Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
Шрифт:
А потым у дзверы сыпанула сапраўдная дзіцячая калатэча: Мсціслаў, Ядзенька Клейна, Янка, чорны, як чобат, і неўтаймавана вясёлы. Ногі, рукі, усмешкі, віск, смех.
— Што ўжо што, а шуму такі будзе. І не кажы, кума, — казаў пан Юры.
Ён быў шчаслівы. На каляды ў Загоршчыну нечакана прыехаў стары Вежа.
Вежа сустрэў дзяцей на верхніх прыступках сходаў, вялізны, з прыгожай сівою грывай валасоў. Браў дзяцей на рукі, глядзеў ім у вочы.
— Гэта чыя ж такая? Твая, пані Надзея?
— Мая.
— Гожая якая. А гэта? Ого, ну, гэта я сам разумею. Новы прыдняпроўскі дваранін, усыноўлены Ян Клейна. Бач ты які, братка! Маеш ад мяне шаблю.
— Дзякуй вам, — сур'ёзна сказаў мурын. — У Ракі шмат ворагаў.
Дзед нечакана ўздыхнуў і пацалаваў Янку:
— Прыйдзе час — сам знайду табе жонку і зброю. Алеся хаця любіш? Будзь яму другам. Як нітка за іголкай. Ты, брат, глядзі. Табе яшчэ давядзецца ўсім жыццём даводзіць… што ты — наш.
Узяў за скроні Мсціслава.
— Пусціце мяне, калі ласка, — сур'ёзна сказаў Мсціслаў.
— Чаму гэта?
— Мы ўжо дарослыя.
— Правільна, — згадзіўся дзед. — Вы дарослыя. Дык, значыць, ты найлепшы сябар майго ўнука?
Урэшце чарга дайшла да Майкі. І тут дзед зрабіў ласку сесці на падстаўленае сынам крэселка.
— Раўбічава. Ану, дай паглядзець на цябе.
Доўга разглядаў попельныя, з залацістым адценнем валасы, бэзавую сукенку з кароткімі рукавамі, цёмна-блакітныя, удавана наіўныя вочы.
— Чорцік? — спытаў ён. — Чаго табе не хапае дзеля таго, каб стаць харошым і добрым, чорцік?
Майка ўсміхалася высокім краёчкам рота. Яе злаваў гэты агляд, яна адчувала ў ім нешта няёмкае, і сама сабе вырашыла адыграцца за яго на адзіным чалавеку, якога было чамусьці прыемна дражніць: на Алесю.
— Даросласці, — сказаў дзед. — Жыццё табе дазваляла ўсё, капрызны чорцік. А вось калі яно пачне супраціўляцца, пачне мяць, — тады ты зразумееш і станеш харошым, чорцік з дзівоснымі вачыма.
Пагладзіў яе лапку.
— Будзь добры з… людзьмі, чорцік. Так ці не так? Будзеш?
— Паспрабую, — зрабіла яна кніксен.
Пайшла далей. Дзед глядзеў на яе і думаў:
"Самая добрая пара будзе для Алеся. Сумленная сям'я. Адна з нямногіх, сапраўдных. Але хто ведае, што будзе з дзяўчынкі праз сем год".
І пасля размовы з дзецьмі Вежа стаў асабліва з'едлівы з гасцямі, шакіраваў іх усіх мужыцкай мовай уперамешку з самай вытанчанай французскай, назнарок нападаў на тое, што было дорага субяседніку, — словам, расклеіўся.
На яго глядзелі са здзіўленнем, дзівуючыся каструбаватым мужыцкім сказам, якія ён вымаўляў з асаблівым смакам. Пакуль што на людзях гэта дазвалялася толькі Клейне.
Яны проста забылі, што Вежа і раней вызначаўся гэтым. Забыць было лёгка: стары не з'яўляўся між іх цэлых дзесяць год.
А ён накіраваўся да дзяцей. Сам адчыніў ім дзверы ў залу, дзе стаяла нешта цьмянае, таямніча распасцершы лапы. Сам загадаў запаліць свечкі, страляў разам з усімі з ляскавак, памагаў разбіраць падарункі, першы вёў за руку дзіцячы карагод.
Проста па анфіладзе, з пакоя ў пакой, рухаўся стракаты ланцуг, а наперадзе лёгка пераступаў нагамі сівы чалавек бадай што сажэннага росту і напяваў:
Антон казу вядзе. Тпру ды ну — каза не йдзе.У блакітнай гасцінай карагод, раздурэўшыся, наляцеў на падстаўку з кітайскай вазай. Чарапкі з сінімі рыбамі разляцеліся ў бакі.
Дзед чухаў патыліцу і раптам з лёгкай хады перайшоў на скокі.
Ніхто не бачыў, што Клейна стаіць у дзвярах і назірае за скокамі. І раптам усе змоўклі. А Клейна сказала:
— А вось пані Антаніда заўважыць ды ёмашнікам вас, лайдакі. За гэтым старым дурнем дый вы ў побрыкі.
Як быццам тут была вясковая хата, у якой вадзіліся ёмашнікі.
— Гэта мы святкуем, — сказаў дзед і крыкнуў: — Касьян, падбяры чарапкі! Раніцай раздасі дзецям па адным у каробачцы. Гэта будзе "грамада разбітай вазы". Год праз сорак склеіце. Адзін аднаго не губляць.
Бацька глядзеў з дзвярэй на скокі вакол разбітай вазы і рагатаў.
— Ану за мной! — крыкнуў ён і павёў дзяцей зноў да ялінкі.
Яна ззяла ў паўцемры, вялізная, уся ў таемных ценях, пахучая. Чырвоным святлом гарэла на яе верхавіне віфлеемская зорка. А ў галінах, бы ў зялёнай пячоры, стаялі лялечныя авечкі, і валхвы ў дзівосных уборах ішлі да ясляў.