Уладзімір Арлоў
Шрифт:
Меланхалічна выцадзіўшы ў Джона Ячменнага Зярнятка пару шклянак партвейну, Бугор любіў пафіласофнічаць. «Запомні, Вовік, - вучыў ён, - старасць - гэта калі ўсе маладыя сікухі здаюцца прыгожымі». Развіваючы тэму, ён грубавата разважаў, што жанчыны дзеляцца на тых, якія могуць табе даць, і тых, якія ніколі не дадуць, а таму і першых, і другіх (гэтых - каб адпомсціць) трэба як мага часцей ставіць у нязвыклыя сітуацыі, каб выбіць з каляіны.
Трэба адзначыць, што, нягледзячы на тэарэтычную падкаванасць, жыццё ў Мішы склалася якраз насуперак ягоным прынцыпам.
Пакінуўшы талінскую шхуну-рэстаран, ён прыехаў неяк увосень на сваю дзедзіну над Вяллёй і пайшоў у такі круты загул, што, прачнуўшыся аднойчы раніцой, здзіўлена ўбачыў на падушцы побач з сабою галаву дзеўчынёхі-аднавяскоўкі. Міша асцярожліва выбраўся з-пад коўдры і надзеў нагавіцы, каб ісці дахаты, ды дзяўчына расплюшчыла вочы і растлумачыла, што нікуды ісці не трэба, бо гэта і ёсць ягоная хата, а яны ўжо муж і жонка: учора ў сельсавеце іх распісалі, а вяселле зробяць, як Міша прывязе з плавання грошы.
З таго дня Мішава жыццё пакацілася па куп'і ды выбоінах. У Таліне яго канчаткова спісалі на бераг, неспадзяваная жонка нарадзіла крыклівага дзіцёнка і вымагала грошай, а цешча пагражала аддаць пад суд за тунеядства, бо да сялянскае працы Бугор з яго марскім характарам быў прыстасаваны, як кашалот да дрыгвянай сажалкі.
У выніку пералічаных маласпрыяльных абставін Міша рэгулярна, прыкладна раз на месяц, уцякаў з-пад Вілейкі ва Ўладзівасток. Па дарозе ён заяўляўся ў наш студэнцкі інтэрнат да брата і запрашаў нас у рэстаран старога гатэля «Беларусь».
Тым вечарам з гаваркім, поўным жыццёвае мудрасці Мішам не было б цаны, каб не адна акалічнасць: ён ніколі не меў грошай, каб разлічыцца, і мы выкладвалі свае стыпендыйныя рублі і траячкі, беручы з яго за гэта слова, што ва Ўладзівасток ён паедзе наступнага разу, а заўтра ўранні сядзе на маладзечанскую электрычку.
Чарговымі ўцёкамі ад жонкі сталася Мішава з'яўленне ў шэрагах будатрада «Victoria», дзе ён і атрымаў сваю мянушку, што прырасла да колішняга марака, быццам скура.
Дык вось, на Дзень будаўніка Бугру разам з Толем Раслінскім захацелася свята ад самага ранку. Толік меў план, паводле якога спярша трэба было падпаіць нашага земляка Жэню Шаньяна з Асіповічаў, што быў шафёрам і «хімічыў» за смертазабойчую аварыю. Не ўважаючы на нашы слабыя пратэсты, байцы Гарэлік і Раслінскі ўзброіліся двума фугасамі партвейну і рушылі ў свабодны пошук, дакляраваўшы сустрэцца з намі на тэрасе, дзе хімік Жэня напоіць усіх упокат.
Апоўдні тройца выпівакаў матлянулася пад нашымі вокнамі. Прысадзісты карчавіты Міша ішоў яшчэ роўна, але ступаў асцярожліва, нібы па кладцы. Толік у адной руцэ нёс пляцёнку з трыма фугасамі і чамусьці баксёрскія пальчаткі, а другой падтрымліваў румянашчокага мацака Жэню. «Когда мы придем к власти, - крычаў Раслінскі тугаватаму на вуха хіміку, - ты будешь министром финансов!» Жэня сціскаў у кулаку сіні жмутак пяцёрак, і засталося незразумелым: ці Толевы словы ўжо былі пахвалою, ці толькі заахвочвалі жыхара Асіповічаў да шчодрасці.
Калі мы выцягнулі прызапашаную з нагоды свята скрынку «777-га» на ганак і, маляўніча размясціўшыся на ёй і вакол, закурылі ў чаканні сваіх сябровак, над «хімкомплексам» раптам падзьмуў сіверкі вецер трывогі. На дарозе з боку пасёлка паказалася кладаўшчыца Панцялееўна, чыя постаць больш за ўсё існае нагадвала вялікую капусную бочку, да якой знізу, зверху і з бакоў сяк-так прымайстраваныя яшчэ пяць бочачак. Панцялееўна пыліла неяк наўздзіў зварушліва і здалёк крычала, каб мы хаваліся. Узяць у розум, што прычынілася, удалося толькі тады, як бочка з пяццю бочачкамі дакацілася да самага ганка.
Кладаўшчыца з булькатаннем у грудзіне прахрыпела, што хімікі паддалі і ідуць ад крамы нас рэзаць.
Землячок Жэня, мабыць, не расціснуў кулака з пяцёркамі, і Толік Раслінскі, нацягнуўшы баксёрскія пальчаткі, збіў няздатнага прэтэндэнта на партфель міністра фінансаў на горкі яблык. Нашы жлукты недзе зашыліся, а хімікі вось-вось будуць тут. Каля школы іх спрабаваў угамаваць настаўнік Сацук, ды адзін малады хімік выцягнуў лязо і намаляваў гэтаму Сацуку на лбе пяціканцовую зорачку.
«Ховайтесь... вашу мать!» - лямантавала Панцялееўна. І без яе застрашлівага крыку было зразумела, што справы швах. Генік кінуўся па стрэльбу. Чарніловіч схапіў манціроўку, я выцягнуў з заплечніка ёмкую турыстычную сякерку, а руды Лявон, ён жа Джон Галяк, быццам штукар зайца, дастаў з запазухі паважную фінку. «Домой!» - раўнуў ён на сваю адбітую ў начальніка будупраўлення Святланку і на іншых амазонак. Аднак тыя нечакана цвёрда адмовіліся, і мы эгаістычна пачуліся трохі весялей. Больш таго, нашы рэдкія шыхты неспадзеўкі папоўніла расчырванела-ваяўнічая татарка Аміна з дубальтовым шротнікам.
Маленькая Віка прыўзнялася на дыбачкі і аддана прашаптала мне, што ў яе ёсць з сабою аптэчка.
«Идуть! Убивцы!» - нема заверашчала нашая дабрадзейка Панцялееўна, паказваючы на дарогу, і пакацілася па сцежцы ў тайгу.
Хімікі ішлі пагрозліва няспешна. «Дваццаць тры», - падлічыў, узводзячы куркі, шляхетна спакойны Генік.
Разам з мужнымі дочкамі сібірскае зямлі нас было дзевяць плюс дзве стрэльбы. Дзяўчатам, каб іхні выгляд залішне не натхняў гасцей, мы загадалі схавацца ў салуне ў Джона Ячменнага Зярнятка, забяспечыўшы іх дзеля смеласці пляшкай «777-га».