Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
Але галоўнае — мора!
Гэта тое самае мора, у якое ўпадае мой Дняпро.
І ён, і яшчэ тысячы, тысячы рэк, ручаін і проста струменьчыкаў аддаюць мору ваду, адбіткі берагоў, якія яны бачылі на ўсім сваім шляху, каламуць, колер вод, галіны, лісце сваіх лясоў і траў і, нарэшце, саміх сябе, сваё жыццё.
Мы нясём у гэта мора ўсё добрае і злое, што мы бачылі, мы нясём у яго сваё жыццё, нават больш — сваю душу.
І кожны ўпадае па-свойму. Адна рака здаўна-давён ведае, у якое мора яна плыве, другая — з цяжкасцю прабівае сабе шлях. Адна бачыць мора з самых сваіх вытокаў, другая — пакутліва і доўга, вельмі доўга, шукае яго. Трэцяя губляецца ў пясках, перасыхае і гіне, так і не заўважаючы марскіх хваль. А чацвёртая нечакана, яшчэ за хвіліну не ведаючы нічога, падае ў яго, як струменьчык вады ў сердалікавую бухту.
Я ляжу на гарачым змаршчакаватым камені і думаю, ці не досыць мне вадзіць без дарогі тонкі, дзіцячы струменьчык жыцця майго дарагога хлопца. Наперадзе, вядома, яшчэ скалы, у якіх трэба пратачыць сабе дарогу, пяскі, у якіх трэба не высахнуць, зграбныя, як дзяўчаты, вербы, карані якіх трэба напаіць, і палі сеч, з якіх трэба літасціва змыць кроў.
Але няхай ён хаця б здалёк, хаця б дажджавой кропляй на лісціку дняпроўскага явара, кропляй, якая праз хвіліну ўпадзе ў крыніцу, убачыць далёкае-далёкае мора, да якога ляжыць ягоны шлях. Яму так будзе лягчэй. І нясцерпна больш цяжка. Бо, пабачыўшы мора, чалавек перастае быць дзіцем, чалавек робіцца чалавекам.
Не трэба адгаворваць. Час. Хай шпарчэй пабяжыць вада. Досыць маруднасці. Іначай доўга, занадта доўга давядзецца бегчы.
А мора чакае. І няхай ручаінка ўбачыць яго нечакана, бо так было тады з кожнай ручаінкай, бо яны не ведалі, якое мора чакае іх, і падалі туды, яшчэ не ведаючы аб існаванні мора, кожная паасобку, зрываючыся з замшэлых скал, як звонкі струменьчык у сердалікавую бухту.
Часам так бывае i цяпер. Тады гэта здаралася толькi так.
Спяшайся, цурок вады! Мора чакае! Мора шуміць пада мной!
Дзед вярнуўся з губернскага з'езда раззлаваны.
Усе тры дні, што яго не было, Алесь прывучаў Тромба да стрэлаў і, яшчэ, чытаў начаткі генеалогіі і геральдыкі. Дзед перад ад'ездам дастаў і палажыў яму на стол "Парчовую кнігу Загорскіх", "Кнігу малодшых радоў", "Хроніку Сухадола і Збарова", "Аксамітную кнігу", "Гасудараў радасловец", "Гарадзейскі прывілей" і "Статут Літоўскі". У гэтых кнігах самае важнае было адзначана, бо ўсе яны, акрамя дзвюх, былі рукапісныя копіі.
А ўдзень ён прывучаў Тромба. Ён проста ўспомніў, што лясканне пастуховай пугі вельмі нагадвае стрэл. І ляскаў, частуючы каня цукрам пасля кожнага "стрэлу". Гэтага Тромб не баяўся, ён помніў, як ляскалі пугі на выпасе чыстакроўных коней, дзе ён бегаў стрыгунком. І ён любіў маленькага гаспадара. На сыходзе другога дня Алесь, адначасова з рыўцом пугі, стрэліў з пісталета нягучна халастым зарадам. І адразу ўбачыў, як дробна задрыжала, пераліваючыся, ільсняная плямістая скура каня.
Перазараджаючы пісталет, Алесь гаварыў з Тромбам ласкавым, журлівым голасам.
Зноў стрэл. На гэты раз трошкі гучнейшы за пугу. Конь не вытрымаў і ўзяў у наўскапыт. Але ніхто яго не трымаў, не было страшных вяровак. Адбегшы, конь глянуў здалёк на гаспадара і ўбачыў, што ён нават не глядзіць у ягоны бок, што ў яго нічога няма ў руках, акрамя кавалка цукру. І ён, здалёк, лёгенька загігатаў.
Алесь зрабіў некалькі крокаў насустрач, даў каню цукар, сеў на яго і, супакойваючы, аб'ехаў вялікі круг па жоўтай лугавіне.
І зноў стрэл. І зноў тое самае.
Дзед, пад'язджаючы вечарам да парку, яшчэ здалёк заўважыў дзікага маленькага кентаўра. Кентаўр наўзават ляцеў яму насустрач і яшчэ здалёк стрэліў з пісталета ў паветра. А потым яшчэ і яшчэ — пераможна і горда. І конь нават не здрыгануўся, толькі касавурыў шалёным вокам.
…Увечары яны сядзелі ў бібліятэцы. Святло месяца прабівалася праз каляровыя шыбы, падала на бясконцыя карэньчыкі кніг.
Сядзелі ўтраіх. Еўфрасіння Глебавічна пляла карункі. Дзед сядзеў у крэсле і папіваў. А Алесь сядзеў за сваім сталом, заваленым кнігамі.
Было ціха. Толькі гудзеў ды часам пастрэльваў іскрамі камін.
— Што было на выбарах? — спытаў Алесь.
Дзед аж пачырванеў, успомніўшы.
— Ат!
І злосна кінуў:
— Дарабковічы. Выскачкі.
— Зневажальнік ты, бацюхна, — сказала Глебавічна.
— А што ў іх за душою? — горка сказаў князь. — Расея ў іх за душою? Польшча ў іх за душою?! Свая зямля?! Польшчу яны прапілі. Расея для іх — чарналапатніца, свая зямля ім — мачыха. Сволач пан, кругом сволач… Ваські Вашчылы на іх мала, Ямелькі Пугача, Ромкі Ракутовіча на іхнія паскудныя шыі!
…Дровы ў каміне часам успыхвалі, і тады на кнігі, асветленыя свечкамі, падала лёгкая барва.
— Дзеду, — сказаў Алесь, — я вось тут хацеў спытаць у цябе аб царскім тытуле.
— А нашто гэта табе яшчэ? — іранічна спытаў Вежа. — Плюнь. Чытай тое, што пра нас.
Алесь загарнуў вялізны том і пачаў глядзець у агонь. Праз парк, праз голыя шаты, праз непагоду даляцеў бой гадзінніка "гатычнай капліцы". Дзевяць гадзін.
— Ішоў бы ты спаць, Алесь.
— Пачакай, дзеду, пагрэюся.