Вход/Регистрация
Бэзавы попел
вернуться

Сямёнава Ала

Шрифт:

<...>„

Датаваны ліст 8.08.82 года.

„Ужо даспеў твой лістапад...”

Да Эстляндый, Курляндый i Дэрптаў ахвоты ў мяне нават Міхась Стральцоў не адбіў. Да гэтай пары. Балтыя мае вялікую прынаду для мяне. Сама па сабе. Ніякіх прыемных асабістых падзей там не адбывалася. Годны, „вселенский” спакой восеньскай Юрмалы... A „Санкт-Піцербурх”...

И страны, по которым нам

Хотелось бы пройти,

Исчезли — их теперь уже

На карте не найти.

A ці трэба шукаць?

Што ж мяне здзівіла — чаму Міхась не згадаў Блокава: „Она при­шла с мороза раскрасневшаяся...” Праўда, ён не любіў хрэстаматыйна вядомых узораў... Тонка разумеў умоўнасць i „літаратурнасць” нашага ліставання:

„Слухай, калі вярнуся, ці змагу я прэтэндаваць на колькі твайго часу i ўвагі тваёй? Я разумею, што табе цяпер не да мяне: але я i зразумею нават малую ўвагу адпаведна, надаўшы ёй цаны. Я не такі ўжо капрызлівы i не такі эгаіст, толькі мне цяпер так хочацца, каб нехта, як малога, пагладзіў па галоўцы, каб першай парой я не баяўся за той ці іншы душэўны pyx, каб адвучыўся трохі ад душэўнай зацятасці, якая, на жаль, бывае непазбежнай у пэўных абставінах i ўмовах. Адным словам, калі многа нельга, чалавек, хоць i нехаця, задавальняецца i роллю спажыўца нейчай „філантропіі”, a хіба я выключэнне? Проста, мне не шанцуе так, як i іншым, a ім „несть числа” ўсюды i заўсёды. Такая апартуністычная ці плюралістычная „філасофія”.

Івашчанку не толькі паўшчувай пры выпадку за мяне, але „и власть употреби” — хіба так можна: не адказваць на пісьмы, схавацца сярод хахлоў i тым цешыць сваю лукаво-сентиментальную” душу? A сапраўды: цікава гэта атрымліваецца [нечытэльна] у хахлоў: сантыменты i рознае іншае несентыментальнае. Ты не заўважыла? Панаглядай.

Як мы сустрэнемся? Не буду загадваць, бо сурочыць баюся. Тэлефоны ўсё ж прышлі.

Барадул[іну] прывітанне перадай — хай бы напісаў мне што духаўздымнае, лайдак! У зняволенні добра было сядзець хіба якому Беранжэ: віно, дамы, візіты, Жюдиг (?), агнём наэлектрызаваная грамадская думка; а што казаць нам, грэшным, калі нават да Ал[ександра] Сярг[еевіча] не на край свету, а на Пскоўшчыну завіталі хіба два чалавекі, якімі ён душэўна даражыў — Пушчын ды „п'яніца” i „рохля” Дэльвіг. А „лукавый”, зноў лукавый, царадворца Жукоўскі адпісваўся пахваламі: „Борись, силач!..” i г.д. Дык той жа ўжо на той час новым Дзяржавіным мог сябе адчуваць, а тут...”

Безумоўна, то быў папрок. Мне, Барадуліну, іншым... Наконт іншых — не буду меркаваць. Сама ж я i цяпер упэўнена, што пацвельванні наконт майго прыезду былі таксама больш умоўнымі: „літаратурным” ходам. Не ведаю, ці было б лепш, каб я раптам рушыла ў той Мазыр... Пад які настрой Стральцова трапіла б...

Ці не была б тая сустрэча чарговай „невстречей”... Вобраз — ён вышэйшы за чалавека...

Тым часам я „пребывала” ў Каралішчавічах.

I атрымала ад Міхася вось гэты ліст. „Пошты ўчора, як заўсёды ў суботу, не было, а сёння прыйшло ад цябе аж два пісьмы. Чытаю i перачытваю ix у бібліятэцы — пад нуднае чваканне i пялёхканне дажджу за акном, а перад вачмі — твае Каралішчавічы, на якія міжволі пераношу i тутэйшую непагадзь: не вельмі ўтульна, мабыць, там i табе.

Уяўляю „нубійскую конніцу”, якую додж загнаў пад дах, да тэлевізара i транзістараў — во дзе калоцяцца сцены! Памятаю гэта па тых жа Каралішчавічах у канікулярны час, калі мае ўласныя дзеткі, увогуле слухмяныя, выраблялі там Бог ведае што, каб не адстаць, вядома, ад іншых. Цяпер у тых дзетак свае дзеткі, а бацька адлучаны ад бацькаўскіх ды дзедаўскіх клопатаў. I, сучасны чалавек, можа, i не надта перажывае з-за гэтага. Пазбавілі нейкай там выхаваўчай ролі?

Дык выхавацеляў у нас i так даволі. Куды ні кінь вокам, усюды Песталоцы, то з пернікам, то з дубінай, i дальбог, чалавеку сама пара хавацца ад ix, што ён i робіць, пачынаючы са школы, — спачатку ў славутай „падваротні”, a пасталеўшы, i за тымі варотамі, што надзейна акантаваны казённым арнаментам. I там ужо яго справа думаць ці не думаць пра добрыя намеры выхаваўцаў i пра тое, „что под жизнью беспутной и путной разумели людские умы”.

Даражэнькая, нешта робіцца з „ячэйкамі” нашымі. У дзяцей ня­ма бацькоў, бацькі ходзяць нейкімі навейшымі каралямі Лірамі. I выходзіць, што сапраўды ворагі чалавеку „сямейнікі” ягоныя, што наогул жыве ён не ў сям'і, дзе ў падпечку тоіцца старэнькі, трапятлівы, з дзіцячым мудрым сэрцам дамавік, i кватаруе на „съезжей” — з клапамі, з „околоточным”, з прыбіральшчыцай Дунькай, якая зранку крычыць не дакрычыцца, каб пусцілі яе ў нейкую Еўропу — ці не затым, каб адукаваць тамтэйшых наконт нейкага раўнапраўя? Бо розныя Аўроры Дзюдэван даволі слаба дзейнічалі па гэтай частцы, i сказаць ім дзякуй можна хіба за моду на мужчынскія штаны — гэтую ваяўнічую мімікрыю чаму не ацаніць? Даражэнькая, даруй, не фемінафобства гэта, а проста нешта накшталт раздражэння з выпадку та­го, якія часам пачварныя формы набывае „жаночае пытанне”, узведзенае неразумнымі людзьмі ў неразумны ранг — так, што, урэшце, найбольш церпіць ад гэтага i сама жанчына, i „ячэйка” нейкая, i псіхалагічны тонус грамадства.

Кажу гэта не як „пацярпеўшы”: проста такі-сякі ўласны вопыт прымусіў паглядзець на каторыя праблемы, як ні дзіўна, не па-суб'ектывісцку, суб'ектыўная (псіхалогія) мне ўсё ж павінна быць бліжэй, паводле майго занятку. Памятаеш, у „Фаўсце”? „Мне нечего ска­зать о солнце и звездах — я вижу на земле страданье человека?” Я пісаў табе, здаецца, ужо неяк пра гэта.

У мяне тут было не тое каб даволі часу (яго забіраў распарадак i розная звязаная з ім нікчэмнасць i лухта), даволі ўсё ж, каб паразважаць над тым, над гэтым. Той час, што фільтраваўся з гэтай нікчэмнасці i лухты, проста шкада было аддаваць дробязям свайго „я”, тут, можа, было i падсвядомае жаданне нейкай кампенсацыі вымушанага марнатраўства — падсвядомы разлік.

Ведаеш, я зразумеў, што адзінота не так i згубная ў маім узросце. Цяпер я ведаю гэта, тым больш што яна звыклай была для мяне i раней, бо твой пакорлівы слуга пазбаўлены так званых талентаў „об­щительности” i трошкі „загартаваны” ў гэтым сэнсе. Мой „экзістэнцыялізм” памагаў мне.

Нешта загаварыўся я i „воспарил”. Не буду.

Давай пра што іншае.

У Пальміры розныя я без цябе не паеду. Вось што мушу табе ска­заць. Сёлета ўсё роўна позна. Гэта вучыцца толькі ніколі не позна, як, дарэчы, мондра разважалі тыя „соревнователи просвещения”, якія дбаюць пра твой надзённы i духоўны правіянт. Вучыся i адпавядай пасадзе. Хлеб апраўдваць трэба, i вялікім пачынанням спрыяць трэба таксама.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 22
  • 23
  • 24
  • 25
  • 26
  • 27
  • 28
  • 29
  • 30
  • 31
  • 32
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: