Бечык Варлен
Шрифт:
18.2.
Пачынаецца кніга — нраз стомленасць, недасып, халодныя дажджы, што ідуць адзін за адным...
Выезд у Салігорск, дзе плакалі жанчыны, як чытаў вершы пра вайну.
23.4.
Учора — выезд у Зялёнае. Цёплая свежасць вясны,. пралескі і медуніцы, радасная пераклічка шпакоў — яны так спакойна і ўпэўнена сядзелі на шпакоўнях, — усё гэта давала свабоду сэрцу і імчала непрыкметна да вясны і адкрыццяў.
11.5.
Былі Каралішчавічы (тры дні) — з сонцам, смарчкамі, страчкамі. Размовы з Вярцінскім — падарыў мне сваё «З’яўленне». Неяк добра і ціха сябраваў з намі Рыгор Яўсееў (Рыгор Мінавіч). I сказаў Сярожка: «Я хачу, каб маім папам быў толькі ты або Рыгор Мінавіч».
А дні Перамогі — незвычайна шчымлівыя, такія — як ніколі — цёплыя і сонечныя, чыстыя, святочныя ў чыстай вясновай зеляніне, у сваёй аб’ектыўнай радасці, да якой прырастаюць усе людзі, і свет такі ж малады, як у ранні юнацкі час, і такі для свядомасці лірычны, што хочацца і ўсміхацца і плакаць, каб убачылі ўсе, хто гінуў і мёр у вайне, як усё павокал здорава расце, квітнее. У самай плыні свята я быў зноў адзінокі, але ж гэта была адзінота дрэва, што расце на сваім месцы, са сваёй кронай.
У густазмешаным лесе — усе дрэвы шумяць па-свойму, толькі адчуць, як расходзіцца кожнае.
Вострае адчуванне віны, нейкай пяшчоты і шкадавання і да тых, хто загінуў, і да тых, каму вайна далася дорага.
И. Шкляревский:
Но по дороге вновь и вновь
Шептал мне тайный голос грустно:
Есть счастье — выше, чем любовь.
Есть сила — выше, чем искусство.
Я не ў кнігах, а ў свежым паветры.
... Сон, што раптоўна памёр Аркадзь Куляшоў, а я — як асірацеў, хаця ён, гэты сон, хутка мінуўся, але было ўсю ноч горкае адчуванне...
Жуковский (письмо Саше Воейковой, 14—16 янв 1845): «...в свете, который тебя окружает, нужно иметь и свой собственный, отчужденный от внешнего света, свет внутренний, свет души...»
· ·
24.VIII.
Цяпер на дачы — дзе так дёпла, утульна, вольна, сонечна. Нячутна ідзе час, падштурхоўваючы турботы і трывогі.
1) Тэма; 2) артыкул для «Литературного обозрения»;
3) артыкул для «Сельской газеты»; 4) кніга; 5) артыкул для «Полымя»; 6) рэцэнзія на Ласкова; 7) для «Маладосці» — 2—3 партрэты.
Можа, з усім гэтым удасца сабраць разгубленыя мабілізаванасць і сабранасці?, настойлівасць. Працаваць!
29. VIII.
Такое лета — як шчасце; калі прыходзіць, не ведаеш, што рабіць. Ідзе цяпло, святло, вольнасць, а ты раскідаешся ў нешта мітуслівае, выпадковае — газ, тахта, смятана. Рынак, магазін, абед і г. д.
Сёння ўвечары адзін на дачы, дзе нерухомы змрок сыходзіць ціха-ціха, змешваецца з цяплом. Разрэджаныя гукі ад суседзяў, дымкі кастроў з пахам паленых пералрэлых траў (канапля, клубнічны ліст, бульбоўнік).
Сутык жніўня з вераснем, шмат разоў незабыўна сустрэты і на Нарачы, і ў Прылуках, і ўжо аднойчы нават тут, у Зялёным.
Калі ў Эйнштэйна спыталі, як усё-такі яму ўдалося адкрыць тэорыю адноснасці, ён адказаў: «Усе адкрыцці ажыццяўляюцца ў дзяцінстве. А я ў гэтым узросце, напэўна, крыху затрымаўся».
С. Городецкий. «Печальник»:
Уж и как же ты, даль, На Руси далека!
Уж не будет ли жизнь Для меня коротка?..
8.9..
Дзень за днём у вострым цэйтноцс.
А між тым ішло, ішло цёплае і сонечнае лета, у якім, як у лірычным воблаку, асабліва прагнеш кахання і натхнёнасці, усё чагосьці смуткуеш і не верыш у смерць...
Тым часам яно скончылася. Спачатку крыху пахаладнела было для дажджу — ноччу ён ціха і нягуста'сышоў на зямлю два-тры разы. Потым зноў на дзень распагодзілася і было добра і весела дзяжурыць у Батанічным садзе ў дружыне. А вось сёння ўжо няма лета. Ясны асенні холад са змрачнаватымі воблакамі. Ад лета засталіся два-тры апошнія ўражанні — ціхая цёплая дарога на Зялёнае, зліццё халодных і цёплых струменяў у лагчыне і агульнае «цёплае» ўражанне, у якім мала дэталяў, але стойка трымаецца нешта добрае.
21.9.
Столькі дзён — сонца, гарачыня, быццам самы час лета. На волі было б лёгка, прасторна, а тут, у горадзе, — быццам уздзеты не тыя адзежыны, неяк няўтульна.
Раптоўна, кароткі час уздыму: ад ранку і да вечара ў Ленінцы, захапіўся Вялікай Айчыннай...
23.9.
Пазаўчора памёр Міхась Ціханавіч Лынькоў — такі добры, ціхі, спакойны.
29.9.
Гэтая восень — як радасць. Махнуў на ўсё і паехаў у суботу ў Зялёнае. Светлае сонца, чыстае неба, цёплы шэпт асін і бярозак, сухая ўзлашчанасць лісцяў, бесталкова-прыемны дачны тлум, россыпы яблык пад дрэвамі (у суседзяў), лёгкае дыханне восені і лёгка-смуткоўная Прага душы да прасторнасці, вольны разгон цяпла (усё яшчэ бярэцца знекуль) і святла.
Гнуткасці думцы ўсё яшчэ не стае і прыходзіць толькі думка, што ачышчацца трэба штодня.
Такія дні восені — багацце для душы, цяпер бы ў Прылукі, дзе хадзіў я ў лес, глядзеў на дол і ў неба і адкрываў прасторы ў вершах і знаходзіў словы для артыкулаў...
Василий Казанцев:
Тропинка узкая со мною
В одно сливалась существо,
И между мною и Землею Не оставалось ничего.
23.10.
Навуковая канферэнцыя аб мастацкім мысленні і жыццёвай праўдзе.
Інтэлектуальная шкатулка — галава N з яго тупалобай упэўненасцю.