Вход/Регистрация
Рэквіем для бензапілы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Павячэраўшы філіжанкаю кавы з лусцікам, я зазбіраўся на шпацыр. Вечар вярнуў учарашняму здарэнню загадкавую значнасць, у выніку чаго зборы адрозніваліся ад звычайных. Найперш я наглуха зачыніў фортку, потым стаў пасярод пакоя і пастараўся запомніць дакладнае размяшчэнне попелкі, масянжовага Шывы, раскладзеных на стале кніг і старонак рукапісу. Дзверы былі, як і, нанач, зачыненыя на ўсе тры замкі, а кішэню джынсаў прыемна адцягваў падараваны Наташай паляўнічы нож у скураной похве.

Маршрут руху таксама быў удакладнены. Былыя могілкі з іх слаба асветленымі ваколіцамі выглядалі для позняга шпацыру месцам даволі спрэчным, затое адтуль я добра бачыў свой дом і вакно ў тарцы на трэцім паверсе, якое пакінуў з паднятаю шторай, каб адразу заўважыць святло.

Такім чынам я бадзяўся па колішніх лютэранскіх кладах, дзе нейкім дзівам ацалеў адзін перакулены і абымшэлы надмагільны камень, і час ад часу са зручных кропак кідаў позірк на дом. Кожны раз у такі момант ува мне торгалася нейкая струна і злёгку пераціналася дыханне. Аднак маё вакно нязменна заставалася адзіным цёмным прастакутнікам у сваёй вертыкалі, і хвілінаў праз сорак, настройваючы сябе на іранічны лад, я рушыў дамоў.

Жнівень лічыў астатнія дні, і пад нагамі ўжо трапляліся першыя кляновыя лісты. Узбегла на памяць мая юначая навела, чый герой пісаў каханай прызнанні на залацістых кляновых лісцях. Ягоным правобразам быў сам аўтар, што пражыў з тых часоў два дзесяцігоддзі і больш ніколі не пісаў такіх лістоў, хоць два ці тры разы яшчэ бываў закаханы і некалі -толькі ў іншым горадзе - вось так блукаў увечары па парку і чакаў, пакуль у суседнім доме загарыцца вакно, святло якога прынясе радасць, што будзе хвалямі нарастаць на лесвічных маршах, каб дасягнуць найвышэйшай адзнакі перад знаёмымі дзвярыма, за якімі гучыць ціхая музыка і чакаюць гарачыя прагныя вусны. Таму закаханаму наканавана было стаць прататыпам чалавека, што сёння глядзеў на іншае вакно і чакаў калі не радасці, дык хоць спакою ад таго, што яно застанецца цёмным, а за дзвярыма сустрэне цішыня.

Музыку я пачуў на пляцоўцы другога паверха. Гэта быў прэлюд № 15, з якога, як я ўжо казаў, пачынаўся другі бок купленай напярэдадні кружэлкі. «Кропелькі» гучалі мацней і выразней, чым учора.

Ногі зрабіліся чужымі, як бывае ад высокае тэмпературы, але загаду падняцца яшчэ на адзін паверх паслухаліся. «Вочка» ў дзвярах заставалася цёмным, ды за імі безумоўна хтосьці быў. Я зняможана прыхінуўся да лесвічных парэнчаў і паспрабаваў засяродзіцца.

Мелодыя скончылася. Цяпер павінен быў загучаць адметны змрочным каларытам прэлюд № 16, аднак замест яго пасля кароткай пярэрвы зноў зазвінелі «кропелькі». Я выняў нож, праверыў, ці лёгка ён выходзіць з похвы, і, трымаючы зброю ў левай руцэ, правую падняў да званка.

У тое самае імгненне ў кватэры прачнуўся тэлефон. Пакуль ён з доўгай настойлівасцю паўтараў званкі, сэрца паспела зрабіць падарожжа па ўсім целе. Званкі заціхлі адначасова з фінальнымі акордамі прэлюдыі.

З таго боку дзвярэй запала глухая вусціш. «Вочка» па-ранейшаму было цёмнае, але не існавала ніякай гарантыі, што адтуль хтосьці затоена не глядзіць на мяне, таксама сціскаючы ў руцэ нож альбо нешта больш надзейнае. Нядаўні намер націснуць на гузік званка падаўся мне неабачлівым. Бегчы да тэлефона-аўтамата, каб выклікаць міліцыю, значыла дазволіць майму госцю без праблемаў падмазаць пяты. Я чамусьці быў перакананы, што музыку Шапэна слухаў менавіта госць, а не госці.

Выйсце падказаў грукат з размешчанай насупроць Лёневай кватэры. Сусед штосьці майстраваў у калідоры і, на шчасце, быў адносна цвярозы. Яшчэ больш дарэчным падаўся малаток у ягонай руцэ. Я экспромтам папрасіў паглядзець зламаны вентылятар і, не даючы Лёню пакінуць дома малаток, падштурхнуў яго да сваіх дзвярэй. Левую руку я апусціў у кішэню з нажом, правая занялася ключамі. Трэба сказаць, левая чулася спакайней. Лёня зазначыў, што яму хапае аднаго замка і па-філасофску дадаў, што, вядома, калі б іх было, як у мяне, тры, ён, можа, і не жыў бы цяпер адзін, бо жонка з капітанам далёкага плавання зачыніліся б як след і не дазволілі застукаць іх проста ў ложку. Ён меў права гаварыць, што хоча, абы трымаў малаток і быў гатовы па маёй камандзе пусціць яго ў ход.

Калідор сустрэў нас пустатой, пакой і кухня - таксама; вокны і форткі былі зачыненыя, дзверы на абедзвюх шафах - зашчэпленыя звонкі, але нос пачуў пах ментолавага дыму яшчэ раней, чым вока запрыкмеціла на фоне вакна свежы струменьчык дыму. Няпрошаны візітант мог хавацца толькі ў ваннай.

– Лёня!
– крыкнуў я, выхопліваючы нож.
– У ваннай хтосьці есць! За мной!

Уключальнік быў у калідоры. Я тыцнуў у яго пальцам і рвануў дзверы.

З абодвух кранаў капала, а бачок над унітазам сумаваў па сантэхніку.

– Ну ты даеш...
– пахітаў галавою Лёня.

Я адкруціў сіні кран, вымыў слізкія ад поту рукі і, набіраючы ваду ў прыгаршчы, астудзіў твар. Затым павольна выцер яго ручніком і напіўся. Наколькі магчыма, я адцягваў вяртанне ў пакой, бо ведаў, што там мяне чакае, прынамсі, адно, не лічачы дыму, непрыемнае адкрыццё.

Адкрыццяў аказалася болей.

Разгорнутая кніга на пісьмовым стале кінулася ў вочы яшчэ ў ліхаманцы ўварвання. Адыходзячы, усе кнігі я пакінуў закрытымі.

Рэвізія іншых кантрольных рэчаў выклікала неадольнае жаданне плюнуць на заплачаныя наперад грошы і заўтра ж з'ехаць з гэтай кватэры, каб забыць і перастаўленага з трэцяй на чацвёртую паліцу індыйскага бажка (на ранейшым месцы застаўся акуратны незапылены квадрацік), і бязладна ператасаваныя старонкі рукапісу, і - найперш - чортаву фізіяномію папяльнічкі з напоўненымі попелам вачніцамі.

Лёня адрамантаваў вентылятар і лашчыў позіркамі выстаўленую на стол пляшку каньяку. Я няроўна наскрыляў паляўнічым нажом лімон і наліў адразу па палове шклянкі. Усе тлумачэнні і спадзяванні, якімі я сябе закалыхваў, дазвання развеяліся, адкрыўшы голую праўду: хтосьці з невядомым намерам пранікае ў маю кватэру.

Без вялікай ахвоты развітаўшыся з суседам, я зварыў сабе кавы. Зайсці госць мог праз дзверы, але якім чынам яму ўдалося сёння непрыкметна выслізнуць, калі вокны былі зачыненыя з сярэдзіны? Заставаліся сцены, падлога і столь.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 36
  • 37
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: