Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
— Ямантам…
— Сем пар нячыстых, — сказаў Кроер, але ўжо цішэй.
— І Мнішкам… Пры гэтым пан Мнішак паставіў подпіс толькі ўчора… А пан Раткевіч, хаця ідэя запіскі была ягонай, зняў свой подпіс, не згаджаючыся з дапаўненнямі, унесенымі Браніборскім, і згадзіўся зноў паставіць толькі сёння, патрабуючы, аднак, магчымасці выказаць асобную думку.
— …у палонцы, — сказаў Кроер.
— Пане Браніборскі, — сказаў Яроцкі, — ідзіце сюды, чытайце.
Браніборскі ўзняўся, чаканячы крок, пайшоў на подыюм. Чырвоная саф'янавая папка з залатымі снурамі заціснута пад пахай, галава ўскінута.
…Дастаўшы з папкі лісты блакітнай паперы, Браніборскі пачаў чытаць, трымаючы ларнет куды вышэй ліста.
Усе слухалі. Гэта былі звычайныя звесткі аб бядотным становішчы губерні, аб градзе, аб нечуванай хваробе бульбы, калі клубні амаль нельга адрозніць ад гразі, аб плацяжах па закладах, аб недаборах… Усе ведалі гэта, але звесткі, сабраныя ў купу, гучалі цяпер значна больш важка і нават застрашліва.
Становішча было сапраўды пагрозлівае.
Скончыўшы з уступнай часткай, Браніборскі абвёў усіх позіркам, змоўк на хвіліну — у зале не было чуваць людзей — і ўзвысіў голас:
— "Для отвращения гибельных последствий несостоятельности владельцев, происходивших от постигших губернию в минувших годах неурожаев, прибегнуть к чрезвычайным средствам, а именно…"
Зала маўчала.
— "А именно: изъявить готовность отказаться от крепостного права над людьми и при представлении высшему правительству о нуждах дворянства просить о дозволении составить комитет для начертания на вышеизложенном основании будущих прав и обязанностей как владельцев, так и крестьян" [64] .
64
Сапраўдны дакумент.
Маўчанне было свiнцовае, i ў гэтым маўчаннi прагучаў голас:
— Рацыя!
І ў адказ яму паляцела з розных канцоў:
— Правільна!
— Досыць ужо!
— І яны галадуюць, і мы!
Раптам узвіўся над сваім крэслам пан Кроер.
— Не!
Яго вар'яцкія шэрыя вочы, пашыраныя, ашклянелыя, абводзілі людзей.
— Не і яшчэ раз не! Хто прыдумаў? Галадранцы прыдумалі! У якіх сваіх душ няма. Зайздрасць іх бярэ! Мнішкі прыдумалі, Вірскія! Людзі з двума дваровымі. Жабракі!
— Я не жабрак i не галадранец, — сказаў даўжэзны, як калядная свяча, Юллян Раткевiч: жаўтаватае аблiчча яго было нервова-злоснае. — Я не галадранец. А мая асобная думка — вось яна. Бранiборскi прапануе адступiць ад мясцовага прынцыпу: "Сяляне не нашы, а зямля наша" i ад прынцыпу цэнтральных губерняў: "Сяляне нашы, а зямля — iхняя" ў iмя прынцыпу: "Мужыкi не належаць нам — зямля не належыць iм". Гэта, я лiчу, несумленна, гэта пазбаўляе мужыкоў набытку, робiць iх жабракамi. А мне, дый усiм тут, непатрэбны работнiкi-жабракi, памагатыя-жабракi. Я шкадую, што пусцiў Бранiборскага i дазволiў яму дапаўняць маю запiску. Шкадую, што цяпер застаўся ў меншасцi з панам Мнiшкам. Я лiчу правiльным прынцып: "Яны — не нашы, а зямля — напалову". А то атрымалася, што я пачаў гэтую справу, бо мне асабiста прыгон нявыгадны. А гэта не так. Усё.
— Ты пачаў гэтую справу, бо ты якабінец, — Кроер крычаў з круглымі ад гневу вачыма, — бо ад цябе смярдзіць французяцінай. Глядзіце, дваране! Гэта пачатак вашага канца!
Шум выбухнуў вакол яго. Сабутэльнікі цягнулі пана на месца. Раткевіч ірваўся да Кроера.
— Мужыцкія дабрадзеі! — крычаў Кроер. — Якабінцы! Княствамі ім валодаць абрыдла! Яны ў басякі захацелі, у рымары!
…Ісленьеў схіліўся да Вежы і ціха спытаў у яго:
— Ну? Чакалі вы гэтага?
— Даўно чакаў, — Вежа глядзеў на віраванне натоўпу. — Ды толькі трошкі не так чакаў.
— Чым вы гэта ўсё тлумачыце?
— Подласцю, — спакойна сказаў Вежа.
— Чаму-у?
— Дурань Кроер не мае рацыі, — сказаў Вежа. — Яны не ў якабінцы захацелі і не ў рымары. Такіх сярод іх — Мнішак ды Раткевіч. Гэта — святыя ёлупы. Як быццам нехта ім дазволіць быць святымі ў гэтым прытоне. А астатнія? Чуеце, як на Кроера крычаць? Хіба толькі тыя, што падпісалі? Не, большасць. Большасць супраць прыгону. І яны не ў рымары захацелі, а ў багатыя людзі. І вось таму я не за тое, каб адмянілі прыгон у іхніх маёнтках.
— Н-не разумею вас, — сказаў Ісленьеў. — Адкараскацца, адкруціцца захацелі ад сваіх мужыкоў, — сказаў Вежа. — У голад кінуць… Мне, граф, вядома, не хочацца, дзеля ўнука, каб прыгон адмянілі… Але каб вырашылі сумленна адмяніць — я першы аформіў бы. Грэшная, злая справа. Састарэлая. Непатрэбная.
Вусны ягоныя былі горкія.
— Як бабу… цалавалі, дык завушніцы абяцалі, а як баба раджаць, дык яны ўцякаць… Было: яны нашы, таму што зямля наша. А тут выходзіць, усё наша: і грошы за заклад, і зямля, — толькі яны не нашы. Нашто яны нам з голым пузам? Хай у старцы ідуць. Хай самі за сябе плацяць нядоімкі, якія дагэтуль за іх плацілі мы. А нядоімак у гэтых вось гаспадароў набралася ледзь не ад часоў цара Гароха… Людзі галодныя — дзе ім плаціць? Урад ішоў на некаторую адтэрміноўку, каб апошняй шкуры з мужыка не злупіць. А вы спытайцеся ў гаспадароў — ці забылі яны хаця адзін год мужыка пастрыгчы? Вось… Вось яно і ёсць.