Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

Вакзал жыў сваім начным жыццём. Хадзілі бяздомнікі, нейкія цыганы прасілі ў буфетчыцы цёплай вады…

…Магла гэткая хата-харома бытаваць не толькі ў Чэрнехавым лесе, — так звалі лес каля Паўлавай вёскі, але таксама ў Мядзведжым лесе, тым, ад якога засталося толькі найменне, бо лесу даўно няма. Колішні лес прарастае дубчыкамі і атожылкамі-гучкамі былых дрэў на адхонах каналаў, на лугах і палетках, спеюць паўз палявыя дарогі чырвоныя суніцы, ды выгорвае часам плуг трактара, нібыта мамантавыя клыкі, тоўстыя смалякі або дубовыя карані, як сведчанне тых дрэў, якія былі сучаснікамі праваслаўных князёў Радзівілаў і Астрожскіх…

Павел уздыхнуў, бо разумеў, што ягоныя адчуванні, якія так уладна запаўнялі ўсю ягоную істоту, нейкім чынам закраналі больш сучасныя пласты свядомасці. Калі ён усё-ткі нарадзіўся з гатовым адчуваннем хаты, домы, харомы, у якой схавана ісціна жыцця, дык імёны з айчыннай гісторыі ён мог засвоіць пазней, нават не ў школе, але на факультэце. І гэты ўздых, і ўсведамленне месца вучобы падкрэслівала, што візія ягоная сплецена з мінулага і цяперашняга, ёсць прадукт ягонай душы, псіхікі, і яму далёка да таго своеасаблівага трансу, шаманскага, чараўніцкага шаленства, валашэння, старажытналіцвінскай валшбы. Гэта нават цяжка назваць медытацыяй. Якая медытацыя, калі вось-вось прыйдуць аднавяскоўцы?

… У душы цепліцца надзея, гадуецца радасная думка: гэта не людзям спатрэбіўся старажытны бор на бярвенні, на дошкі, не жыццёвая прастора пад урадлівы палетак, але наадварот, — гэта бору, знішчанаму Мядзведжаму лесу мелася патрэба нарабіць людзям бярвенняў і дошак на хаты, вызваліць галу пад рунь. А сам лес заснуў пад зямлёй да пары да часу, і гэтулькі мае сілы, што цяжарная ад тысячагадовай шлюбнай тупні па ёй зямля пачынае разраджацца дзеткамі-асінкамі і дубкамі. І як толькі кіне чалавек зямлю, нават проста няўвішней будзе яе абрабляць — дрэўца за дрэўцам вернецца лес на ранейшыя паляны і пагоркі, балацявіны і закоты. І самі па сабе заплодзяцца сярод маладой рослі туркаўкі і дразды, самі знекуль набягуць зайцы і соні, заплодзіцца сама па сабе рысь, вавёркі створацца самі сабой у гарэшнікавых градах, што нібы фарпост стануць сваёй гушчынёй і непралазнасцю аберагаць сярэдзіну лесу ад няпрошанага госця. І як патаўшчэюць ясені і вязы, як загусцее на вырубцы маліннік ці будзе дзівам, калі ў тым лясным краі буры мядзведзь устане на заднія лапы і вышкрабе жоўтымі кіпцюрамі на бярэзіне магічныя знакі сваёй матэрыяльнай прысутнасці на гэтым свеце разам з намі…

Пачуліся галасы аднавяскоўцаў. Яны спрачаліся за нейкія грошы. Буфетчыца падпраўляла прычоску, цыганы ў пачакальні клаліся спаць на цэментавай падлозе…

«Не, не вернецца Мядзведжае на сваё месца, — падумаў Павел. — Яно гэтак заўзята высякалася, вытралёўвалася, выгорвалася, выпальвалася і выкарчоўвалася, што трэба чакаць сто, дзвесце гадоў, каб убачыць яго такім, якім яно было спрадвеку… Так што супакойся. Ты фантазіруеш, нешта прыдумляеш, гэта не лес у табе фантазіруе. Ты на нейкі момант даў лесу дазвол пакарыстацца сваёй галавой, але на момант. Бо ўжо скочваешся да экалагічных ламентацый…»

Ён сёрбнуў кавы. Кава была ледзь жывая.

