Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

— Гэтаму лягчэй, — сказаў Раўбіч. — Шчаслівец!

XIX

Зала губернскіх дваранскіх збораў нагадвала мора ў непагоду. Уся гэтая паўкруглая зала, усе месцы за калонамі, подыюм і амфітэатр хораў — усё гэта было напхана людзьмі.

Старшыня Басак-Яроцкі, у сваім каўказскім афіцэрскім мундзіры і пры ўсіх рэгаліях, стаміўся біць малаточкам у гонг і толькі з дакорам пагойдваў галавою:

— Чорт ведае што. Дваране яшчэ называюцца. Горш за малых дзяцей.

— Дай ім выкрычацца, Пятро, — спакойна сказаў Юры Загорскі.

Ён высіўся ў першым радзе ганаровых крэслаў на подыюме. Побач з ім прыстроіўся стары граф Хаданскі. На сінім ад брытвы абліччы, як заўсёды, гуляла паблажлівая ўсмешачка.

Трохi далей, адсунуўшыся ад Таркайлы, сядзеў Iсленьеў. Румяны, як яблыка, старэчы твар яго быў нездаволены, трошкi нават грэблiвы: размовы, размовы, размовы — абрыдла.

У канцы стала, ля урны, наводдаль ад усіх, распанела, з мяккай старэчай грацыяй разваліўся ў крэсле стары Вежа. Рукою прыкрыў рот. Людзям у зале відаць было паўзверх рукі хітрае, з іскрай, вока.

Пан Юры, маршалак Юры — бо тут ён быў зусім іншы, невядома адкуль і веліч узялася — абводзіў вачыма залу.

…Усе знаёмыя, кожны твар, кожная постаць. Вунь сядзіць адзіная сярод усіх жанчына, Надзея Клейна (у яе ў доме няма дарослых мужчын, і ездзіць яна ў зборню прынцыпова). А вось там хвалюецца пан Мнішак з яго замучаным тварам і стрыманым гонарам у вачах. Ля яго Раткевіч Юллян, галава малодшага роду Загорскіх, чалавек з нервовым жаўтаватым абліччам. Ён гаворыць аб нечым з Мнішкам. Часам да іх схіляецца з задняга рада галава Міколы Браніборскага, таксама сваяка з малодшага роду. Непрыемная галава, сквапная, з хваткім, як у галаўня, ротам. Гэты, відавочна, запраўляе справамі ў сваім кутку і зараз нешта рыхтуе.

У першым радзе жоўчнае, знясiленае нейкай неадчэпнай думай аблiчча Яраша Раўбiча. На падлакотнiку крэсла цяжка ляжыць безвалосая рука з жалезным бранзалетам. Вочы-правалы часам сустракаюцца з вачыма пана Юрыя i змяжаюцца, як у стомленай птушкi.

…Пан Іван Таркайла з братам. Гэтыя, відаць, нешта прачулі, бо сядзяць насцярожана. Абодва пышнавусыя, абодва ў дыхтоўных, на сто год, сурдутах.

"Ох, нешта будзе. Дальбог, будзе", — думае пан Юры.

Тым больш што ў заднім радзе сядзіць далёкі брацік жонкі, любенькі пан Кастусь Кроер, распатланы, як заўжды на падпітку, з ашалелымі шэрымі вачыма, такімі вар'яцкімі, што хоць ты перахрысціся, зазірнуўшы ў іх выпадкам.

Кажуць, пасля бунту ў Півошчах брацік зусім расперазаўся: п'е як апантаны, распуснічае, марнатравіць набытак. Па вёсках стаіць лаянка, плач, мардабой. Пасябраваў, сволач, з Мусатавым, даў яму, кажуць, куку ў руку, толькі каб той памог яму спаймаць таго збеглага мужыка, што кінуў вілы… Як бо яго? Кошык?.. Корчык?..

І вось загонавыя, разам з блакітнымі, гойсаюць па лясах, ловяць. Ды толькі трасцу вы яго без здрады зловіце… Колькі год гуляюць славутыя бандыты? А колькі пашанцуе. Прайдзісвет гуляў некалькі год. Чортаў Бацька — шаснаццаць і яшчэ адно лета, пакуль сабутэльнікі па п'янцы не далі доўбняй, ды трапілі, відаць, па голым месцы. А Чорны Война гуляе ўжо дваццаць год. Лясы нямераныя, сцежкі знаёмыя.

Пан Юры амаль жадаў, каб у адной з вёсак Кроера адбылося нешта дзікае. Тады дваранская грамада, пад яго, пана Юрыя, кіраўніцтвам, мела б права і магчымасць патрабаваць апекавання над гэтым раз'юшаным сабакам. Адабраць, за няздатнасць і п'яную прыдуркаватасць, права кіраваць жывымі людзьмі, маёнткі ў апеку, а пана Канстанціна пад хатняе зняволенне, гуляць з нянькай у дурня ды чытаць чэцці-мінеі.

Хай адзін знявечаны. Затое астатняя тысяча душ уздыхнула б з палёгкаю.

I нiчога, нiчога ж з iм нельга зрабiць, пакуль ён бандыцкiм баронам сядзiць у сваiх вёсках. "Мой дом…" I iдзiце вы, маўляў, да д'ябла з вашымi ра?джаннямi, пан маршалак i пан губернатар.

Стары Вежа глядзеў на сына і ўсміхаўся. Усё ж чагосьці варты. Нават усе гэтыя soi-disant gros bonnets [63] глядзяць на яго не без павагі.

Урэшце, павагу ў іх прыдбаць лёгка.

Вежа нахіліўся да Ісленьева, шапнуў яму:

— Глядзі, як мой будзе ўтаймоўваць "совет нечестивых".

— Вы буркатун, князь, — сказаў Ісленьеў. — Вы зноў лаеце гэтых людзей, і ўрад, і веру. Проста дзіву даешся.

Яны ўсміхнуліся. З усяго гэтага хаўрусу Вежа паважаў толькі аднаго Ісленьева. Паважаў за чысціню, хаця і ставіўся да яго з нейкай дзіўнай паблажлівасцю, бо Ісленьеў мяккацела служыў.

63

Так званыя тузы (франц.)

…Загорскаму ўдалося навесці цішыню. Ён зрабіў Басаку-Яроцкаму знак казаць далей.

Старшыня для парадку яшчэ раз ударыў у маленькі гонг. Бронзавы гук неяк жаласна праляцеў вялізнай пацішэлай залай, прагучаў пад скляпеннямі і змоўк.

— Ціха, панове дваране, — сказаў Яроцкі. — Мы назнарок пакінулі час на тое, каб абмеркаваць запіску, пададзеную дваранскаму губернскаму з'езду і падпісаную васьмю дваранамі… Браніборскім, Вітахмовічам, Вірскім, Панафідзіным, Яноўскім… Раткевічам…

— Сем пар чыстых, — сказаў Кроер, і ўсе паглядзелі на яго.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 78
  • 79
  • 80
  • 81
  • 82
  • 83
  • 84
  • 85
  • 86
  • 87
  • 88
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: