Вход/Регистрация
Сланы Ганібала
вернуться

Уладзімір Арлоў

Шрифт:

У дзьверы настойліва стукаюць. Мэдсястрычка ўважліва правярае вынікі тваёй працы. Ты стаіш перад ёю, як Актэон перад Дыянай-Артэмідай, што ператварыла антычнага паляўнічага ў аленя. Сухія, цёплыя і ўпэўненыя пальцы сястрычкі таксама выклікаюць у тваіх паголеных органах пэўныя пераўтварэньні...

«А цяпер — на клізму!» — задаволена кажа Дыяна.

Пад ветразем прасьцінкі

Ліфт, на якім цябе, ужо абсалютна голага, адно прыкрытага прасьцінкай, падымаюць на апэрацыйны паверх, нараджае самыя нечаканыя мэтафары.

Лежачы на апэрацыйным стале, ловіш сябе на тым, што нават тут пах сьвежай бялізны ўсё роўна выклікае ў целе лёгкае прыемнае хваляваньне. У складках прасьцінкі тоіцца непаўторны эдэмскі халадок, настоены адначасна і на цнатлівых успамінах маленства, і на грэшных прыгадках сталасьці. Ты сьціскаеш краі прасьцінкі зьмерзлымі пальцам, на хвілю заплюшчваеш вочы, і табе мроіцца, што гэта — ветразь. Ён прывез цябе зь нябыту ў жыцьцё, а некалі яго напоўніць іншы вецер і вы адплывяце ў новы нябыт.

Наступная думка афарбаваная іншымі эмоцыямі: а чым ты празь пяць хвілінаў будзеш прынцыпова адрозьнівацца ад тых, што ўжо адплылі? Бадай адно надзетымі на ногі бахілкамі, якія нескладана будзе зьняць. Далей — яшчэ больш цікава: лезе ў голаў знаёмы апазыцыянэр абласнога маштабу, які пакутуе ад язвы, але ўпарта не кладзецца на апэрацыю, перакананы, што ў такім разе яго неадменна напаткае лёс зарэзанага сталінскімі эскуляпамі таварыша Фрунзэ.

Убачыўшы хірурга, ты ўздрыгваеш. Верагодна, такі самы засяроджаны твар быў у апошняга доктара, якога бачыў у сваім гераічным жыцьці тав. Фрунзэ. Тым часам хірург, зь якім цябе толькі ўчора пазнаёмілі, кладзе на тваё безабароннае калена важкую руку ў апэрацыйнай пальчатцы й пытаецца, як правільна пісаць слова «змаганьне» — зь мяккім знакам ці без. Анэстэзіёляг пачынае даваць наркоз, часу на тлумачэньне праблемы двух правапісаў ужо няма, і перад тым як цябе агорнуць цёмныя хвалі няпамяці, ты адно пасьпяваеш наіўна падумаць, што, калі ня вернесься, калі прачнесься ў іншым вымярэньні, твая справа тут не загіне, бо галоўнага ў краіне спэцыяліста ў лазэрнай хірургіі займаюць пытаньні беларускай артаграфіі.

Крылы мацнеюць у палёце

У наркозе ты, быццам тапелец, выгодна ляжыш на глыбокім дне і да цябе з усіх бакоў паўзуць перлавіцы ды цягнуцца смарагдавыя «русалчыны косы» — каб атуліць, аплесьці, уладкаваць яшчэ прытульней. Ды зьнячэўку ў твой зацішак, дзе ўпершыню за некалькі гадоў нічога не баліць, аднекуль з страшэннае далечыні далятае слабы голас: «Як вас завуць?»

Чаму некага абыходзіць, як цябе завуць? Тут табе добра і без імя. А раптам, узгадаўшы імя, ты падкажаш болю, дзе цябе шукаць, і ён зноў учэпіцца ў тваю плоць усімі кіпцюрамі і кіпцікамі?

Але далёкі голас не пакідае цябе — набліжаеца, набрыньвае нецярплівасьцю: «Як вас завуць?!» Ты разумееш, што голас адтуль, зьверху, належыць жанчыне, і, можа, якраз гэтая акалічнасьць змушае цябе ўспомніць.

Голас ужо ня просіць, а патрабуе. Табе яшчэ хочацца застацца там, дзе не баліць, аднак «русалчыны косы» нябыту, не раўнуючы — зямныя нячысьцікі ад ранішняга сьпеву пеўня, увачавідкі слабеюць. Бездапаможна адвальваюцца й паўзуць прэч перлавіцы, што пачалі былі зручна ўладкоўвацца на тваім целе…

Жанчына кліча, хоча ведаць тваё імя, і ты — дзеля яе — спрабуеш вымавіць яго: У-ла… На большае не стае змогі, але краёчкам памяці ўзгадваеш, што так — проста Ўла — называе цябе сябар. Ды жанчына, відаць, ня ведае гэтага, і ты варушыш непаслухмянымі вуснамі: «У-ла-дзі-мер». Кожны склад — бы прыступка скінутай у тваё прадоньне лесьвіцы, па якой ты караскаесься ўгору. «Яшчэ раз!» — вымагае жанчына. «Уладзімер», — паўтараеш ты, ужо адчуваючы цеплыню ейнае рукі. Жанчына — у зялёным халаце, але гэтае зяленіва не такое, як там, на дне. Яно сонечнае, як і рыжыя валасы, што выбіваюцца з-пад зялёнага каптурыка.

Жанчына калісьці выштурхнула цябе зь неіснаваньня. Цяпер, зь няпамяці, цябе таксама вярнула жанчына, якая тваім імем зьвязала нітачку, што лучыць зь сьвядомасьцю. Гэтае просьценькае разважаньне зьнясільвае цябе, і ты засынаеш.

У сьне ты ўжо ведаеш, як цябе клічуць. Час ад часу ты прахопліваесься, і кожнае новае засынаньне ўсё спакайнейшае. Мо таму, што і тут, у працягах твайго сну, нязьменна прысутнічае жанчына, падобная на дарослую дзяўчынку. Яна то ідзе вуліцаю насустрач і ўсьміхаецца табе шчасьлівай усьмешкаю ад вуха да вуха, то нахіляецца да цябе і хутка кранае вуснамі лоб — нібы на яго палахліва апускаецца і ўзьлятае мятлушка.

Нарэшце сон канчаткова набывае цьвярозую сьветлыню й празрыстасьць. Па падвоканьні лапоча дождж, а ты валяесься ў вялізным утульным ложку з жанчынаю-дзяўчынкай, што сустракала цябе на вуліцы ўсьмешкаю да вушэй, і робіш зь ёю тое, што жадаецца табе і чаго прагнецца ёй, і расказваеш ёй, што ты зь ёю робіш у гэтую хвіліну і што будзеш рабіць пасьля, і просіш яе таксама расказваць пра тое, чым вы займаецеся, расказваць, называючы рэчы сваімі імёнамі. І яна, спачатку бянтэжачыся, згаджаецца і гаворыць гарачым духмяным (табе хочацца сказаць — ліпеньскім) шэптам, знаходзячы свае словы — невымоўна пяшчотныя і неверагодна грубыя, якія нараджаюць новую хвалю пяшчоты, што конча выносіць цябе на бераг рэчаіснасьці.

  • Читать дальше
  • 1
  • ...
  • 107
  • 108
  • 109
  • 110
  • 111
  • 112
  • 113
  • 114
  • 115
  • 116
  • 117
  • ...

Ебукер (ebooker) – онлайн-библиотека на русском языке. Книги доступны онлайн, без утомительной регистрации. Огромный выбор и удобный дизайн, позволяющий читать без проблем. Добавляйте сайт в закладки! Все произведения загружаются пользователями: если считаете, что ваши авторские права нарушены – используйте форму обратной связи.

Полезные ссылки

  • Моя полка

Контакты

  • chitat.ebooker@gmail.com

Подпишитесь на рассылку: