Вход/Регистрация
Памалюся Перуну, пакланюся Вялесу…
вернуться

Наварыч Алесь

Шрифт:

Павел быў бледны.

— А мо той манах і напраўду быў, хто ведае? — мармытаў Іван Заранок. — Мне расказвалі, як адзін машыніст цеплавоза ехаў сабе, рука на рэгулятары хуткасці. Спакойны, фуражка без пылінкі вісіць на нікеляваным гачыку. А тут чмо нейкае па шпалах тралюе. Ды яшчэ рукой крыжы кладзе на цеплавоз. Чокнуты! Точна чокнуты! Саскочыў з рэек перад самым носам. Дык гэта не ты быў?

Павел з кіслай мінай паківаў — маўляў, не, не ён. Аднавяскоўцы крыху памыркалі, потым пераселі, прыхіліліся адзін да аднаго галовамі і паснулі.

Некалькі хвілін Павел глядзеў у акно, за якім плылі вольхі, мільгалі купы лазняку, прасціралася прырэчнае, каля Прыпяці, балота. На небакраі часам узнікала далёкая, замглёная ў ранішняй асмузе лінія лесу. Лес! Павел заплюшчыў вочы і паспрабаваў вярнуцца да харомы на лясной паляне…

Яна быццам паслухалася яго, з’явілася адразу. Сцены яе былі відаць у лесе толькі дасведчанаму, адыдзіся за пару крокаў, і нічога няма, толькі дрэвы.

«Вось што можа абудзіць простая лінія лесу на небакраі, калі едзеш у цягніку», — падумаў Павел і расплюшчыў вочы. Дзядзькі спалі.

«Як пакажуцца знаёмыя мясціны, трэба разбудзіць… — Ён зірнуў у акно, зноў убачыў лінію небакраю. — Што можа параўнацца з гэтай лініяй, намаляванай вершалінамі дрэў, па сіле ўздзеяння на чалавека-летуценніка? Колькі ўсяго яна абуджае ў душы?!»

На развітанне Яша падаў руку і глыбакадумна, хоць не без іроніі, сказаў:

— Не перажывай, перамелецца — мука будзе. Я вось што табе скажу — чым грашыў, тым і будзеш пакараны…

Сказаў і накіраваўся на свой хутар. Падаў руку і Іван Заранок, відаць, ісці разам дахаты яму не хацелася. Нават сказаў:

— Ідзі, у цябе маладыя ногі.

Толькі тут Павел усвядоміў, што ў старога Заранка вушы, якія тырчаць з-пад кепкі, рыхтык як у Лены — верхняя частка крыху адтыркваецца. Гэтая асаблівасць вушэй і яшчэ рыскі-маршчыны на падбароддзі надавалі твару выраз заклапочанасці і трывогі. Калі Іван Заранок, ды і ягоная дачка Лена пасміхаліся, то можна было падумаць, што яны крыўдзяцца.

Цяпер дзяўчына «ходзіць» з Міхасём Сінчуком. Што паміж імі? Каханне, звычайнае ўхажорства? Чым я горшы за Міхася? Ён з твару чорненькі, дробненькі, ды і невысокі. Уга, ты яшчэ стань перад люстэркам, разглядвай сябе і плач.

Вечарам таго ж дня Павел быў у клубе на танцах, дзе спадзяваўся сустрэць Лену. Сустрэў дзяўчыну нечакана — яна разам з сяброўкай выходзіла з клуба.

«Няўжо гэта Лена?» — не паверыў вачам Павел. Але яна і змянілася! Расцвіла, як тая Мележава Г анна. Ну не мог ён летась палюбіць дзеўчынку з мазолістымі, як у вярблюда, каленкамі ад вечнага сядзення ў градках. Усяго год прайшоў, і на табе. Што робіцца з дзеўчынкамі-падлеткамі? Яны становяцца фанабэрнымі, нязноснымі ганарліўкамі. Яны круцяць хлопцамі, як хочуць. Вось і цяпер яна нешта піскнула заміж прывітання, успыхнула, але потым, нібы нешта ўспомніўшы, адвярнулася і выйшла з клуба. Потым прыйшла, але ўжо не адна.

Павел крадком, а то і ў адкрытую назіраў за Заранчыхай. Куды падзеліся рыскікрывулякі з падбароддзя? Цяпер, калі Ленка смяялася, яны ўсё ж з’яўляліся, але цяпер яны прыдавалі твару зусім іншы выраз і выклікалі зусім іншае адчуванне — яны прыдавалі твару своеасаблівую пікантнасць. Нават вушы дзіўным чынам выпрасталіся. Ды і валасы ў Лены цяпер былі зачасаны па-іншаму.

Павел пазіркваў на Лену, яна пазірквала на яго. Але вось з’явіўся Міхась Сінчук. Буркнуў на Паўлава прывітанне здалёк, падышоў да Лены. І ў дзяўчыны адразу змяніўся выраз твару, іншым зрабіўся пагляд! На Паўла глянула ўпэўненая ў сабе жанчына, у якой ёсць свой мужчына. Яна глянула, а Павел Камар нібы ўвесь абмярцвеў — прачытаў у яе вачах, што яна ведае ў свае семнаццаць пра жыццё больш, чым ён у свае дваццаць тры.

— Я ж у цябе верыла… А ты?! — казаў гэты пагляд. — Цяпер у мяне ёсць той, каму можна верыць.

Павел зразумеў, што размовы з Ленкай не выйдзе. Яна проста не захоча выясняць з ім адносіны. А то яшчэ возьме і скажа яму пра ўсё, што пра яго яна думае. Пры Сінчуку яна смелая.

І Пятро не паможа, бо стаіць не з імі. За год яго выгнала ў вышыню, як той дубец, ён займаўся ў валейбольнай секцыі, і ад празмернага росту пачаў нават крыху горбіцца. На размову і шчырасць з Паўлам таксама не ішоў, пашчыпваў маладыя, ні разу не голеныя вусікі і адказваў аднаскладова: «Так», або «не». Відаць, усе ўтраіх яны вырашылі, што Павел лічыў іх за дурняў.

Нечакана ў клубе знікла святло. Некаторы час чакалі — можа з’явіцца ток? Але не з’явіўся, сказалі — «выбіла трансфарматар». Ні кіна, ні танцаў не будзе. Сталі разыходзіцца. Павел выйшаў на вуліцу, стаў слухаць галасы, каб дазнацца, дзе Лена. Канечне ж, яна была з Міхасём — ён праводзіў дзяўчыну дахаты. Павел дагнаў іх.

— Слухайце, маладыя людзі, трэба пагаварыць.

— Няма пра што, — сказаў Міхась. У ягоным голасе чулася няўпэўненасць. Але Лена хіхікнула, і гэта вырашыла ўсё. Не, яны не абзываліся, не кпілі, не абвінавачвалі. Вось Лена гэтак во хіхікнула — і гэтым сказана ўсё.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 21
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: