Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

Нарастала нясцерпна балесная, ледзь не да слёз, крыўда. Яна патрабавала неадкладнага выхаду. I таму натоўп радасна выбухнуў, калі нехта кінуў:

— Спаліць Кроеравы сцірты… Хай ведае.

Натоўп зароў. Спадабалася ўсім.

— Не нам, дык і не яму!

— Палі!

З самаробнымі паходнямі рушылі знішчаць сцірты. Моладзь аддзялілася і пайшла паліць мэндлікі. Дзень пачаў захлынацца ў дыме… I дзіўна — ніхто не ўзяў ані снапа. Відаць, таму, што гэта быў не рабунак, a помста.

— Хай ведае!

— Носам наторкаць!..

…Спаліўшы збожжа, людзі вярнуліся ў вёску і сталі чакаць, што з гэтага будзе.

…Чакаць давялося нядоўга. Сонца яшчэ стаяла даволі высока, калі хлопец на верхавіне абшчыннага дуба заўважыў на дарозе з Кроераўшчыны пыл. Хацелі былі кінуцца ўпрочкі, але Корчак пераканаў, што няварта. Адзін чалавек — што ён такое без іншых? A калі тыя, што ішлі, наблізіліся, усім стала нават сорамна за свае думкі аб уцёках.

Ішлі дзесяць чалавек, a з імі ехаў коннік. A калі гэтыя дзесяць чалавек наблізіліся — людзі пазналі ў іх татар-вартаўнікоў, a ў конніку — паручніка Мусатава.

Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.

Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека — глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:

— Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты выпраўляй… Колькі вартаўнікоў y маёнтку?

— Дзесяць.

— Давай іх сюды… A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы… Хай не марудзяць.

Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. "Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы", зробіць усё без іх… Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.

— Як жа вы? — з жахам спытаў аконам.

— Служба, — адказаў Мусатаў.

— Блаславі вас бог, — з расчуленым захапленнем сказаў аконам.

— Э, кіньце… Спяшайцеся лепей… Усё ж іх чатыры сотні адных мужыкоў…

— I вы не баіцёся?

— Баюся. Але іду… — Ён стрымана перахрысціўся і сказаў падначаленым: — Рушай, браткі.

…I вось цяпер атрад уступаў y Півошчы, і, чым больш ён пасоўваўся наперад, вырастаў y памерах брудна-белы, маўклівы натоўп пад дубам. Калі да яго засталося якіх крокаў сорак, Мусатаў спыніў сваіх людзей, a сам ад'ехаў ад іх да натоўпу на даўжыню корпуса каня, не больш. Ён ведаў, што набліжацца больш нельга: сцягнуць з каня, і тады падначаленыя не паспеюць памагчы, збаяцца страляць і, магчыма, пабягуць.

Маглі нават проста натаўчы карак — гэта страшней за смерць…

Нельга было быць смешным. Ён абмацваў сваімі зеленаватымі, як y рысі, вачыма маўклівы натоўп, a яго рукі, учэпістыя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі, ляжалі на сядзельнай луцэ.

Пакрысе ён разумеў: небяспека ёсць, але вельмі маленькая. I гэта ўзбадзёрыла яго.

— Што тут здарылася? — спытаў ён.

У адказ — маўчанне.

— Чые мэндлiкi гарэлi?

Зноў маўчанне.

— Маўчыцё, сук-іны сыны… Віламі кідаецеся… Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?

Некаторыя апусцілі галовы. Божа, толькі б не рухнулі на калені!

— Што ж вы, браткі? Як гэта вы асмеліліся? Разыдзіцеся, не ўводзьце ў грэх хрысціяніна… Разыдзіцеся смірна па хатах…

У яго памякчэлым голасе была паблажлівасць: так кот на хвіліну адпускае ахвяру, каб было што даганяць.

— Вы што, спалілі панскае жыта?.. Дрэнна.

— A тое, што ён з намі зрабіў, добра? — выбухнуў y натоўпе нечы голас. — Звычай ломіць, за згон не заплаціў.

— Будзеце адказваць!

— Вось што, — сказаў, выступаючы з радоў, Гарлач, — ідзі адсюль, пан афіцэр. Мы нарабілі — наш і адказ. Ідзі… Праўда, людзі?

— Тады аддасцё ваша збожжа, — сказаў Мусатаў. — Зараз жа аддасцё… I на згон пойдзеце заўтра, хамскія морды.

I звярнуўся да атрада:

— Слухай мяне… Пойдзеце да іхніх сціртаў і памяркуеце, колькі ім трэба аддаць, каб за ноч не схавалі… Да апошняга снапа…

Удар быў разлічаны. Натоўп зароў. Пагроза была бязглуздая і менавіта таму выклікала гнеў, пры якім не разважаюць.

— Хай паспрабуюць узяць!

— Паглядзім, як возьмуць!

Урэшце, з афіцэрам было толькі дзесяць чалавек. I натоўп паўколам рушыў на іх.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: