Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Але ўсе маўчалі.

Збянтэжаны гэтай акалічнасцю аконам (пан загадаў, y выпадку чаго, пайсці на маленькія ўступкі) прапанаваў пяць капеек на дзень. I тут Янка Губа, самы стары дзед на сяле, выступіў з натоўпу:

— Мы не жабракі, каб нам замазвалі глотку шасцю фунтамі ў дзень. Мы не па дварах просім, мы просім сваё, спрадвеку ўсталяванае.

Вочы яго былі, як y пакрыўджанага спакойнага дзіцяці.

— Ён пакрыўдзіць нас надумаўся… Што ж, хай падавіцца нашым хлебам… A за сіроцкія слёзы здохнуць яму без пакаяння… A раней таго няхай ведае — не будзе плаціць за згон, як то дзядамі заведзена, — ніхто не пойдзе на згон. Паншчыну адробім, a згон няхай вырабляе ўдвох з табою, аконам.

Аконам быў чалавек неразумны і ўзгарэўся:

— Тады хрэна вам замест хлеба. Жарыце зямлю… Хто яшчэ пагражаць будзе? Хто?! Халуі бязмозглыя! Вы ж бачыце, які цяжкі год. Хіба не пан дае вам пазыкі?! Хіба не ён за вашы нядоімкі перад дзяржавай адказвае сваімі грашыма?!

— За гэта мы на яго і працуем. Але нядоімак за намі не вялося. Пазык таксама. A калі гэтай вясной і давядзецца пазычаць з яго панскай літасці, то ў каго хочаш будзем пазычаць, толькі не ў яго, аспіда нясытага. Карчмару абразы ў заставу аддадзім, бо ён толькі што нехрысць, a ўсё лепшы за яго, пашчу ненажэрную.

— Пад зброяй пойдзеце, — кiнуў пагрозу аконам.

I тут выступіў з радоў зусім яшчэ малады, год дваццаці васьмі, півошчынскі мужык па прозвішчы Корчак, працавіты бацька двох дзяцей. Толькі што вярнуўся са сціртаў (больш за ўсіх стараўся чалавек, бо сям'я ў бацькі была падзеленая і здабытчыкаў, акрамя яго, не было) і таму быў з віламі. Убіў іх y зямлю і спакойна абапёрся на дзяржальна.

— Не пагражай, аконам. Бог за пагрозы нявіннаму не даруе.

Стаяў перад аконамам бялявы, як лён, глядзеў чорнымі дрымучымі вачыма.

— A на згон не пойдзем. Калі пад зброяй павядуць, дык такую і працу атрымае пан Кастусь. Хай жаўнеры штыкамі снапы носяць.

— Зачыншчыкi! — сказаў аконам. — Ясна.

I дастаў з кішэні кніжку і аловак.

— Не дамо пісаць! Не дамо! — захваляваўся натоўп. — Чорт яго ведае што ён там напіша… A потым пячаць ляпнуць — і прападай душа.

Абураныя людзi купчылiся вакол старога Губы.

Першы не стрываў Васіль Гарлач, чалавек y беднай, але чыстай, старанна залапленай світцы:

— Ды што ж гэта такое?! За што?! За нашу крыўду ды яшчэ і пісаць.

— Нядобра робіш, аконам, — сказаў Корчак. — Глядзі, каб не рыгнулася.

— Дык вось як? — пыхнуў аконам. — Добра. Яшчэ і пагрозы. Гля-дзіце, мужыкі. Усё гэта вам прыпомняць. I ад згону адмову, і абразу пану, і… тое, што іконы святыя закласці іудзеям сабраліся… Кубло гадзючае! A табе, Губа, як завадатару, не мінуць і Сібіры.

Губа здзекліва глядзеў на яго.

— Чаго мне баяцца? Мне ўсяго жыцця з вераб'іныя нагавіцы. Ну і Сібір. Няхай. Ці не ўсё адно, адкуль да прабацькі Абрама на піва выпраўляцца…

— Ён яшчэ і блюзнерыць, ёмашнік стары… Патрэбен ты Абраму, парахня смярдзючая, — сказаў аконам.

Са старым Губой ніхто так не размаўляў. Абрам Абрамам, a павага патрэбна старому нават тады, калі ён скончыў зямныя справы. I таму пакрыўджаны Губа аскароміўся.

Аконам убачыў ледзь не пад самым сваім носам парэпаную цёмную дулю, нейкую вельмі доўгую і таму асабліва здзеклівую. I тады ён размахнуўся і сцёбнуў старога па пыльнай світцы, гарбатай на спіне.

I тут адбылося тое, чаго ніхто не чакаў ад заўсёды рахманага, паважна-маўклівага Корчака. Пэўна, і ён сам не чакаў, бо твар ягоны застаўся разважлівы і амаль спакойны. A рукі ў гэты час тарганулі з зямлі гaблі [44] і шпурнулі іх y аконама.

44

Вілы.

Вілы прасвісталі ў паветры і, дрыжучы, упіліся ў зямлю між расстаўленых аконамавых ног. Аконам збялеў.

A на яго ўжо насоўваўся натоўп.

— Гані адсюль!

— Паражняк адмяніў, поскудзь!

— Трэ-э-эці дзень!!!

— Плаці за згон!

— Рунь канямi топча, конаўка дурная!

Крык ап'яніў людзей, асабліва калі яны ўбачылі, што аконам ускінуўся ў сядло і прыпусціў уздоўж вясковай вуліцы. За весніцамі аконам кінуўся ўбок і паскакаў проста пожняй, без дарогі.

A ўзбуджэнне ўсё нарастала ў душах, і над натоўпам стаяў смех, ганарлівыя выгукі, свіст. Нясытае было лета, галодная будзе вясна — чорт з ёю! Чорт з ёю, абы на хвіліну прыйшлі ў душу патоля і гонар.

— Як гэта ты наважыўся, Корчак?! A каб пацэліў?

— Каб захацеў, дык пацэліў бы, — збянтэжана і трошкі горда пасмейваўся Корчак. — Што я, турак, каб y жывога хрысціяніна цаляць?

— Ды які ён хрысціянін?! Падла ён! Як жа… Згон дарма рабілі. A цяпер голад!

I гэта зноў звярнула думкі на крыўду.

— Слё-озачкі, — загаласіла нейкая баба. — Што ж ім спатрэбілася, зяпам ненаедным?!

— У старца кій адабралі!

— У дзяцей галодных кавалак з рота вырвалi!

Загаласілі і другія бабы. I з нарастаннем іхняга галошання нейкі цьмяны, лютаваты агеньчык загарэўся ў вачах y мужыкоў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: