Уладзімір Арлоў
Шрифт:
запрасіў бы павячэраць удваіх,
калі б на сьвеце не было
цябе.
За прыбярэжнымі кулісамі
рыхтуецца да выхаду мытнік
з шэксьпіраўскім імем Рычард,
які дзякуючы рудой барадзе
прыме мяне за хлапца
з Ірляндзкай Рэспубліканскай Арміі.
Але ўсё скончыцца памысна,
калі не лічыць спазьненьня на вакзал «Victoria»,
дзе ўчора ірляндцы
мімаходзь апусьцілі ў сьметніцы
чарговую партыю бомбаў,
замаскаваных пад порцыі плямбіру,
каб два чалавекі
ўжо ніколі не змаглі трапіць у Эўропу,
а яшчэ адзін
здолеў бы наведаць яе
ў камфартабэльным вазку для бязногіх.
Усё скончыцца памысна:
я хутка прывыкну да левабаковага руху
(урэшце, гэта пустая фармальнасьць,
бо ўсе мы, згадзіся,
рухаемся ў адным кірунку,
хоць часам нам з табою ўдаецца
рухацца насустрач адно аднаму
і нават сустракацца);
у тэрарыстаў будуць велікодныя вакацыі;
я пакажу, як прайсьці на Holden Road
пажылой мурынцы з Вэст-Індыі, і за гэта
мяне нязлосна цапне за нагу
пародзісты брытанскі сабака
невядомае мне пароды;
голуб з Trafalgar Square
на знак асаблівага даверу
пакіне белы кружок
на маім зялёным швэдры
(у Менску
адзін абазнаны габрэй скажа, што
апрача зялёнага швэдра ў мяне зялёная аўра;
я не прамінаў бы падзяліцца гэтымі зьвесткамі
зь зеленавокай менскай касіркай —
калі б на сьвеце не было цябе),
і калі я зноў падымуся на boat-ship,
Англія здасца мне
ўтульным зялёным хутарам,
дзе можна было б затрымацца яшчэ на тыдзень,
каб там больш гаварылі па-беларуску,
прынамсі — ты.
Сустрэчныя
Хто гэты стары,
што спрабуе разьлічыцца за віно
старадаўнімі манэтамі
зь сьцёртымі профілямі?
Хто гэтая жанчына,
што чытае ў мэтро ліст,
напісаны маім почыркам?
Хто гэтае дзіця,
што бесклапотна напявае
імёны маёй каханай,
вядомыя
толькі ёй і мне?
Парыжанка з Кносу*
Парыжанка з Кносу,
ты едзеш у менскім трамваі № 6
з крыжыкам на язычніцкай шыі,
у суправаджэньні сіняга пеўніка,
які не пасьпеў зрабіцца мужчынам.
Каб прыдумаць табе біяграфію
(у грамадзкім транспарце
я баўлюся такімі бяскрыўднымі гульнямі),
дастаткова трох дрогкіх прыпынкаў.
Ты чамусьці працуеш архітэктарам,
начальнік называе цябе
танканогай карыятыдаю,
маючы наконт ножак зь цёплага мармуру
далёкасяжныя пляны.
Ты скардзісься каханку,
які, адрозна ад начальніка,
ад самае вясны не дарыў табе кветак
і не прыдумаў нічога лепшага,
як зваць цябе марцоваю коткай.
(Мужу на начальніка ня скардзяцца.
Мужу гатуюць на вячэру сіняга пеўніка.)
Усё гэта да позеху трывіяльна,