Уладзімір Арлоў
Шрифт:
але
ў тваіх антрацытавых вачах
люструецца іншы жыцьцяпіс,
дзе кожны сюжэт
слухае ўтрапёных цыкадаў,
душна пахнучы лявандаю.
Цар Мінас
не прапускае ніводнага хітона
(твой — не выключэньне).
Царыца Пасыфая
(O tempora, o mores!)
закахалася ў белага быка.
Дэдал
заняў пасаду
прыдворнага мастака й дойліда.
Гэта ён
пакінуў твой птушыны профіль
колеру лесавога мёду
на сонечных скавышах
заблытаных палацавых пераходаў, якія —
шэпчуцца прыдворныя —
могуць завесьці неабачлівага чалавека
ў той час, дзе ён яшчэ не нарадзіўся,
або ў той, дзе яго ўжо няма.
Гэта ён
збудаваў Лябірынт,
але сьпярша
зрабіў сваёй гаспадыні
драўляную карову, дзе,
трапяткая ад юру, яна чакала
пасланага Пасэйдонам
рагатага каханка.
(Іхняга знакамітага сынулю
на экзамэне з гісторыі старажытнай Грэцыі
мой аднакурсьнік назаве Дзіказаўрам;
старэнькі прафэсар
дзівам пазьбегне інфаркту.)
Ты таксама ведаеш, што такое чаканьне —
ад карэньчыкаў валасоў
да вільготнае наквеці, якую
бессаромныя Дэдалавы вусны
ператваралі ў кветку шыпшыны
з нашых гіпэрбарэйскіх раздарожжаў
з разбуранымі капліцамі
ў сьціплым аздабленьні піжмы і крываўніку.
Шчасьце доўжылася
цэлых пяць начэй —
пяць цяжкіх амфараў бурштынавага віна,
пяць зорных пылінак Касіяпэі,
пяць усьмешак той,
што нарадзілася з марской пены, —
пакуль Дэдал
ня даў парады Арыядне,
якую няўдзячны Тэсэй
пакіне на гарачых камянях выспы,
дзе пасьля любоўных гульняў
грэюцца нэрэіды.
Цар Мінас
кінуў твайго каханка ў вязьніцу
(ганарар за драўляную карову
плюс ідэя з клубком нітак),
куды ты пакрыёма носіш яму
(ці не пазбавілі яго багі розуму?)
шарыкі воску і птушынае пер’е.
Яшчэ наперадзе
Траянская вайна,
бітва на Нямізе,
вынаходзтва трамвая і
трагічная сьмерць сіняга пеўніка,
якога зьесьць на вячэру твой муж,
і потым
ты асуджана прымеш порцыю
звыклых, як краявід за вакном, пяшчотаў,
а цела будзе ціха сьпяваць пра таго,
каму ты носіш васковыя шарыкі
зь пер’ем крыцкіх лебедзяў.
Я выйду на тваім прыпынку,
паднясу табе торбачку зь пеўнікам
у жалобным вянку з салатавых лісьцяў,
прыцішана прамоўлю на адвітаньне:
Бывай, парыжанка з Кносу,
і атрымаю ў адказ
спалоханы позірк,
якім не глядзяць на вар’ятаў.
* Пад такой назваю вядома фрэскавая выява маладой жанчыны (XVI ст. да н. э.) з Кноскага палацу на Крыце.
Твае імёны
Я забываю словы.
Словы забываюць мяне.
Мы сустракаемся на белым аркушы,