Вход/Регистрация
Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
вернуться

Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч

Шрифт:

…А потым наведалі палац сяляне з казою. З тварамі, намазанымі сажай, у вывернутых кажухах, у дзівосных "турэцкіх шапках" — яны прынеслі з сабой мароз, гукі дуды, цымбал і бубна.

Каза была ў шэрым ваўчыным футры з вяхотным хвастом, у сушанай авечай масцы. Замест барады ў яе быў пук каласоў. Каза мэкала і спявала дураслівым голасам.

Гэта была ўжо не забава, а важная справа. Бо ад казы залежаў наступны ўраджай. Усім вядома, што душа нівы, каму пашанцавала яе ўбачыць, падобная на спрытную казу, якая бегае на задніх ножках. Такая ўжо істота. Спачатку ёй добра жыць, але потым жніцы жнуць жыта — і ўсё менш і менш застаецца месца, дзе магла б схавацца душа нівы. У адчаі яна хаваецца ў апошнюю жменю каласоў, — гэта і ёсць барада казла. Апошнюю жменю зразаюць асцярожна. Яна ляжыць пад абразамі і выходзіць з хаты толькі на каляды, прывязаная да галавы казы. Тут яна радуецца і вырашае зрабіць, каб людзям было добра.

І людзі не кідаюць яе. Людзі трымаюць "душу" да вясны, а вясной выносяць і асцярожна "адпускаюць", кладуць у высакаватыя зялёныя ўсходы.

І зноў душа насяляе сваё царства, не даючы загінуць ніводнай расліне, а сама вольна ходзіць на задніх ножках па ўсіх абшарах прыдняпроўскіх ніў.

…Перарывіста раўла дуда. Спявалі галасы:

Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць; Дзе каза хвастом, там жыта кустом; Дзе каза ступою, там жыта капою; Дзе каза рогам, там жыта стогам.

…Разгарачаныя скокамі, Алесь і Майка выбеглі з пакояў і спыніліся ў халаднаватай лоджыі. Праз вялікія вокны свяцілі марозныя зоры.

Дзве малюсенькія постаці сталі каля акна і прытуліліся адна да адной, бо стала трошкі жудасна. Адчуваючы пад рукою яе плечыка, Алесь сказаў:

— Зоры. Настаўнік кажа, што на іх таксама ёсць людзі.

— А мы іх ніколі не ўбачым, — сказала яна. — А што, Алесь, можа там быць, як у нас у Загоршчыне? Ёсць там такія, як мы?

— На адной няма і на другой няма, — сказаў Алесь. — А на тысячнай, можа, і ёсць. Стаяць недзе, як мы, такія самыя хлопчык і таечка, і глядзяць на нас і думаюць: а ці ёсць там хто?

— І таксама не ўбачаць ніколі, — уздыхнула яна.

Зоры мігцелі над паркам.

— Алесь, — спытала яна, — можа нарадзіцца чалавек з такімі вачыма, што ўбачыць іх?

— Не ведаю, — сказаў Алесь. — Вочы ва ўсіх розныя. Бачыш Коўш?

— Бачу.

— А вунь другая зорка ў ягонай ручцы. Паглядзі, што ты бачыш ля яе?

— Ой, — шапнула Майка. — Яшчэ адна зорачка.

— Гэта Міцар і Алькор, — сказаў Алесь. — У цябе добры зрок. А вунь тую зорку як ты бачыш?

— Ніяк, зорка як зорка.

— А я ведаю, што яна падвойная. Гэта альфа Вагаў. Настаўнiк здзiўляецца, якiя ў мяне вочы. Ён правяраў. Ён бачыць толькi ў трубу тое, што я добра бачу i так. Ведаеш, Вечарнiца мае сярпы, як месяц. А калi на ёй серп, то часам можна заўважыць, што астатняя яе частка попельная… Я заўважаю нават яшчэ больш. Ля Воўчага Вока [66] ёсць дзве зусiм малюсенькiя зорачкi. Але я iх бачу толькi ў прыцемку, калi на небе зусiм мала зор. Тады нiхто не забiвае iх сваiм ззяннем.

66

Юпіцер.

Памаўчаў.

— Можа, і народзіцца некалі чалавек з такім зрокам, што ўбачыць на зорках людзей.

— Слухай, — сказала яна. — Давай зробім… ведаеш што?

— Ведаю, — сказаў ён, нейкім шостым пачуццём адгадаўшы, што яна думае. — Трэба назваць дзве гэтыя зоркі ля Воўчага Вока. Іх жа ніхто не бачыць. Дык мы дамо адной тваё імя, а другой — маё. І гэта будзе наша таямніца. І нашы імёны будуць вечныя, як тыя зоркі. Заўсёды.

— Заўсёды-заўсёды, — сказала яна. — Нават калі нас не будзе… праз тысячу год… Зорка — Майка і зорка — Алесь.

…Святкі ішлі далей: у танцах, пераапрананнях, варажэннях, у палёце санак, а хутаных вясёлкавым

снежным пылам. А ля Воўчага Вока жылі і свяціліся, нікому невядомыя, зорка — Майка і зорка — Алесь. Ім было

добра і весела разам з усімі, але яшчэ лепш адным.

Яны гаварылі і гаварылі. Алесь расказваў ёй аб сустрэчы на поплаве з Чорным Войнам. Яна аж пахаладзела, дачуўшыся, як ён падобны да яе Лазніка. Але яна нічога не сказала яму аб ім.

…Аднойчы, на чацвёрты дзень каляд, яны ўцяклі ад усіх і пайшлі ў далёкія, нежылыя пакоі дома "шукаць цікавага". Цікавае было ўсюдых. То гэта была "скрыначка Пандоры", якую яны знайшлі на століку ў кутнім пакоі. Яны доўга не маглі адчыніць яе, а потым выпадкова націснулі бліскучую пласцінку, і са скрынкі, адразу за адкінутым вечкам, выраслі кавалер і дама з бісквіту [67] . Яны павольна круціліся ў нейкім невядомым танцы, а вакол іх, жвава пагойдваючыся, круціўся чорт.

67

Непаліваны, матавы фарфор.

Цікавыя былі старыя партрэты, бо яны не маглі прачытаць лацінскіх і вязевых надпісаў на іх. Цікавы быў калейдаскоп, які яны знайшлі ў пустым пакойчыку. Калейдаскоп ляжаў у скрынцы, разам з рознакаляровымі шкельцамі. Дзеці селі на канапу і пачалі праз гэтыя шкельцы глядзець у акно, на дрэвы і аблокі.

Яны паглядзелі праз сіняе шкельца — і свет за акном стаў сіні і нежывы.

— Я не хачу такой зямлі, — сказала яна.

— Я таксама. Нa табе жоўтае шкло.

Жоўтае было вясёлае і радаснае. Свет ляжаў перад Майкай жоўценькі, і яна смяялася.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 87
  • 88
  • 89
  • 90
  • 91
  • 92
  • 93
  • 94
  • 95
  • 96
  • 97
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: