Шрифт:
Саша парушыла сваё нямое маўчанне i шумна, на поўныя грудзі, уздыхнула.
— Але гэта яшчэ не ўсё, Шурачка. Ты слухай. На трэцюю ноч згарэла ў мястэчку школа. Кажуць, партызаны бомбу кінулі, многа афіцэраў пабілі… Немцы хворых з новай бальніцы выгналі, самі туды перабраліся. Доктарка наша, Марыя Сяргееўна, размясціла хворых каго дзе: у хляве, у сваёй хаце…
«Я ведаю пра гэта, заходзіла туды», — хацела было сказаць Саша. Але Аня раптам яшчэ больш панізіла голас да шэпту:
— А сястра мая Куліна, ты ж ведаеш, дапамагае ёй там, за санітарку… Дык вось слухай, Шурачка… Прыходзіла ўчора яна да мяне i дзіва дзіўнае расказвала. Ляжаў у бальніцы паліцай нейкі. Касой яго так парэзалі, што жывога месца на целе не было. Відаць, добрая цаца быў, як наш Гурок. Увесь забінтаваны ляжаў. Куліна, ты ж ведаеш, жанчына веруючая, дык ёй шкада стала яго. Адзін ляжаў, i ніхто да яго не прыходзіў. Адна яна часам сядзела. «Няхай, кажа, ён паліцай, але ж праваслаўны чалавек, крыжык на шыі насіў…» Дык вось, слухай… Кал i немцы вытурылі ўсіх з бальніцы, прыйшла яна на другі дзень дапамагчы парадак навесці… «Пытаюся, кажа, дзе Фядос — паліцай гэты». — «У маёй хаце, — доктарка адказала. — Так немцы загадалі». Пайшла Куліна туды… «Ляжыць, кажа, у пакойчыку, дзе сын доктаркін жыў… забінтаваны гэтак жа, крыжык на шыі… А глянула я, кажа, i ледзь не самлела: не той чалавек ляжыць… Другі, маладзейшы, ростам ніжэй… Павярнулася, кажа, я, а на парозе Марыя Сяргееўна стаіць i так глядзіць, кажа, на мяне, так глядзіць, што страшна зрабілася… Я слова, кажа, не сказала, i яна таксама…»
Саша адчула, як моцна загрукала сэрца, як гэты грукат запаўняў грудзі, сціскаў дыханне.
— Больш Куліна не пайшла туды. А да мяне прыбегла, каб параіцца, ці трэба ёй хадзіць у бальніцу… Я параіла: хадзі, але пра гэта — нікому ні слова. «Ды што я, кажа, маленькая, дзякуй Богу, пяцьдзесят шосты гадок на свеце жыву». Я табе, Шурачка, нічога гэтага не расказвала б, цяпер пра такое лепш маўчаць… каб, ведаеш, чаго яна мне не сказала? «Ты знаеш, кажа, Ганна, што вельмі ж ён мне здаўся падобны на чалавека Шурынага, доктаркі той, што ў цябе кватаравала. Вочы,
Саша ўскрыкнула…
V
У той жа дзень адбыліся іншыя падзеі.
У акупацыі людзі навучыліся маўчаць, i маўчанне вельмі высока цанілася, асабліва тое, якое асцерагала, ратавала наших людзей. Між іншым, чым больш было маўчання, тым даражэй рабіліся словы, тым большай была ix сіла — слоў праўды.
Але заўсёды знаходзяцца людзі, якім лягчэй, здаецца, памерці, чым стрымаць язык за зубамі.
Адна старая суседка, якая любіла, пакуль нявестка спіць, зазірнуць у кублы (нейкія тры курачкі трымалі на вышках, хавалі ад немцаў, ласых да кураціны), праз шчыліну ў дзіравай страсе бачыла, як нейкі незнаёмы прабіраўся да двара Траянавых. Вельмі хутка ён выскачыў адтуль назад i, нахіліўшыся, пабег да лесу, a неўзабаве на гарод выбегла Саша i закрычала: «Пеця!» Але яе дагнаў муж (бязногі, а бег, як на чатырох), паваліў у бульбе i пачаў душыць… А пасля да ix падбег Данік. Яны мірна параіліся, i брат з сястрой пайшлі ў лес.
Старую вельмі заінтрыгавала ўсё гэта. Яна не расказала нічога нявестцы, жанчыне разумнай i асцярожнай, якую не любіла. Але пад «вялікім сакрэтам» перадала другой старой. А тая — сваёй дачцэ, а дачка — сяброўцы, той самай даваеннай удаве — палюбоўніцы Гусева, з дапамогай якой ён трохі не схапіў Пятра.
Гусеў ажно скалануўся ўвесь, калі пачуў пра гэта. Пра ганебнае раззбраенне, пра страх, які перажыў, калі партызан палажыў яго ў разору, ніхто не ведаў. Лізавеце ён сказау:
«Гаўкнеш каму — галаву скручу». Але ўсё адно здавалася, што ведаюць усе — паліцэйскія, сяло. Смяюцца за яго cmной. Ён хадзіў больш звычайнага падазроны, асцярожны і злосны, як сабака. Нікому не верыў, нават ёй, сваёй палюбоўніцы. Нічога нікому не кажучы, рашаў задачу з многімі невядомымі: выпадкова партызан трапіў у сяло ці не? З якой мэтай прыходзіў? Да каго?
I раптам — такое паведамленне… Можна было не сумнявацца, што той, што заходзіў на світанні да Траянавых, i той, што нечакана апынуўся ў Лізавецінай хаце, — адзін чалавек. Але што яму трэба было ў Траянавых? Чаму за ім бегла жонка кульгавага? Зрабіць які-небудзь лагічны вывад Гусеў сваім прапітым розумам не здолеў. Але яшчэ больш насцярожыўся, калі даведаўся, што Шапятовіч «пайшоў у Буду рамантаваць царкву». Загадаў сваім падначаленым не спускаць з хаты Траянавых вачэй. «Добранькія яны, працавітыя, ціхія, але ў ціхім балоце чэрці водзяцца».
У той дзень, калі Саша пайшла за Дняпро, Гусеў паехаў да начальніка раённай паліцыі. У размове, быццам між іншым, ён выказаў сваё падазрэнне наконт Шапятовіча. Хацеў пахваліцца: во які я пільны i дасціпны. Але Мілецкага быццам пчала ўкусіла: ён падскочыў на крэсле, усхапіўся i ледзь не палез на Гусева з кулакамі.
— На пратэзе? Ідыёт! Доўбня! Пад тваім носам адзін з кіраўнікоў гарадскога бальшавіцкага падполля. А ты з ім самагонку п'еш… У цябе, у цябе, асіная галава, ix кубло. I пажар склада, i падрыў грузавікоў, i параход, i лістоўкі — ix работа… А я спадзяваўся, ставіў цябе ў прыклад… Зараз жа ляці туды! Выслізне з тваіх рук — расстраляю, павешу… Чаму лыпаеш вачамі? — панізіў начальнік голас i растлумачыў: — Учора нас выклікаў начальнік гестапа Цынздорф… Адзін з арыштаваных, хлапчукоў гэтых, кал i яму добра ўсыпалі, прызнаўся… На пасяджэнні ix групы вясной прыязджаў з невядомай вёскі чалавек на драўляным пратэзе… Прозвішча не назваў. Зразумеў, дуб? Забраць усю сям'ю! Управішся? Падмогі не трэба?
— Матацыкл. Дайце матацыкл, — прахрыпеў Гусеў. Ён пабаяўся прызнацца, што Шапятовіч ужо, відаць, выслізнуў.
«Царкву рамантуе… Ну, нічога… Будзе ў нашых руках жонка, дзіця — вернешся… Ах, які ж я дурань! Але ж i хітра работаюць, ой, хітра!..»
— Бяры матацыкл! А я пазваню Цынздорфу, i мы, можа, падскочым да цябе на машыне. Але ведай, Гусеў… Тры скуры спушчу, калі што…
Калі яны выйшлі з кабінета, пышнагрудая бландзінка, якая працавала ў паліцыі за машыністку i перакладчыцу i якую начальнікі пастоў ненавідзелі за тое, што яна пагарджала імі i праводзіла вечары з афіцэрамі гестапа i жандармерыі, пляснула па шчацэ маладога паліцая Кольку Трапаша, якога ведалі ва ўсіх гарнізонах як самага вясёлага балбатуна, хлуса i бабніка.