Аднавяскоўцы зайшлі ў буфет і пры староннім чалавеку перасталі спрачацца пра грошы, а вярнуліся да ранейшай тэмы.

— Ты, Іван, нешта не тое пачуў, — сказаў Яша.

— Не тое, — са згодай уздыхнуў Іван. — Такое радыё, хрыпіць: вайна пачнецца, не будзеш ведаць, у які бок уцякаць.

Яша намацаў пад столікам бутэльку.

— Ведаеш Колба? — сказаў Іван. — Дык вось, я табе цэлае лета не хацеў расказваць, каб ты з мяне не смяяўся. А цяпер раскажу…

Яша на мігах прапанаваў Паўлу пачаставацца. Хлопец адмовіўся.

— Колбавы хлопцы выцягнулі з ракі дубовую калоду, і з той калоды выпаў манах. Не шкілет, не муміё тое, а жывы чалавек.

— Чыхня якая! — паморшчыўся Яша. — З чаго тут смяяцца?

— Ты Яшко, не спяшы, — Іван асцярожна ўзяў перапоўненую шклянку, — упярод бацькі ў пекла. Той манах ляжаў у мёдзе. Як дуба выцягнулі, манах абагрэўся на сонцы, выпаў, стаў хадзіць і гаварыць.

— Іван, прабач мне, — сказаў Яша. — У гэта паверыць аніяк не магу. Хоць ты мяне зарэж… У сіфакаў — калі ласка, у марсіян — на ўсе сто, у камунізм — заўжды гатовы! — Яша нахіліўся да Івана: — А ў манаха — выбачай, Іване…

Павел адвярнуўся ад землякоў. Яму было сорамна. А як даведаюцца, што аўтар гэтага дурнога розыгрышу — ён? Зрэшты, ну і што? Кепска, што Лена паверыла. І, відаць, бацьку ліст напісала. А старому чаго не верыць? Калі ў яго сіфакі на Мадагаскары вайсковы пераварот зрабілі.

Але і гэта не бяда. Бяда з самой Ленкай. Яна ўжо дзесяцікласніца, ёй летам стукнула семнаццаць. Летась, на станцыі, ён толькі пасмейваўся з яе. А цяпер? Што будзе цяпер, як гляну ў вочы?

І што ўсяго было крыўдней, яго мучыла, прыпякала рэўнасць да Міхася. Цікава, да брата не раўнаваў, а да Міхася раўнуе. Чаму?

Каб не рэўнасць, пачуваўся спакайнейшым. Раней і не глянуў на бледнатварую, з сіняватымі ценямі пад вачыма дзеўчынку, якая хадзіла за ім, а ён, абармот, ні разу не правёў яе, не танцаваў, за руку не ўзяў. Лічыў, адным словам, дзіцем горкім.

Цяпер за ягонай спінай стаяў яе вясёленькі бацька, Іван Заранок, і пераказваў гісторыю, якую Павел ужо не мог і слухаць. Кава зусім астыла, ён дапіў яе і замовіў яшчэ адну шклянку.

— А я не так чуў, — сказаў Яша, выціраючы вялікай насоўкай спацелы высокі і шырокі лоб. — Думаеш, я не чуў? Думаеш, мне не пісалі летась? О-о, я чуў, што гэта не зусім манах, тоісь не мужык, а баба. І баба гэтая — Варапаіха Ліда, ну тая, з баптыстаў, што па пяць разоў на дзень хату мяце. Яны святую з яе хочуць зрабіць. Яна ж лечыць.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 19
  • 20
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: