Вход/Регистрация
Рэквіем для бензапілы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

З нажом у правай руцэ і бажком у левай я стаяў перад дзвярыма, фізічна адчуваючы, як хтосьці стаіць за матавым шклом. Дзверы адчыняліся з калідора ў пакой, значыцца, той хтосьці меў яўную перавагу, бо мог са сваёй цемры напасці раптоўна. Я ведаў, што ў такіх выпадках развагі адно нашкодзяць, а таму з ваяўнічым крыкам «А-а-а!» таргануў дзверы на сябе і вылецеў у цёмны калідор...

Мой нож увайшоў у пустату. Кухоннае вакно сцераглі ўсе шпінгалеты, а дзверы на лесвічную пляцоўку апрача замкоў ахоўваў сталёвы ланцужок. Тое, што з дапамогаю хітрамудрай прылады ланцужок можна скінуць, уваходзячы ў кватэру, хоць і з цяжкасцю, але дапускалася, аднак магчымасць накінуць яго, выходзячы ў пад'езд, выглядала цалкам нерэальнай. Тым не менш хтосьці пабываў не толькі ў калідоры і ў кухні, але і ў пакоі: не перавандравала ж аднарогая чортава галава з кніжнай паліцы на лядоўню сваім ходам, загрузіўшыся па дарозе попелам ад некалькіх цыгарэтаў, што напоўнілі кухню насычаным пахам ментолавага дыму.

Праўда, я здзіўлена адзначыў, што пах, пры ўсёй таемнасці свайго з'яўлення, дзейнічаў на мяне супакойліва, бо ўпарта не хацеў асацыявацца з кім-небудзь накшталт наёмных забойцаў. Я хутчэй паверыў бы, што цыгарэту курыла жанчына...

Якая жанчына? Што ўмее праходзіць праз сцены?..

Наліваючы каньяк, я падумаў, што, калі гэта не скончыцца, я маю рэальныя шанцы спіцца. Захацелася зірнуць на сябе на пачатку гэтага рызыкоўнага шляху, і я падышоў да авальнага люстра над куфрам. На першы погляд, нічога асаблівага ў маім абліччы не заўважалася. Сівая пасма на правай скроні магла, дапусцім, з'явіцца раней. І ўсё ж узнікла адчуванне, што ў гэтым рослым чалавеку ў зялёнай начной піжаме прысутнічае новая якасць... Нацадзіўшы трэцюю порцыю каньяку, я адшукаў адказ: чалавек у люстэрку меў большае падабенства не з пісьменнікам, а з яго персанажам.

Гэтае назіранне нечакана прыйшлося мне даспадобы. Ёсць такая псіхалагічная гульня-рэкамендацыя: у цяжкай сітуацыі трэба ўявіць, што дзейнічаць зараз будзеце не вы, а створаны вашай фантазіяй чалавек, з якім вы - каб захаваць дыстанцыю для кіравання двайніком - атаясамляеце сябе толькі да пэўнай мяжы.

Я загадаў свайму двайніку класціся і іранічна сачыў, як ён хавае пад падушку нож. Мы з дублёрам выпілі аднолькавую колькасць каньяку, аднак я быў прыкметна цверазейшы і даў яму каманду перакласці падушку на процілеглы край ложка, каб трымаць дзверы ў сектары агляду.

Ён лёг, нейкі час пазіраў у цемры на бялёсую шкліну, а потым, дзякуючы спіртному і нескладанай гульні, праваліўся ў сон. Гэтым разам насамрэч праваліўся: сон быў глыбокі і глухі, быццам падарожжа ў закінутых сутарэннях, дзе не мільгане ні сонечнага промня, ні агеньчыка і нават не чуваць, як падаюць са скляпенняў кроплі.

І раптам уладная сіла падхапіла мяне і, пранесшы праз немаведама колькі паверхаў, апусціла на ложак у пакоі, дзе пахла цыгарэтным дымам.

Нож быў выхаплены з-пад падушкі ў той самы момант, а мо і раней, чым я ўбачыў за дзвярыма туманлівы цень.

Цень памарудзіў і растаў у калідорным мораку.

Далей я дзейнічаў, як робат: першым чынам кінуўся да куфра і адным махам падцягнуў яго ўсутыч да дзвярэй. У наступнае імгненне я заўважыў, што ў пакоі ўжо гарыць святло і абедзве мае рукі ўзброеныя.

– Хто ты? І што табе трэба?
– гучна сказаў я да матавага шкла, здрыгануўшыся ад гукаў уласнага голасу.

Дзверы маўчалі. Злева, з таямнічай прасторы люстра на мяне касавурыўся чалавек з паляўнічым нажом і схопленай за галаву індыйскай стодкай. Нас зноў зрабілася двое, і сціснутая ўва мне да ўпору спружына злёгку аслабла. Калі не лічыць палахліва прашмыгнулага па ліштэўцы прусака, дзверы не выяўлялі ніякіх прыкметаў небяспекі.

Вочы прымагніціла падлога. Адтуль, дзе стаяў куфар, па брунатных масніцах пралеглі да дзвярэй свежыя драпіны. Тут не было нічога звышнатуральнага, і я не адразу сцяміў, чаму не магу адвесці ад іх позірк.

Не, вочы не падманвалі: па фарбаваных дошках у тым самым накірунку, да дзвярэй, ішла цэлая дарожка старых слядоў. Куфар перацягвалі сюды і раней!

Цяпер я зразумеў прызначэнне вераўчанае лесвіцы. Замацаваўшы яе металёвыя лапы, можна спусціцца з вакна на дол. Вось адкуль узяліся тыя глыбокія ўмяціны на падваконні!..

Памылкі быць не магло: я не першы, каго завабілі ў гэтую пастку!

Адчуўшы поўную нервовую знясіленасць, я ўзгадаў, што ў аптэчцы ёсць снатворнае.

Першай заўтрашняй вястункаю рэальнасці сталася думка пра вар'яцтва. У ёй было мала ўтульнага, але меўся і станоўчы момант: усе здарэнні атрымлівалі тлумачэнне, а мне заставаўся паход да псіхіятра.

Але, ледзьве звесіўшы з ложка ногі, я мусіў паставіць на гэтым варыянце крыж, бо ні драпіны на маснічынах, ні яшчэ красамоўнейшыя сляды жалезных лапаў на падваконні і не думалі знікаць.

Дык кім жа быў гаспадар кватэры? Ахвяраю тутэйшай д'ябальшчыны? Яе сцэнарыстам ці рэжысёрам? У нашай сакавіцкай размове я выкопваў доказы на карысць і першай, і другой версіяў. Прычым адзін і той жа аргумент, у залежнасці ад ракурсу, і там, і тут выглядаў пераканаўчым. Напрыклад, рэакцыя на лядоўню. Жах, які няма змогі схаваць? А мо чалавек з нервовым тварам і ранняй сівізной па-акторску прафесійна ўжыўся ў ролю?

Я адшукаў візітоўку з яго тэлефонам. Ахвяра ці паляўнічы, у любым выпадку ён паводзіў сябе несумленна, і набіраць ягоны нумар было ніжэй маёй годнасці. Апрача таго, затэлефанаваць значыла б прызнацца ў сваім страху, магчыма, падараваць яму радасць. Паміж маімі разважаннямі прыткнулася і падазрэнне, што ні такога нумара, ні чалавека з такім імем проста не існуе.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 38
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: