Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Бацька азiрнуўся — Алесь убачыў ягоныя вочы, вельмi сiнiя i прастадушна-хiтрыя.
— Крэбс замест карбача лёсачку ўзяў, — шапнуў ён. — Толькi воўк на яго, а ён яго лёсачкай па зяпе — плясь-плясь. "О но, мiстэр воўк. Но-но! Англiчан нельга".
— Но, — зусім нечакана сказаў Крэбс (а ехаў жа, здаецца, далёка). — Англічан можна. Нельга глюпых і злых жартаўнікоў, якія лічаць англічан дур-ны-мі. Ад іх у ваўка бр-рум у жываце.
Бацька жартам уцягнуў галаву ў плечы.
— Заспелі, брат, нас з табою ў гароху, — сказаў ён.
Алесь засмяяўся. Зноў цішыня, глухія крокі ды зрэдку, бадзёрае ў свежым тумане, пырханне каня.
…Ехалі садам. Наплывалі нечакана і знікалі за спіной вільготныя яблыні. Алесь заўважыў у парадзелай бурай лістоце два забытыя яблыкі. Абарваў, разламаў, надзяліў Крэбса, бацьку. Заўважыў суровы позірк Карпа, працягнуў палавінку яму.
— Не трэба, паніч, — сказаў Карп сваім звонкім і трошкі сіпаватым даязджачым голасам. — Ешце ўжо на здароўечка. Гэта — не бульба.
Яблыка было сцюдзёнае, у халодных дажджавых кроплях, і ён адкусіў з хрумстам і праглынуў, як самое здароўе праглынуў.
Вёска адкрылася за садам верхавінамі вочапаў, якія плавалі над туманам і часам знікалі ў ім, каб зноў вынырнуць, з глухім бразганнем нябачнага ў тумане вядра.
— Панскае паляванне, — сказаў нечы нерэальны, бы праз дрымоту, голас. — Вала з'ядуць, а зайцам закусяць.
Потым нешта насунулася з абодвух бакоў: па грыбным водары прэлай лiстоты можна было здагадацца — лес. Вiльготным здаровым холадам прабiрала да касцей.
Над сцежкай віселі чырвоныя плахты рабін.
Лес стаў радзець. Травы, галіны, свежыя распасцёртыя хмызы плакалі чыстай росіцай. І колеры ўсяго вакол — мухамораў, пунсовых клёнаў і барвяных маладых асін — былі няяркія ў тумане, але затое больш глыбокія, ад вільгаці.
А калі яны пакінулі лес і ўз'ехалі на вяршыню грады — перад іхнімі вачыма, уся ў белым малочным сонцы, адкрылася зямля.
Яна ляжала як сягнуць вокам, яшчэ няяркая, але пакрысе быццам набіралася ад сонца фарбаў, колераў, адценняў. Ружовай рабілася раса, вясёлкавым — верас. І ў небе, яшчэ бялёсым, як сабранае малако, усё яснеў празрысты блакітны колер.
І тут нечакана заспяваў Карпаў рог:
Сон-ца, сон-ца, Ўста-вай, ста-вай, З донца, з дон-ца, з дон-ца Тум-ман выл-лівай. Звяроў, Звя-роў давай, Ваў-коў, Дзі-коў Да-а-вай.Гэта быў сігнал пераставіць карабіны шворак "на рыўца", калі зграя вызваляецца адным рухам рукі. Звер мог ускінуцца ледзь не з-пад самых капытоў.
Рушылі далей, па шорсткім іржышчы. А дзень усё блакітнеў, і сонца, ужо трошкі цёплае, пачало зіхацець на ствалах. І Алесю раптам стала так радасна, што ён няголасна, і таксама на матыў і голас рога, сам сабою праспяваў:
Гуськом яны едуць у ранняй імгле, І сонца гуляе на кожным ствале.Бацька падазрона паглядзеў на яго.
— Што гэта такое добрае? — спытаў ён.
Алесь засаромеўся.
— Ану, дай рог, — сказаў бацька.
Прыклаў новы срэбны рог Алеся да вуснаў, апрабаваў, перабраўшы некалькі гукаў, і раптам, як падарыў халоднаму святлу празрыстую трэль:
Та-дры-цці-тта!І, упэўнена цяпер, падарыў беламу сонцу ўсю срэбную мелодыю:
Гусько-ом яны е-едуць у ра-анняй імгле, І со-онца гуля-ае на ко-ожным ствале, Та-ці-ці-та, та-та-ці-ці-та-а-а.— Хораша, — сказаў ён. — Словы ж не самае галоўнае. Галоўнае, каб клалася на рог і настрой… Гэта ты сам?
— Сам, — прызнаўся Алесь.
— Ну вось бачыш, нічога цяжкага. Вось і твая першая прыпеўка… Гэта калі радасна ехаць на паляванне.
— На паляванне, па-мойму, заўсёды радасна ехаць.
— Не кажы, браток, — сказаў бацька. — Часам так цяжка — месца сабе не знаходзіш. Шчасце тваё, што сёння едзем на драпежніка і першым у тваім сэрцы збудзіцца азарт, а не шкадаванне. Азарт гэты — душа палявання. Сапраўдны паляўнічы не прап'ецца, у карты не прагуляецца — яму гэта непатрэбна. Карцёжнікі гэтыя, вартыя жалю, не ведаюць, які ён, сапраўдны азарт…
Дзень быў сапраўды цудоўны. Апошні туман знік з бясконцых іржышчаў і лугоў, і свет ляжаў цалкам блакітны і празрысты.
Там-сям серабрылася ў паветры лятучае павуцінне. І далёка, далёка, далё-ока стаялі на мяккіх узгорках чырвоныя і залатыя дрэвы, на якіх можна было адрозніць кожную галіну.
Паветра як быццам зусім не было, толькі нешта зажуранае і сіняе абвалакала ўсё, што ёсць на зямлі, і грудзі радасна адчувалі яго бадзёры і свежы халадок.
Ехалі ржышчам да Чорнага Рова — глыбокага і доўгага, вярсты на тры, яра ў полі. Ён быў такі глыбокі, што хмызы і высакаватыя дрэўцы на яго дне не паказвалі наверх нават макавак.