае ўжо як вольная.

Алесь прыўстаў і схапіў дзедавы рукі.

— А цяпер ідзі, занясі сам…

…Ён ляцеў начным калідорам — аж рэха лунала. Кінуўся ў дзверы і пабег пераходам над аркай. Загрукаталі вінтавыя сходы на антрэсолі.

…Ён нечакана ціха пастукаў у дзверы…

Дзверы адчыніліся, і ён убачыў жаночую постаць у доўгім начным халаце, валасы, сабраныя стужкай, і вочы.

У гэтых вачах і цяпер жыў сум, але яны трошкі пацяплелі.

— Заходзьце, — сказала яна.

…Просценькі туалетны столік, дзве свечкі на ім. Разгорнутая кніга на крэсле.

— Сядайце.

Усё было звычайнае. І ўсё ж за гэтым пакоем ён бачыў вязніцу і полымя вогнішча.

Пачырванеўшы, працягнуў ёй скрутак паперы.

— Што гэта?

— Прачытайце. I не бойцеся турмы. Я вас абараню.

Яна з усмешкай паглядзела на яго, такога наіўнага ў сваёй веры. Што мог зрабіць ён?

Пасля разгарнула скрутак i з той самай памяркоўнай усмешкай пачала чытаць.

Усмешка знiкла.

Страшна бледная, яна глядзела на яго.

— Стары пан піша, што ён вызваляе мяне па вашаму жаданню.

— Калi ён пiша так — значыць, ён добры да мяне.

І тут ён убачыў яе вочы. Што гэта было, ён не ведаў, але гэта былі зусім другія вочы, не тыя, што вось толькі, не тыя, што на сцэне.

Маўчанне панавала ў пакоі. А за паўкруглым акном ляжала глыбокая ноч.

— Дзякую вам, — сказала яна. — Я гэтага ніколі не забуду. Ніколі не забуду.

Гэта было непатрэбна. І ён, адчуваючы, што слёзы вось-вось зноў пырснуць з вачэй ад захаплення і шкадобы, павярнуўся і кінуўся з пакоя.

XVII

Раніцай сонца прабівалася праз плюшч на вялізную верхнюю тэрасу, што з фасаднага боку. У вальерах сварыліся і шалёна крычалі папугаі.

Дзед сядзеў у крэсле. Перад ім дымела філіжанка шакаладу і стаяла бутэлька белага віна. Убаку сядзела за каклюшкамі Глебавічна.

А перад Алесем акрамя шакаладу ляжалі лісты жоўтай слановай паперы, стаяла ў чарніліцы кітайская туш. Дзед у гэтых адносінах быў вялікі сноб, — пісаць, дык пісаць так, каб была асалода: ільсняным чорным па гладкім жаўтаватым, тады пішацца нешта талковае. "Сучасныя пісакі таму і пішуць абы-як, без стылю, што перад імі каравая папера і чорт ведае якія пер'і: скрабуць ды рыпяць".

А пер'і былі адмысловыя: гусіныя, тонка завостраныя, мяккія, заўсёды з левага крыла, каб зручна ляжалі ў руцэ.

Дзед прыгубляў віно і пачынаў, быццам бавіўся новай гульнёй, але так, што гэтага нельга было заўважыць:

— Разважаннi аб злачынстве i пакараннi…

Пяро ў Алеся пачынала бегаць.

— Не спяшайся, — казаў дзед. — Выслухвай і запісвай самае галоўнае… Дык вось, мы спыніліся на неадпаведнасцях паміж людскімі законамі і натуральным законам прыроды…

Дзед думаў хвіліну.

— Чалавек следуе законам натуры толькі ў горшым. Ён карае смерцю нават за тое, за што натура даруе ў літасці і жорсткасці сваёй… А між тым, безумоўна, падлягае смерці толькі адно злачынства — здзек з чалавечай душы, катаванне чалавечага цела… Сюды трэба аднесці гвалт над жанчынай…

— Бацюхна, — з дакорам казала Глебавічна. — Яму рана.

— Маўчы… Заўтра я, магчыма, памру, так і не дачакаўшыся, калі яму будзе "час". Хай слухае. Ён не зразумее гэтага брудна…

— Табе лепей ведаць, — прымірылася яна.

— Вы гаварылі, што ў Півошчах стралялі, — сказаў Алесь. — Што атаман Прайдзісвет забіваў з голаду… Тады і… нас.

— Магчыма, сынок.

— Ба-ацюхна мой, — уздыхнула Глебавiчна. — Вы ж не ўдарылі нікога за ўсё жыццё.

— Ён разважае разумна, матухна, — казаў князь. — Я не ўдарыў, але маё становішча такое, што я магу ўдарыць чалавека, які не можа адказаць. Значыць — розніца невялікая.

— Вы пан літасцівы.

— У літасці ўся і справа. Літасцівы. Ашчаслівіў. А яго сын, скажам, будзе нелітасцівы. Або мы загінем падчас навальніцы на Дняпры. Усе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 68
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: