Вход/Регистрация
Рэквіем для бензапілы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Назаўтра я прывёз на таксоўцы сумкі з рэчамі, а ўвечары адкаркаваў пляшку сухога херасу і аддаўся ціхамірным лятункам аб тым, як за год перачытаю тут штабель чужых кніг і напішу адну сваю. Я прадбачыў, што атрымаецца зборнік апавяданняў свабоднага саракагадовага чалавека, які своечасова звёў падрахункі з мінулым. Памятаючы Борхесава папярэджанне пра непрадказальнасць гэтага ўзросту для мужчыны наогул і для літаратара - асабліва, зазіраць далей не хацелася.

Віно скончылася нечакана хутка. Дапіваючы апошні глыток, я сустрэўся вачыма з масянжовай стодкаю Шывы на кніжнай паліцы. Гэтае чатырохрукае стварэнне і падкінула мне ідэю правесці ў новым жытле інвентарызацыю.

Стараючыся не згадваць самога гаспадара, я прызнаў, што інтэр'ер ягонае кватэры можа прэтэндаваць на пэўную неардынарнасць і найперш - дзякуючы сцяне, якую ад столі да падлогі займала мапа Эўропы. Прычым яна, гэтая жоўта-зялёна-брунатная з плямамі блакіту мапа, была не проста наклееная на тынк накшталт шпалераў, але ўзятая, нібы жывапіснае палатно, у адмысловую драўляную асаду, што на пару пядзяў адступала ад паверхні, ствараючы своеасаблівую перспектыву. Мапа як быццам адкрывалася воку з шырокага вакна, куды злева не трапляла толькі Пірэнейская паўвыспа, а справа - Уральскі хрыбет. Унізе лінія абрэзу праходзіла прыкладна на шыраце Крыма, пад якім уладкаваўся стол-кніжка. Праваруч гэтага «вакна» цягнулася сцяна, цалкам занятая самаробнымі паліцамі з кнігамі ды трыма тузінамі пустых рознакаліберных пляшак з размаітымі налепкамі, што захапілі ўвесь верхні ярус. На трэцяй зверху паліцы ў атачэнні дзесятка шматкалерных бляшанак з-пад піва і атабарыўся чараваты шматрукі бажок з круцельскім выразам на ільсняна-тлустым твары. Бажок пазіраў у сапраўднае вакно. Суседні дом стаяў вельмі блізка, і шчытная чорная штора, якая спадала ніжэй за падваконне, не выглядала лішняй.

Годнае месца ў пакоі належала шырокаму ложку-канапе злева ад дзвярэй. Сцяну над ложкам закрывалі панелі з бардовай скуры. (Таго разу я не звярнуў увагі, што сям-там скура падрапаная нечым вострым кшталту каціных кіпцюроў.) Збоку ад вакна, над спальным кутком, сцяну аздабляў гадзіннік у драўляным корпусе з вакенцамі і вежачкамі. Праўда, сам гадзіннік быў электронны і мераў час не стрэлкамі, а зялёнымі лічбамі.

Не падымаючыся з ложка, можна было націснуць на некалькі ўштукаваных у панель жоўтых клавішаў. Першая ўключала дабіты чорна-белы тэлевізар, другая - люмінісцэнтную лямпу над пісьмовым сталом паміж вакном і мапаю, трэцяя - вентылятар на століку-кніжцы, дзве наступныя сваіх функцыяў аніяк не выявілі, а апошняя прынесла прыемную неспадзяванку: дзесьці пры падлозе ўтульна запалілася мяккая падсветка мапы. Калі патушыць астатняе святло, «вакно ў Эўропу» глядзелася асабліва маляўніча.

Дзверы пакоя мелі матавае шкло і адчыняліся ўсярэдзіну. Выхад у пад'езд вартаваў, седзячы на пыльнай антрэсолі, памаранчавы плюшавы сабачка. Я выйшаў на лесвічную пляцоўку і націснуў гузік званка. Сабачка заскакаў і зайшоўся вясёлым брэхам. Дзверы зачыняліся на ланцужок і на тры замкі. Я падумаў, што гэта занадта, і наважыў карыстацца двума. У сумешчанай з туалетам ваннай нічога прыкметнага, апрача вялікага павука, не сустрэлася.

Усё, што я пішу зараз, можа здацца занудліва-неістотным, але я адчуваю неабходнасць зафіксаваць гэтыя дробязі, бо неўзабаве літаральна кожная з іх набудзе велізарную значнасць.

Канец вечара быў далёка, і я прыступіў да больш блізкага знаёмства з пакінутымі аматарам Шапэна рэчамі.

У сценнай шафе пры ложку ляжалі дзве коўдры і дзве падушкі. На ніжняй паліцы стаяў прэзентаваны прайгравальнік. Падбор кружэлак выглядаў досыць страката: Вівальдзі, сярэднявечная лютневая музыка, «The Beatles», санаты Чурлёніса, «Песняры» і два маленькія дыскі дзіцячых казак. Запісаў Шапэна насуперак чаканню не аказалася.

У дадатак да мапы і гадзінніка ў кватэры прысутнічала яшчэ адна рэч з прэтэнзіяй на арыгінальнасць. Паміж дзвярыма і кніжнымі паліцамі месціўся акаваны меддзю куфар, зроблены, відавочна, не вясковым майстрам, а гарадскім імітатарам, якому не хапіла густу, і ён прымалаціў на пярэдні бок пяць медных літараў: SEZAM. (Светлыя драпіны на фарбаванай драўлянай падлозе, якія сведчылі, што гэтую частку абсталюнку - і няраз - падцягвалі да дзвярэй, я заўважу значна пазней.)

Куфар быў пад самае вечка наладаваны розным жалеззем і інструментамі, паўзверх якіх ляжала вераўчаная турыстычная лесвіца з кіпцямі-зачэпамі. З выгляду яна наўрад паспела паўдзельнічаць у сур'ёзных падарожжах. Пакруціўшы знаходку ў руках, я змеціў заводскую налепку з даўжынёю - 10 м і механічна адзначыў, што гэтага якраз хапае, каб спусціцца па сцяне з майго трэцяга паверха.

Пакінуўшы ў спакоі куфар, я заняўся кнігамі. Перад сном заманулася пачытаць, і я зняў з паліцы лімонавы том Акутагавы Руноске. Паміж старонак «Жыцця ідыёта» знайшоўся лісток з вучнёўскага сшытка ў кратку. Дзіцячая рука фламастэрам намалявала на ім пяціпавярховік з жаночым тварам у вакне трэцяга паверха. Малюнак не меў у сабе нічога незвычайнага, а вось надпіс мяне збянтэжыў і нават трохі занепакоіў.

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

НЕ МОЖА

Словы, дзе хавалася трывога, а мо і роспач, належалі відавочна не дзіцёнку, хоць і былі напісаныя буйнымі друкаванымі літарамі, што тоўпіліся і, як сляпыя, натыкаліся адна на адну. Так мог пісаць чалавек на моцным падпітку альбо ў скрайняй расхваляванасці.

Тут, безумоўна, таілася нейкая загадка, і яе бударажлівае адчуванне абяцала пераўтварыцца ў сюжэт, а потым у навелу.

Паляжаўшы колькі хвілінаў у цемры, я павярнуўся да сцяны-мапы і ўключыў падсветку. На жоўта-зялёнай прасторы хутка ўдалося знайсці Парыж, а за ім - Лондан і Стакгольм. Дом аддзяляла ад вуліцы такая адлегласць, што шум транспарту сюды не далятаў. Чорныя кропкі з назвамі эўрапейскіх сталіцаў зрушыліся з месца і закружыліся ў карагодзе. Я дрымотна націснуў клавішу на панелі і, засынаючы, паспеў усцешана падумаць, якія ціхія вечары чакаюць мяне наперадзе.

Другі камплект ключоў спатрэбіўся нашмат раней, чым я меркаваў.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 32
  • 33
  • 34
  • 35
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: