Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

— Ідзі сюды, — ціха сказаў старэча з белай барадой. Ён узяў мяне за руку вышэй локця і падвёў да сцяны. Паміж невялікімі карцінамі ў рамах ледзь абазначваліся дзверы.

— Ідзі. Калі-небудзь яшчэ вернешся, брат…

— Брат? Які я вам брат!

— У тым то і бяда, што ты лічыш сябе во іхным братам! — паказаў старэча на надворак.

— А яны хто? — задаў пытанне Павел (Усё, сувязь з Эго згублена!).

— Ты не пазнаеш Перуна? Табе не знаёмы Вялес, Цёця, Лада? — з жальбай у голасе сказаў стары. — Як ты не пазнаеш Мілавіцу, якую любіш больш за душу, якой пакланяўся, маліўся?

— Я-я? — збянтэжыўся Павел.

— А то не. Мо, скажаш, Перуну маліўся? Ці Вялесу пакланяўся? Не, галубчык, ёй адной, любачцы. Ідзі… Цябе чакае свет… Стой, — стары жэстам рукі спыніў Паўла. — Ты хочаш спытацца і не асмельваешся?! За што ты сюды дапушчаны, калі нічога не зрабіў? Так? Хутка даведаешся. Праз месяц прачытаеш, што «лжемудрствование приводит к бешению плоти». І перакладзеш, каб зразумець: ілжамудраванне прыводзіць да ўчарцянення плоці.

— Праз месяц… — прашаптаў здзіўлены Павел.

— Мы будзем цябе чакаць, брат. Ідзі…

А як ісці? У сцяну, ці што? У намаляваныя дзверы? Павел працягнуў руку ўперад. Дзверы паддаліся. Тады мусова апынуцца па-за Хатай, па-за Харомай на паляне, Харомай на лясной паляне…

— Халера, кусаюцца, — прашаптаў Павел і расцёр пакусаную рыжым лясным мурашом лытку. — Трэба завесці тут мурашкавых львоў… Ілжэмудраванне… Дзе гэта вычытаць, дзе?

…Як дзверы паддаліся, Павел апынуўся па-за Харомай, але ўсё яшчэ на паляне, перад сцяной са смалістых бярвенняў, з пазоў якіх вытыркаўся сухі мох. Калі абышоў будыніну і вызірнуў на двор, каб ўбачыць вершнікаў, са здзіўленнем выявіў, што ніякіх ні коней, ні людзей там няма, а ўвесь двор парос лебядой у чалавечы рост. Ды і не двор гэта, але ўзмежак лесу, і за гэтым узмежкам ідзе чорная ад блізкага тарфяніка ралля, а далей сам тарфянік, густа парослы ажынамі.

Сонца пачатку верасня стаяла на чатырох гадзінах. З захаду збіралася на дождж, і ўжо сонца раз-пораз хавалася за асмужыстыя аблокі. З усходу, ад ягонай вёскі, па палявой дарозе, выварочваючы бліскучы руль, вярталася з магазіна жанчына. Павел нават памахаў ёй рукой, калі яна праязджала паўз яго, але яна, відаць, спяшалася да дажджу патрапіць дахаты, таму нават не павярнула ў ягоны бок галавы.

Належала і яму ісці дахаты — хмары ўсё больш чарнелі. Здаецца, нават недзе прагрукатаў гром.

14

Калі табе крыху за дваццаць, і цябе распірае ад лішку ўласнай жвавасці, ты можаш вырабляць усё, што табе стукне ў галаву. Але ўсяго праз пару гадоў ты ўжо іншы, і табе сорамна, што ты быў здольны на розныя вычварэнствы. Калі ж увойдзеш з юнацтва ў маладыя гады, перажывеш маладосць, першую і другую, дасягнеш залатой сярэдзіны жыцця, і нават зусім нечакана падбярэшся да сталасці, то тыя ўсе ўчынкі, што некалі лічыў за геройствы, пададуцца табе такімі бязглуздымі, што будзеш хапацца за галаву пры адным толькі ўспаміне пра іх і чырванець ад сораму нават у снах.

Нешта падобнае здарылася і з нашым героем, Паўлам Камаром. Скончыў ён універсітэт, паехаў па размеркаванні, стаў працаваць. І чым болей гадоў працаваў, тым меней карцела яму расказаць дзецям пра дзівоснае здарэнне ў адной вёсцы, калі вяскоўцы выцягнулі з ракі дубовую калоду і што аднаму студэнту стукнула аднойчы ў галаву.

Настаўнік мог расказаць і пра анёла-чарцяня, і пра віравога чорта, і пра тое, што бачыў уласную душу на дубовых галінках і шапачках. Але нічога гэтага ён не расказваў. Бо тады, пасля ягонай медытацыі на ўзлеску каля тарфяніку, праз месяцы два ці тры ён натрапіў у адной кнізе на фразу: «лжемудрствование приводит к бешению плоти». Стаў перакладаць на родную мову, і ў яго выйшла, як ужо некалі чуў, што «ілжамудраванне прыводзіць да ўчарцянення плоці».

І тады дайшоў да яго сэнс выразу і ўспомнілася, што пасля таго сядзення на ўзлеску, калі стаў збірацца дождж, і ўжо накрапваў, раптам разанула маланка ў сярэдзіну лесу і там нешта спорна, з гучным трэскам загарэлася. Ад цікаўнасці Павел накіраваўся туды, дзе гарэла. Мароз па скуры пайшоў, калі апынуўся на паляне, якую нядаўна бачыў у медытатыўнай візіі. Але скура сшэрхла, калі ўбачыў, што гарыць той самы дом, у якім толькі што быў. І гарыць так хутка, і такім гарачым і зіхоткім полымем, што вачам балюча. Але глядзеў і бачыў, як у агні зліваюцца адзін з адным Лада і Мілавіца, Лель і Цёця, Лада і Сварог. Яны былі адным, яны былі самім агнём. Як гэта дзецям раскажаш? Маўчы, цярпі, практыкуй, як той Махатма Гандзі, поўную Мауну, гэта значыць, моўчу.

А далей надышоў час перамен. Ачышчальная віхура татальнага выкрывальніцтва пранеслася па краіне. Зрабіліся даступнымі такія дакументы, што мурашкі па спіне поўзалі, калі чытаў. Лопнуў, як крыга, і стаў разбягацца паводле нацыянальных трэшчын «вялікі і магутны». Аднавілася свая, родная краіна, цяпер можна было расказваць дзецям гісторыю свайго, а не суседняга народа. Гісторыю вялікую, гераічную, трагічную.

Адбыліся змены і ў асабістым жыцці: Павел падаўся ў навуку, — паступіў у аспірантуру, — пераехаў жыць у сталіцу, ажаніўся, пайшлі свае дзеці. Год за годам Павел, цяпер выкладчык гісторыі ў адным са сталічных каледжаў, Павел Андрэевіч Комар, так упісана ў пашпарт, спрабаваў выбраць час, каб з’ездзіць на радзіму, пагаварыць, што называецца па душах са сваім настаўнікам гісторыі. Намер меў просты: абняць Мікалая Лявонавіча, пакаяцца і папрасіць прабачэння.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: