Вход/Регистрация
Рэквіем для бензапілы
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

Вярнуць куфар на месца ў параўнанні з імклівым начным манеўрам аказалася значна цяжэй. Перад тым як адчыніць дзверы, я паслухаў прастору за іх ненадзейным бар'ерам. Шостае пачуццё падказвала, што зараз пагрозы няма. Я прыслухаўся да самога сябе і ўзяўся, куток за кутком, вычышчаць павучынне начнога страху.

За каваю зноў прыгадаўся гаспадар кватэры з яго худзізною і бязглуздымі, як тады здавалася, пытаннямі, што цяпер набылі злавесны цёмны сэнс. Шапэн і прайгравальнік безумоўна былі не апошнімі звёнамі гэтага ланцуга таямніцаў.

Шапэн, музычная крама, прэлюд № 15... У густой смузе бліснуў вогнік. Я выйшаў з кухні і ўважліва паглядзеў на прайгравальнік. У душы змагаліся два аднолькава моцныя жаданні: першае - паставіць «прэлюдыю кропелек» і другое - неадкладна занесці апарат з кружэлкаю ў камісіёнку ці, яшчэ прасцей, пакінуць яго дзе-небудзь на паркавай лавачцы.

Як вы здагадаліся, я выбраў першае.

У тую хвіліну я паабяцаў сабе, што не дазволю страху захапіць уладу, і зрабіў першы крок насустрач... Мне хацелася напісаць «насустрач Ёй», аднак тут гэта будзе занадта рана і не скажа вам ні на драбок болей за папярэднюю фразу.

Я проста зрабіў крок да прайгравальніка, падняў празрыстую пластыкавую накрыўку і, паставіўшы дыск, апусціў іголку.

З маленства, калі гэта адбывалася яшчэ чыста інстынктыўна, я слухаў класічную музыку менавіта так: апусціўшы павекі і трошкі прыціснуўшы іх вялікімі пальцамі сашчэпленых рук. Такая пастава, пэўна, здзіўляла маіх суседзяў у канцэртных залах, але мне, аматару, які не атрымаў музычнае адукацыі, заўсёды дапамагала авалодаць мелодыяй і напоўніць яе асацыяцыямі і вобразамі, што ўзнікалі на экране ўнутранага зроку.

Вобразы прыходзілі самыя розныя. Парк з палацавым ансамблем у духу палотнаў Барысава-Мусатава і Бакста... Крыгі на восеньскай рацэ... Сонечны ўзлесак з чырвонымі пацеркамі суніцаў...

Таката і фуга рэ мінор Баха нязменна выклікалі на гэтым экране старыя ліпавыя прысады і закрыты экіпаж, з якога выходзіць маладая жанчына ў бэзавай сукенцы. У далечы прысадаў з'яўляецца мужчынская постаць. Яны ідуць, потым бягуць насустрач адно аднаму, жанчына апынаецца ў яго на руках, ён кружыць яе пад вячыстымі дрэвамі, але на ўсёй радасці гэтых дваіх ляжыць пячатка нязбытнага трагізму.

Накцюрнавыя інтанацыі прэлюда № 15 прыносілі мне, можа, не самыя арыгінальныя вобразы і гукі вясёлага плачу вясновых ледзяшоў. Нягледзячы на нервовую наструненасць, так здарылася і цяпер. Кропелькі дазвінелі, і іголка ўзнавіла першыя акорды прэлюда № 16.

Вось тады, па-ранейшаму седзячы з заплюшчанымі вачыма, я і пачуў пах ментолавых цыгарэтаў. Я гатовы быў прысягнуць, што ніякіх старонніх гукаў, апроч музыкі, увесь гэты час у пакоі не было: не адчыняліся дзверы з лесвіцы, не рыпела маснічына перад уваходам у пакой, не чыркалі запалкі і не пстрыкала запальнічка...

Я, не варушачыся, падняў павекі. Над пісьмовым сталом мудрагеліста перапляталіся дзве блакітныя пасмы дыму.

Так я высветліў сувязь ментолавага паху і музыкі Шапэна.

Дзеля чысціні эксперымента я яшчэ двойчы ўключаў прайгравальнік, ставячы прэлюды, а потым - «Led Zерреlіn». У першым выпадку струменьчыкі дыму павіслі ў тым самым месцы, над сталом, узнікнуўшы - я не заплюшчваў вачэй - як быццам ніадкуль. На «Led Zерреlіn» рэакцыі не было.

Напісанае трохі раней слова «эксперымент» тут уяўляецца перадчасным. Перыяд эксперыментаў ляжаў наперадзе. А тады я рашуча і назаўсёды адпрэчыў жаданне тэрмінова з'ехаць з кватэры, махнуўшы рукой на аплачаныя і непражытыя паўгода. Я думаў ужо не столькі пра неабходнасць супроцьстаяння страху, як пра свой абавязак літаратара, які сутыкнуўся з невядомым.

Калі ва ўмоўлены час зазваніў тэлефон, я зусім спакойна пагаварыў з Наташаю і выйшаў купіць дзве традыцыйныя пляшкі чырвонага віна.

Была, я ўжо казаў, пятніца, таму Наташа не паглядала на гадзіннік і мы змаглі заняцца любоўю другі, а потым і трэці раз, запіўшы яго глытком каньяку, бо віно ўжо скончылася.

Калі я вярнуўся з тралейбуснага прыпынку, мяне не сустрэлі ні музыка, ні ментолавы пах, ні попел у чортавых вачніцах, і я нават пасмяяўся з версіі, паводле якой госці гіпнатызавалі мяне каля дзвярэй і такім чынам прымудраліся шмыгануць у пад'езд.

Ложак захоўваў Наташыны пахі. Усё падводзіла да думкі, што непасрэдна майму жыццю ніхто не пагражае. Я падміргнуў Шыву, які стаяў на звычайным месцы, і зняў з паліцы том Акутагавы, той самы, што гартаў тут у першы вечар. Складзены ў дзве столкі лісток вучнёўскага сшытка з дзіцячым малюнкам жаночага твару ў вакне ляжаў, як і раней, паміж старонак «Жыцця ідыёта». Я разгарнуў яго і задуменна перачытаў надпіс:

ГЭТА НЕ МОЖА

БОЛЬШ ПРАЦЯГВАЦЦА

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 39
  • 40
  • 41
  • 42
  • 43
  • 44
  • 45
  • 46
  • 47
  • 48
  • 49
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: