Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Я сеў.
– Ты фарбуеш вусны?
– Не разумею...
– Надышла мая чарга разгубіцца.
– Тады адкажы, што гэта такое?
Яна выбрала некалькі недакуркаў, паклала іх на далонь і, як бы нечага баючыся, наблізілася да мяне.
Гэта былі пяць ці шэсць скураных ледзьве напалову або адразу патушаных цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn» з трыма тонкімі - параю залатых і пасярэдзіне іх зялёным - абадкамі, каля якіх густа пунсавелі сляды памады.
Я адчуў поўную бездапаможнасць.
– Зараз я табе ўсё растлумачу...
Я памкнуўся злавіць Наташу за руку, ліхаманкава вырашаючы, з чаго пачаць - з Шапэна, з ментолавага паху, з ценяў за дзвярыма?
– і да карэньчыкаў валасоў ненавідзячы сябе за тое, што маўчаў пра гэта раней.
Наташа вырвала руку і спяшаючыся, рыўкамі апраналася.
– Не трэба мяне праводзіць!
– выкрыкнула яна ў калідоры.
Мы ішлі пад касымі струменямі дажджу, і я гаварыў пра яе голас, пра тое, што ў мяне нікога, апроч яе, няма, што ў панядзелак буду чакаць яе званка, але ўвесь гэты час мяне не адпускала сцішнаватая думка аб тым, што ці хто чакае мяне дома.
«Прэлюдыю ў кропельках» я пачуў на другім паверсе.
Каб паставіць побач з пляшкай каньяку не адзін, а два кілішкі, мне не хапіла зусім мала. Шыва ляжаў на стале ў такой паставе, нібы яго толькі што разглядвалі і ўжо не мелі часу вярнуць на паліцу. Выключыць прайгравальнік паспелі, але ў попелцы дымела непатушаная цыгарэта. Усё сведчыла, што кватэру пакінулі за некалькі секунд да майго прыходу, не выключана, што ў той момант, калі я ўстаўляў у замочную шчыліну ключ.
Цяпер я быў канчаткова перакананы: гэта былі не госці і не госць, а - госця.
Так, яна безумоўна была жанчынаю, прычым маладой, аб чым казалі не столькі яркая памада на цыгарэтавых фільтрах і ўпершыню дамяшаны да ментолавага дыму тонкі водар дарагой парфумы, як прысутнасць у паветры чагосьці істотнейшага за самыя вытанчаныя духі. Паспрабую канкрэтызаваць... У паветры, у саміх яго малекулах, была, як пасля імклівай летняй навальніцы, разлітая непаўторна лёгкая азонавая свежасць.
Я зрабіў добры глыток каньяку і пацікавіўся ў бажка, чыя рука трымала яго пяць хвілінаў таму. Шыва зразумеў нявымаўленае ўголас пытанне і паказаў рачынымі вачамі на лімонавы том Акутагавы.
Сумневы развеяліся: на дзіцячым малюнку было маё вакно.
ГЭТА НЕ МОЖА
БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА
НЕ МОЖА
– крычалі буйныя літары-крывулі.
Я піў каньяк, курыў цыгарэту за цыгарэтай і, не п'янеючы, адчуваў, што скупа адпушчаная мне перадышка скончылася: трэба рыхтавацца да нечага новага і не распускаць нервы, як мой невядомы папярэднік, чыя дрыготкая рука вывела гэтыя сем роспачных слоў і, відаць невыпадкова, знайшла для іх схоўку ў «Жыцці ідыёта»...
Пасля паўночы я ўладкаваўся ў ложку так, каб, прачнуўшыся, бачыць матавыя дзверы, патушыў верхняе святло і, пакінуўшы падсветку геаграфічнай мапы, заплюшчыў вочы.
Як ні дзіўна, ноч выпала спакойная.
Я непрабудна праспаў да раніцы, каб зноў адчуць у пакоі ўжо знаёмую азонавую свежасць. У адрозненне ад вечара ў паветры не плавала ні пасмаў ментолавага дыму, ні струменьчыкаў парфумавых пахаў - адны фітанцыдныя ручаінкі азону, як быццам ад мяне хвіліну назад пайшла юная жанчына.
Я закрыў вочы і намогся ўспомніць, што мне снілася.
Спробу напаткала амаль поўная няўдача. На апушчаных павеках не ўспыхнула ніякага звязнага сюжэта. Але рэшткі сну, яго ледзьве ўлоўныя срэбныя валаконцы, яшчэ захоўвала само цела. Невыразныя, ужо засмужаныя ранішняй рэчаіснасцю адчуванні, прабіваючыся на ўзровень вобразаў, спрабавалі сказаць мне пра цёплыя ласкавыя рукі і хуткія, падобныя да матыльковых дотыкаў, пацалункі. Мая істота ведала: гэтыя базважкія дотыкі мелі працяг, але ён ужо губляўся ў непрагляднай салодкай смузе...
Знешне тая субота не была адметная нічым, апрача таго, штл Лёня напіўся да божай моцы і, пакаціўшыся па лесвіцы, зламаў руку. Я ж - зусім не ў сувязі з гэтым - даў сабе слова не піць нічога мацнейшага за віно.
Свой унутраны стан я акрэсліў бы словам «чаканне». «Штосьці павінна вырашыцца», - цвыркалі на абляцелым ясені пад маім вакном вераб'і. «Вырашыцца...» - падпявалі водаправодныя краны. І нават бязмоўны насценны гадзіннік па-свойму нагадваў пра гэта, бо ў чаргаванні яго зялёных лічбаў знікла абыякавая манатоннасць і завялася затоенасць.