Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Яны пачалі спускацца. Ужо на беразе ён акінуў яе позіркам і ўбачыў, што яна нават не падрала сукенкі. Быццам нічога не здарылася, яна памахала рукой.

— Я ж кажу: мядзведзь. Хапае за руку, як за сук.

— Даскакалася?

Ён адчуў нешта цёплае на запясці левай рукі: з невялікай ранкі кроплямі сачылася кроў. Відаць, разадраў аб адколіну сука.

— A хто вас прасіў? — спытала яна. — Лезеце тут…

Тады ён не вытрымаў. Дрыжучы ад злосці, схапіў яе левай рукой за плячо, a правай даў плескача па тым месцы, дзе спіна перастае называцца спіной…

Пасля ён моўчкі зрабіў рукой знак, каб яна пайшла.

Яна не ішла. Стаяла і глядзела на яго.

— Мяне нiколi не бiлi, — хутчэй з непаразуменнем, чым з крыўдай, сказала яна.

Ён маўчаў.

— Дальбог, нiколi…

Тут ён азваўся:

— I дарэмна. Ідзі адсюль.

Яна вагалася. Нават уздыхнула ў цемры. I тут ён пачуў нешта такое…

— Можа, і ёсцека тут праўда… — амаль з вясковым прыдыханнем сказала яна. Зусім чыста па-мужыцку…

— Ты што ж… I гаварыць можаш? — спытаў ён. — Чаго ж прыкідвалася?

— Бацька са мною, калі не пры гасцях, заўсёды так гаворыць, — уздыхнула яна. — A прыкідвалася… так проста.

— Ну і брыда, — са злосцю сказаў ён. — Ідзі адсюль. Ну, чаго стаіш? Ідзі, кажу.

— Я ніколі больш не буду спяваць песню пра медзведзяня, — сказала яна.

Ён размяк. Узяў яе далонямі за галаву.

— Ты… не плач, — сказаў ён. — Не трэба.

Майка парывіста прытулілася да яго.

— О, прабач, прабач, Алесь, — уздыхнула, як усхліпнула, яна. — Я ніколі больш не буду так.

Алесь баяўся, што яна расплачацца. Магчыма, так і здарылася б, каб яна краем вока не заўважыла кропляў крыві на яго запясці.

— Што гэта?

— А, глупства.

— О, прабач, Алесь… Што ж цяпер рабіць? Ага, ведаю. Я завяжу табе руку паловай гэтай мантыльі. I кроў цячы не будзе, і ніхто не даведаецца, што ты параніўся. Падумаюць, што я проста дала табе павязку, як y песнях.

I, перш чым ён паспеў сказаць нешта, яна прыўзняла ў тонкіх руках белы вэлюм, павяла вострымі локцікамі ў бакі, і ў цемры прагучаў рэзкі гук.

— I на цябе не будуць сварыцца, што падзерла? — спытаў Алесь.

— На мяне нiколi не сварацца, — сказала яна.

Яна зрабіла павязку з бантам, як шалік. Ніхто б і не здагадаўся, што гэта павязка. A потым яны пайшлі да палаца, адкуль ужо далятала музыка: пайшлі спярша па спляценні ценю і святла ад каганцоў, потым па каляровых плямах ад ліхтарыкаў.

Каля самага ганка яна павярнулася і, гледзячы яму ў вочы, сказала:

— Я ніколі не буду… Толькі і ты… паменш танцуй з Ядзечкай… Добра?

— Добра, — паабяцаў ён.

…А потым свісталі, імкнуліся кудысь над цёмнымі верхавінамі палымяныя змеі, зменлівае святло бегла па тварах людзей на тэрасе, a італьянскія таполі здаваліся то срэбнымі, то зусім чырвонымі, як кроў. Шалёна круціліся агнявыя колы, гучна лопаліся шматкаляровыя буракі, гарэлі ў небе літары "A" i "З", і Майка міжвольна ўздрыгвала, калі новы барвяны дракон ляцеў y неба.

Калі садзіліся за стол і Майка села побач з Aлeceм, y Ядзечкі сталі такія вочы, што Алесь сумеўся: няўжо каму-небудзь магло быць не так весела, як яму. I тады Майка прыцягнула "ляльку" за руку і пасадзіла таксама побач з Алесем, толькі з другога, правага боку, і загаварыла з ёй, і Ядзі таксама зрабілася весела, тым больш што і Франс сеў з ёю, a Мсціслаў, з месца насупраць, жартаваў так, што ўсе аж трэсліся ад смеху.

A потым госці асталіся за сталамі, a дзеці пайшлі датанцоўваць. Але танцаваць ужо не так хацелася, і Алесь, Ядзя, Майка, Мсціслаў, Янка і Франс распачалі вясёлую гульню: падчас танцаў хто-небудзь знікаў, тады астатнія, спахапіўшыся, пачыналі яго шукаць y напаўцёмных i зусім цёмных сумежных пакоях.

I вось калі Алесю выпала шукаць, ён выпадкова стаў сведкам незразумелай і таму трошкі непрыемнай сцэны.

Ён абышоў ужо тры ці чатыры пакоі і нячутна крочыў авальным пакоем, дзе ў нішах стаяў такі моцны і прыемны водар кветак — зусім бы ў трапічным лесе — і дзе ў адной, самай вялікай, нішы паплюхваў фантанчык. I вось y гэтай самай нішы ён раптам пачуў мужчынскі голас і спыніўся. Там было два галасы: бацькаў і графа Ісленьева.

Разумеючы, што падслухваць нядобра, Алесь на дыбачках павольна пачаў пасоўвацца назад, да выхаду.

— T'en`ebres! T'en`ebres! [39] — казаў граф з ціхімі прыдыханнямі.

— Годзе вам, — супакойваў бацька. — Усе ведаюць, што вы ні пры чым.

— Ах, хіба ў гэтым справа! Як я мог думаць, што можна служыць і аставацца сумленным!

— Што зробіш? Трэба ж неяк жыць.

Граф перарывіста ўздыхнуў.

— Я так і думаў. I ўсё ж лепей было не жыць. Я ўсё часцей думаю аб гэтым. Пасля такога маладога, такога гарачага юнацтва — старасць, якая пахне псінай. Злітуйся, божа, над тымі, хто служыць д'яблу, хто хоць словам, хоць маўчаннем дапамагае яму… Хіба гэта дваране?! Ні сораму, ні гонару. Усё адно каго хваліць, усё адно перад кім звівацца на пузе, усё адно каму бессаромна падтакваць. Усё адно перад кім каяцца ва ўчарашніх подласцях, a сёння рабіць новыя, каб заўтра было ў чым каяцца перад іншым.

39

Змрок! Змрок! (франц.)

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: