Шрифт:
Яны падышлі да абрыву каля хаты, у якой Марыя Сяргееўна жыла, спыніліся. Урач задумліва паглядзела ўніз, на спакойную i велічную плынь Дняпра, а Саша — на зарэчны лес. Прыгадала дачку. Забалела сэрца па дзіцяці.
Марыя Сяргееўна як бы адгадала яе думкі.
— Ну, мае жыццё ты бачыш… А ты… ты як жыла? Як дачка?
— Нічога. Расце. Бегае ўжо. — Саша шчасліва ўсміхнулася. — Мне здаецца, я не перажыла б без яе ўсяго… А яна… Можа, у хаце ніхто не засмяяўся б, каб не Ленка… А так i сястра, i брат, i… — яна прыкусіла язык, — i сама… Паглядзім на яе забаўкі i ў самыя цяжкія хвіліны смяёмся. Лягчэй на душы робіцца. Яна такая пацешная. Гаварыць пачынае.
Марыя Сяргееўна цяжка ўздыхнула.
Саша зразумела, што яна думае пра сына, i далікатна спытала:
— Ад Сені больш вестачак не было?
— Не, мой друг, нічога. Неяк зімой мне чамусьці здалося, што ён загінуў. Божа мой, што я перажыла! А потым усё гэта мінула. Я зноў паверыла, што ён жывы. Я веру… Мацярынскае сэрца — яно чуе…
«А я напэўна ведаю, што Пеця жывы. Пеця тут», — Сашы вельмі хацелася сказаць гэта. Але нельга. Бо тады трэба шмат што тлумачыць. I пра Лялькевіча. А гэта тайна арганізацыі, захоўваць якую яна клялася i не мае права, нават пад страхам смерці, нікому выдаць. Яна, безумоўна, упэўнена, што Марыя Сяргееўна сумленны савецкі чалавек. Але ўсётакі яна так блізка да немцаў. Чаму яна не эвакуіравалася? Казала, што пойдзе з апошнім чырвонаармейцам.
— Марыя Сяргееўна, а чаму вы не эвакуіраваліся?
— Ах, мой друг! Каб мне туды! У мяне был i дзеці… раненый дзеці… Бомба ўпала вунь там, на пляжы, i многіх раніла… Я не магла пакінуць ix i мусіла застацца…
— А я… я захварэла. Тады, калі мы пайшлі ад вас з Аняй…
— Я ведаю. Аня расказвала. Усё мінула добра? Я баялася, каб ты не нажыла эпілепсіі. Намервалася схадзіць да цябе. Але перашкодзіла гэтае няшчасце з дзецьмі, а потым прыйшлі яны…
Саша адчула, што жанчына гэта — блізкі ёй чалавек.
«Каб я мела права сказаць ёй пра Пецю… Можа, яна дапамагла б шукаць яго».
Хацелася сказаць ёй нейкія асаблівыя словы, даверыць самую запаветную тайну. Але словы такія нялёгка знайсці. А тайна — гэта не толькі яе тайна. Саша ўзяла руку Марьи Сяргееўны i з удзячнасцю паціснула мяккія халодныя пальцы.
— Табе дзякую, мой друг. За сустрэчу. Мне вельмі прыемна ўбачыць цябе. Такога блізкага чалавека. Можа, Сеня дзе-небудзь разам з Пецем… Успамінаюць нас… Яны ж такія сябры!
Пасля гэтых слоў Сашы яшчэ больш захацелася расказачь ёй пра Пецю, як-небудзь так, каб без Лялькевіча. Але яна не магла нічога прыдумаць. Ды i нешта іншае стрымлівала яе. Ці не блізкасць немцаў? У такі час зямля i дрэвы маюць вушы.
«Схаджу да Ані, можа, даведаюся больш i тады, калі назад буду ісці, змагу Марыі Сяргееўне расказаць. Прыдумаю нешта. Вось што… Скажу, што Пеця заходзіў да Ані».
Ірвалася сэрца хутчэй туды, у знаёмую вёску, у знаёмую хату. Можа, там, дзе яно нарадзілася, шчасце, яна верне яго назад? Але было няёмка так хутка развітвацца з гэтай добрай жанчынай, якая выручыла з бяды, сустрэла, як дачку, i шчыра ўзрадавана.
Саша папрасіла паказаць бальніцу, бо ведала, што гэта ўрачу будзе прыемна.
— Няма чаго глядзець, мой друг. Бялізна парвалася. Медыкаментаў няма. Па тры разы мыем адны i тыя ж бінты. Хворых кормім, чым Бог пашле, як кажуць…
Зайшлі ў былую амбулаторыю, дзе ляжалі жанчыны, пераважна старыя бабулі з цяжкімі хваробамі.
Сапраўды, ад былой бальніцы, дзе ўсё зіхацела чысцінёй, нічога не асталося. Саша зразумела, якія трэба намаганні, каб у такіх умовах, з такім персаналам падтрымліваць элементарную гігіену. Адна хворая застагнала, заплакала:
— Доктарка, родная, дай ты мне мышаку якога. Ох, сілы няма болей. О-ой…
— Супакойцеся, цётка Алёна. — Марыя Сяргееўна правила рукой па твары, праверыла пульс. — Вам жа лепей.
— Душа баліць.
— Ba ўсіх яна цяпер баліць, душа, — сурова адгукнулася другая хворая, старая жанчына з завостраным тварам пакутніцы.
— А ты сябе як адчуваеш, мой дружок? — ласкава спытала Марыя Сяргееўна дзяўчынку год васьмі.
— Добра, — прапішчала тая.
— Апендыцыт. З прабадзеннем. Трохі не загубілі дзіця, — раетлумачыла Марыя Сяргееўна Сашы.
— Няхай дзякуе збавіцельку нашу, — сказала старая, што сядзела каля акна i грызла скарынку чэрствага хлеба.
— Доктарка! Дай атруты! Богам прашу!
— Сціхні, Алёна! Не гняві Бога! — прыкрыкнула жанчына з тварам пакутніцы.
— Муж яе, паліцай, п'яны ботам у жывот ударыў. Звярэюць людзі. Аперыравала. Але наўрад ці выжыве, — расказала Марыя Сяргееўна, калі яны прайшлі ў маленькі пакойчык урача. — Сядай, Саша. Адпачні. Я перакусіць збяру.