Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Свят-свят, — хрысцілася Глебавічна. — Вы нешта жахлівае кажаце.

— Так, дзядуля, — казаў Алесь. — Я і сам гэта думаў. А потым прыйдзе нейкі Кроер.

— Вось, — казаў дзед. — І таму мы, незалежна ад нашых добрых якасцей, удзельнічаем у адным вялізным злачынстве, імя якому… Расійская імперыя.

Стары вальтэр'янец усміхнуўся. Зялёны і сонечны цень ляжаў на яго абліччы, а ў вальерах далёка і прыглушана крычалі птушкі.

— Чаму ж не змяніць гэтага? Ёсць разуменне, ёсць воля, ёсць зброя.

— 3 кім змяніць, сынок? Каб было з кім — я першы блаславіў бы цябе на гэта, — сумна ўсміхаўся стары. — Няма з кім. Пагоны, ордэны, прывілеі разбэсцілі амаль усіх. Гэта подласць. Гэта замаскіраваныя хабары, якімі бяруць прагных да пашаны і проста нячыстых людзей. І вось таму я кажу табе гэта, каб ты не быў падобны да іх. Ніколі не бяры прынады, ніколі не бяры славы і ўлады — хаця б цябе сілком цягнулі да іх. Ніколі не йдзі на раду нечасцівых, блажэн муж.

Ззяла сонца, заліваліся птушкі ў шатах дрэў і вальерах. А стары маленькімі глыткамі, толькі мачаючы вусны, піў віно, і твар яго быў незвычайны, горкі і з'едлівы, і ад гэтага прыемны.

— Няма з кім, сынок… Часы… Равеснік Шэкспіра меў бы магчымасць бачыць большасць славутых англійскіх драматургаў. Равеснік Фельдфебеля — ледзь не ўсіх славутых мярзотнікаў і паганцаў свету, бо і ў тым і ў другім выпадку існавалі ўмовы, якія спрыялі іх з'яўленню і развіццю. Або прасцей: якая эпоха, такія і таленты.

— А мы? — спытаў Алесь.

— А што мы? Гісторыю Прыдняпроўя павінен быў бы пісаць кат. Ён меў магчымасць назіраць за канцом усіх колькі-небудзь значных людзей твае і мае радзімы. І ён быў бы самы дасведчаны, бо толькі ён адзін мог ведаць, колькі патаемных запаветаў перадалі яны пласе сваімі абяскроўленымі вуснамі… Больш ніхто не ведаў. Больш ніхто не чуў…

Алесь даўно пакінуў запісваць. Але стары не заўважаў гэтага.

— Вось, скажам, славутыя цар-гармата і цар-звон… Гэта — пагарда да законаў прыроды і механікі, пагарда свядомая, пагарда ў імя царскага дурнога гонару, у імя варварскага імкнення здзіўляць усіх памерамі, велічынёй, вагою… Сотні людзей пакутуюць, здабываючы жалеза і медзь, задыхаючыся дымам ля формаў… І ўсё дзеля таго, каб гармата не страляла, а звон ляжаў на зямлі, не вытрымліваючы сваёй вагі, і не званіў…

Алесь, трошкі зачараваны гэтай жоўчнай логікай, пакрысе пачынаў супраціўляцца.

— Ёсць жа зброя, каб ваяваць. Можна пераконваць, спрачацца, збіраць сяброў…

— Гэта значыць, палітыка? — бязлітасна пытаў стары.

— Як бы ні звалася.

— Палітыка — брудная справа. Ты ведаеш, у чым яна, палітыка?

— Напэўна, ёсць і добрая палітыка.

— Хто гэта табе сказаў? Тыя, што ўбіраюць свае справункі ў павінае пер'е? А самі яны, кажучы прыгожыя словы, што робяць? Ты на іхнія справы глядзі, — ваўкі. Mon fils, il n'y a qu'une politique, c'est de tenir le pot de chambre l'homme au pouvoir, et de le lui verser sur la t^ete quand il n'y est plus [59] .

59

Мой сын, iснуе толькi адна палiтыка: трымаць начны гаршчок перад чалавекам, якi знаходзiцца пры ўладзе, i вылiць гэты гаршчок на ягоную галаву, калi ён пазбаўляецца гэтай улады (франц.)

I князь адсоўваў келіх. Уставаў.

Потым разам ішлі гуляць. Аглядалі пакоі, залы для баляў, малых прыёмаў, грэчаскую залу для антычных статуй, егіпецкую для манет, затым самую вялікую, версальскую — для фарфору і новых карцін. Версальская зала здавалася бясконцай: верхняе святло халаднавата лілося сюды, адбіваючыся ў люстрах. Мармур высачэзных калон з канелюрамі трошкі пажаўцеў, нагадваючы слановую косць.

Аглядалі жылыя пакоі, удвая ніжэйшыя, чым парадныя, аглядалі бібліятэку з бясконцымі шафамі, у якіх чарнелі старажытнымі дошкамі і залаціліся новым цісненнем незлічоныя кнігі.

І ўсяго гэтага было так многа, што рабілася непрытульна. Нашто гэта? Адразу зразумела, чаму ў іх амаль не жывуць, чаму аддаюць перавагу пакойчыкам, удвая ніжэйшым і прытульнейшым.

Увечары Алесь ішоў у тэатр і там смяяўся і абліваўся слязьмі над гаротным лёсам Аглаі з "Палескага разбойніка" і дрыжаў ад шкадобы і тугі, калі ў "Рычардзе ІІІ" пачвара кароль, забіўшы Яе мужа, з д'ябальскай хітрасцю ашукваў Яе. Яна стаяла, гордая ў сваёй нянавісці, і пакрысе той, гарбаты, абуджаў у ёй гонар жанчыны, якую кахаюць. На вачах у Алеся нараджалася каханне, аб якім ён толькі невыразна чуў… У яе мокрых вачах, цьмяна асветленых нянавісцю, нараджаўся аднекуль цэлы свет: давер, боль, а за ім святло саміх нябёс.

Ён яшчэ не мог стрымлівацца, і таму ў зале часта гучалі яго рыданні. І людзі на сцэне адчувалі, што адзін удзячны глядач замяняе ім поўную залу.

Калі праз шмат год славутую актрысу пыталі, ці памятае яна дні, калі іграла лепей за ўсё і хто гэта бачыў, яна адказвала:

— Памятаю. Але гэтага ніхто не бачыў. Толькі адзін. Усё маё астатняе толькі падробка пад тыя дні. Толькі для аднаго я магла так іграць.

— Дзе ж ён, гэты шчаслівец?

— Шчаслівец?.. Не…

Яна болыш нічога не казала. І невядомы "адзін" стаў легендай.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 69
  • 70
  • 71
  • 72
  • 73
  • 74
  • 75
  • 76
  • 77
  • 78
  • 79
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: