Уладзімір Арлоў
ПАРОМ ПРАЗЬ ЛЯ-МАНШ
Вершы
Спроба завершанага жыцьцяпісу
Прыйшоў на сьвет
у год Зьмяі
паводле ўсходняга календара
і ў год сьмерці Сталіна
паводле календара савецкага,
пад знакам Дзевы,
у радзільні
насупроць Сафійскага сабору
у Полацку;
быў таемна ахрышчаны
праваслаўным папом,
якога схапіў за бараду
і не адпускаў,
пакуль не паказалі
салодкага пеўніка на палачцы;
узброіўшыся сьвечкай
і клубком бабуліных нітак,
у няпоўныя сем гадоў
выправіўся на пошукі лёхаў,
што ў часы Сьцяпана Батуры
злучалі
гарадзкія манастыры й храмы;
з тае пары
так і бадзяюся
па замурованых лябірынтах,
шукаючы
Полацкі летапіс,
крыж Эўфрасіньні
і сумнеўную славу;
памру ўлетку,
калі споўніцца
тысяча гадоў
князю Ўсяславу Чарадзею;
буду пахаваны
на полацкіх могілках
сьвятога Ксавэрыя
па грэка-каталіцкім абрадзе;
хтосьці пакладзе
на цёплую зямлю
букецік валошак
і тры гвазьдзікі
вядомых колераў;
у беларускім тэксьце
на помніку
згодна з нацыянальнай традыцыяй
будзе зробленая
артаграфічная памылка.
Паром празь Ля-Манш
Я так і думаў:
тут амаль ніхто
(калі не лічыць мяне)
не гаворыць па-беларуску,
але,
каб ты была са мною,
гэты дробны недахоп
імгненна ператварыўся б
у велізарную перавагу, бо
ў гушчыні палюбнай публікі
мы маглі б гаварыць пра нашы пачуцьці,
не саромеючыся самага патаемнага
(ты ведаеш, якія вострыя адчуваньні
могуць падараваць проста словы),
за выняткам таго,
што нельга казаць нават шэптам у ложку —
пагатоў, мы з табою схільныя да прымхаў і
часта стукаем тры разы па дрэве.
Наш карабель
(па-тутэйшаму — ferry, альбо boat-ship)
гайдае ўсё мацней, і ўжо ёсьць
першыя ахвяры марское хваробы.
(Дзякуй богу, што я —
з банальнай прычыны
адсутнасьці фунтаў —
не нажлукціўся піва
ў карабельным бары.)
Манэтаў у кішэнях
яшчэ хапіла б на званок табе,
толькі я ўспомніў пра розьніцу ў часе.
(Цікава, хто пражыў гэтыя дзьве гадзіны
замест мяне?)
Порт Ramsgate
выдае з мора на шыкоўныя дэкарацыі
да фільму «Каханка францускага лейтэнанта»
паводле раману жыхара гэтае выспы Дж. Фаўлза.
Я не казаў табе, што
білет у Ramsgate
(разам з сваім тэлефонам)
дала мне ў Менску дзяўчына
зь зялёнымі, як сёньняшні Ля-Манш, вачыма,
якую я ахвотна