Уладзімір Арлоў
Шрифт:
НЕ МОЖА
Коўдра зберагла цеплыню нашых целаў. Каб хутчэй заснуць, я хацеў скарыстацца, як і ўчора, паслугамі двайніка, але ўрэшце выбраў звыклы, неаднаразова правераны з вясны сродак: выклікаў у памяці Наташу, павярнуў яе да сябе цёплай спінкаю і моцна абняў пад пашкі.
Раніцою я прачнуўся ў накураным пакоі з пачуццём падрыхтаванасці да самага неспадзяванага. З гэтага і пачаўся адлік дзён, якія я ўмоўна назваў перыядам эксперыментаў.
Эксперыменты - часам з досыць значнымі перапынкамі - доўжыліся ад спалення візітоўкі майго гаспадара да першага сну, які яшчэ не стаў сапраўдным падарожжам.
Але не буду спяшацца, як не мае права нічога прапускаць чалавек, што вядзе бартавы журнал, калі карабель адхіліўся ад курсу і яго чакаюць альбо адкрыццё новых земляў і трыумф вяртання, альбо гібель і забыццё.
Так, эксперыменты пачаліся пасля спалення візітоўкі з тэлефонам і адрасам гаспадара. Я ўспрыняў гэта як сімвалічны акт, закліканы пацвердзіць маю рашучасць - калісьці з такой самай змрочнай слодыччу я расклаў ва ўніверсітэцкім скверы маленькае вогнішча з лістоў аднакурсніцы.
Вы памыляецеся, калі мяркуеце, што ў аснове маіх дзеянняў ляжаў нейкі грунтоўна распрацаваны лагічны план. Я зыходзіў з таго, што ў алагічных умовах любая сістэма непазбежна дасць збой, а таму трэба разлічваць на імправізацыю. Карацей кажучы, я заняў кругавую абарону і, намацваючы ў праціўніка слабое месца, ладзіў вылазкі адразу на ўсіх напрамках.
Пра некаторыя з доследаў я ўспамінаю са з'едлівай усмешкаю. Ну, напрыклад, пра белыя з зялёным паскам пачкі цыгарэтаў «Ріеrе Саrdіn», якія я - то нераспячатаныя, то знарок пачатыя - пакідаў, адыходзячы з дому, дзе-небудзь навідавоку, як бы запрашаючы пачаставацца. Яшчэ наіўнейшым было нацягванне ў пакоі і ў калідорчыку нітак. Зрэшты, трэба зазначыць, што і ніткі, і цыгарэты заўжды заставаліся нечапаныя, што ніяк не ўплывала на з'яўленне ці адсутнасць у кватэры ментолавага паху. Пачак быў непачаты і тады, як я знайшоў свежы недакурак.
Папярэднія радкі могуць павеяць на вас легкаважнасцю, ды такое ўражанне будзе бясконца далёкае ад рэчаіснасці. Дастаткова сказаць, што я пачаў курыць. Гэта мела, праўда, і чыста практычны сэнс, бо, каб пазбыцца наслання з пахамі, я курыў толькі ментолавыя цыгарэты. Я ўступіў у гульню, але не ведаў ні яе правілаў, ні ставак, хоць увесь час адчуваў, што стаўкі будуць высокія.
Паўтараю, я дзейнічаў непаслядоўна і навобмацак, аднак цяпер, калі дагарае кастрычнік, эксперыменты паддаюцца сістэматызацыі.
Першую іх групу я ўмоўна назаву тэлефоннай. Наогул, тэлефон паводзіў сябе бездакорна. Не лічачы пары памылковых званкоў, ён гаварыў выключна грудным, з лёгкім прыдыханнем Наташыным голасам. Мая сяброўка ні аб чым не здагадвалася, а дзякуючы майму курэнню не мела падставаў і для звязаных з ментолавым пахам падазрэнняў. Прызнаюся, што я пачуваўся досыць самазадаволена: я жадаў яе і, не зважаючы ні на што, рытуал нашых спатканняў не зазнаў аніякіх зменаў - ад дзвюх неадменных пляшак да выбару маршрутаў на падсветленай мапе Эўропы. Божа мой, якое гэта цяпер мае значэнне... Безумоўна, нельга было абмяжоўвацца адным назіраннем за тэлефонам. Я рэгулярна набіраў свой нумар з аўтамата ў час праходак. Кватэра адказвала доўгімі гудкамі. Часам чуліся кароткія, ды гэта нічога не значыла, бо тэлефон быў спараны з суседскім і, калі там размаўлялі, на маім працаваў блакіратар. Разоў колькі я накручваў дыск тэлефона-аўтамата ў пэўных камбінацыях: адлічваў дзесяць доўгіх сігналаў, якім адпавядала роўна столькі ж званкоў майго белага апарата на куфры, вешаў трубку, зноў набіраў нумар і адлічваў яшчэ дзевяць, наступным разам - восем, затым - сем... Я пасылаў свайму верагоднаму госцю сігнал: падазраваю, што ты ў мяне, чаму б табе не адгукнуцца... Вынік заўсёды быў аднолькавы.
На куфры я прыціснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такім зместам: хто б вы ні былі, прашу папярэджваць пра візіты загадзя, каб у нас не ўзнікала двухсэнсоўных сітуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталі і - пакінулі без адказу.
Гэтаксама безуважна госці паставіліся да «забытых» на стале запасных ключоў.
Нічога новага не паведаміў замаскаваны сярод кнігаў мініяцюрны магнітафон.
Найбольш казыталі нервы эксперыменты з дзвярным «вочкам». Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо ідучы праводзіць Наташу, я не выключаў у калідорчыку святла, а вярнуўшыся, націскаў на гузік званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнік абзываўся насцярожана-вінаватым брэхам, а я, міжволі сцяўшыся, да болю ўваччу ўтаропліваўся ў «вочка», пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калі б хтосьці выключыў святло або прынік да «вочка» з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла ні разу.
Перад сном я таксама карыстаўся паслугамі «вочка», але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазіцыі. Накінуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да «вочка» і аглядаў зведзеныя лінзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседніх кватэраў, пляцоўку і край лесвічнага марша. Там было пуста, аднак колькі разоў у мяне ўзнікала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважліва, як я, у той самы момант хтосьці глядзіць на мяне ў сваё «вочка», быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калі давяраць чуццю, мой контрназіральнік знаходзіўся ў мяне за спінай. Перамагаючы страх, я рэзка азіраўся і са змрочнай іроніяй казаў сам сабе: «Мой дом - мая фартэца».
Самую значную групу эксперыментаў складалі звязаныя з прайгравальнікам. Адсюль цягнулася тонкая нітачка хоць да нейкага тлумачэння сітуацыі, закладнікам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялізаваўся ў пакоі, калі я купіў кружэлку Шапэна.
Я правёў з прайгравальнікам сотні разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруціў кожны з маіх дыскаў; паставіўшы Шапэна, выходзіў з дому і раптоўна вяртаўся; пераносіў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнікам, у ванную... Не сказаў бы, што ў выніку я істотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцілася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнікаў у кватэры толькі пры гучанні прэлюда № 15. Разам з тым пад перазвон «кропелек» дым мог і не з'явіцца - наўпроставай залежнасці доследы не выявілі. Іншая рэч, што пад час астатніх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.